Будучы інтэрнат ДБУ-63 ужо цяпер прыемна ўражвае знешнім выглядам
Інтэрнат для работнікаў ДБУ-63, да ўвядзення якога ў эксплуатацыю застаецца, відавочна, зусім няшмат, прыемна ўражвае свежым выглядам і арыгінальнаю планіроўкаю. Нешаблонная форма будынка (аддалена нагадвае літару “п“, калі глядзець зверху), двухскатны дах і такія ж навесы над пад’ездамі надаюць яму мастацкую вытанчанасць, светлыя колеры знешняй аддзелкі настройваюць на аптымістычны лад.
Будынак пачаў узводзіцца вясною і літаральна рос на вачах. Работы вяліся нават у выхадныя дні, на аб’екце працавала тэхніка як самога ДБУ-63, так і іншых арганізацый, пастаянна прыязджалі і ад’язджалі аўтамабілі і аўтобусы з мясцовымі, а таксама мінскімі і магілёўскімі нумарамі. Тэрыторыя адразу была абнесена металічнаю сеткаю, устаноўлены эканамічныя светладыёдныя ліхтары.
Пасля ўзвядзення будынка праведзена знешняя цеплаізаляцыя сцен (нанясенне цеплаізаляцыйнага матэрыялу, тынкаванне, фарбаванне), дзякуючы чаму жыхары вуглавых памяшканняў, хутчэй за ўсё, не будуць ведаць, што такое сырасць, плесня і прамярзанне вуглоў зімою. На балконах устаноўлены рассоўныя рамы (з мэтаю эканоміі месца фортка адчыняецца ўздоўж рамы, накшталт дзвярэй у купэ цягніка).
Словам, дом будаваўся хутка, якасна і з выкарыстаннем сучасных, перадавых тэхналогій. Такой інтэнсіўнай і зладжанай работы па ўзвядзенні шматкватэрнага жылля даўно ўжо не даводзілася назіраць на будаўнічых аб’ектах раёна.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Будучы інтэрнат ДБУ-63 ужо цяпер прыемна ўражвае знешнім выглядам,
ДБУ-63 Вiншуем, Жыве Беларусь!
Віват! Слава беларускім будаўнікам і дарожнікам! Жыве Беларусь!!!