Уборку даўгунцу ўскладняе надвор’е
Як расказаў нам дырэктар Коханаўскага льнозавода Мікалай Рудзянок, уборку льну сёлета даводзіцца весці ў надзвычай складаных умовах. Лён на большасці плошчаў не толькі палажыла на зямлю, але і моцна пакруціла. Калі дакладна, такіх плошчаў больш за 70 працэнтаў, а ўсяго гэтая культура размешчана ў раёне на 800 гектарах. 500 гектараў з іх ужо ўбраныя. Астатнія 300 гектараў пакінутыя для даспявання льносемені і збору насеннага матэрыялу на будучы год.
— Не абышлося, — удакладняе Мікалай Уладзіміравіч, — без палегліцы і на іх. Літаральна выразаем камбайнамі гэтыя астраўкі, бо шкада вырашчанае загубіць. 5 жніўня пачалі прасаваць трасту. Ураджай у цэлым добры. Траста на цёплай зямлі і пад дажджамі атрымала нармальную вылежку…
Жыць даводзіцца адначасова і клопатам пра будучы ўраджай. Землі пад лён заводу выдзеленыя. Патрабуецца іх уважліва агледзець, каб прыняць правільнае рашэнне па апра-цоўцы кожнага з палеткаў гліфасатаўтрымліваючымі прэпаратамі.
Людзей не хапае, і гэта адбіваецца на павышанай нагрузцы на кожным з працуючых. Яны разумеюць ускладзеную на іх адказнасць, шчыруюць у полі з поўнай самааддачай.
Віктар МІКАЛАЕЎ.
Фота belarus.by