Твае людзі, Талачыншчына: чалавек і творца Юрый Палякоў

30 сентября 2016 13:45

У кватэры Юрыя Віктаравіча сваё размеранае жыццё разам з гаспадаром вядуць і яго работы. Яны — усюды. І сустракаюць цябе ўжо з парога. Ты абстрагуешся ўжо ад таго, што і кухня не кухня, і прыхожая не прыхожая. Гэта прастора, дзе ўсё ў карцінах і скульптурах. Для кожнай сваё месца, і кожная як водгулле часу, падзей у яго асабістым і творчым жыцці.

Юрый вядзе нязмушаную гутарку, свой шчыры ўспамін, але разам з тым зрок улоўлівае, выхопліваючы розныя фрагменты, нешта сваё, неабходнае для душы. Засяроджваецца нечакана, чаруючы прос-тым і сардэчным, на малюнку ў рамачцы.

— Я зрабіў яго накід, — вядзе размову мастак, — на другім курсе інстытута. На малюнку — бацька. Неяк сядзеў у пакоі ў інтэрнаце і найшлі на мяне пачуцці, узгадаў, як аднойчы сказаў сваім родным, што мару, як і бацька, стаць шафёрам. А ён, падгледзеўшы, як я раблю копію карціны Рубенса “Святое семейство”, на той момант прамаўчаў, а тут заўважыў: “Маляваць — вось твой хлеб, сын…”

Менавіта бацькавы словы прыпынілі яго ад паспешлівага кроку, калі пасля школы разам з сябрамі вырашыў абавязкова пайсці ў тэхнікум фізічнай культуры. Футбол літаральна захопліваў яго, перапаўняў усю істоту. Але за ноч шмат паразважыў і ўжо раніцой накіраваўся не ў Віцебск, а ў Мінск.

— Я яшчэ раней, калі бачыў, як адчыняюцца і зачыняюцца дзверы ў будынак тэатральна-мастацкага інстытута, — згадвае Юрый, — уяўляў, якім было б шчасце, каб і мне давялося гэта зрабіць…

Мастак ідзе ў сваіх работах ад уражанняў з дзяцінства, маленства. Яно ў Юрыя праходзіла ў Талачыне. Кожны куточак западаў у сэрца, хваляваў. Шанцавала на людзей, якія яго разумелі, падтрымлівалі. Гэта і бацькі, настаўнікі, сябры. Яго выкладчык, выдатны мастак і педагог Анатолій Анікейчык, не стамляўся на занятках перад усімі сваімі вучнямі паўтараць: “Што б ты, Палякоў, пасля вяртання з дому ў сталіцу не прывёз са сваіх задумак і работ, усё скарб…”

Так, ён імпрэсіяніст па натуры. Настрой, мімалётнае ўражанне станавіліся вырашальнымі для яго пры вызначэнні тэмы работы. Але не горш праяўляў сябе Юрый Палякоў і пры стварэнні рэальных вобразаў, перадачы характараў. Пра гэта засведчылі ўжо справаздачныя работы студэнта — дзвюхфігурная кампазіцыя “П. Броўка і М. Танк”, “Купальшчыца” і іншыя.

Менавіта на Юрыя звярнуў увагу аднакурснік, вядомы беларускі мастак Ігар Бархаткоў, калі прапанаваў сябру і аднадумцу напісаць яго партрэт. Гэта было пасля заканчэння вучобы. Іх творчыя шляхі-сцяжыны не разыходзяцца і зараз.

Калі надышоў час развітвацца з інстытутам, Юрый не стаў шукаць цёплага месца ў сталіцы, дзе лягчэй рабіць творцу кар’еру, а ў 1984 годзе накіраваўся дадому, уладкаваўся выкладчыкам у Коханаўскую мастацкую школу. А калі паступіла прапанова парабіць у мастацкай майстэрні пад кіраўніцтвам Заіра Азгура ў Мінску, успрыняў нечаканую змену ў жыцці станоўча. У творчым, насычаным на падзеі асяродку працаваў тры гады. Яго гонарам сталі многія работы, але асаблівае месца ў гэтым радзе займае мемарыяльная дошка з гарэльефам, прысвечаная пісьменніку Уладзіміру Караткевічу. Яна размешчаная на адным з будынкаў у г. Оршы на вуліцы, якая носіць яго імя. Яшчэ дзве работы скульптара размешчаныя ў гэтым жа горадзе ў мастацкім музеі.

Сёлетнім летам Юрый Віктаравіч прымаў удзел у пленэры, які праводзіўся ў музеі-сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёве. Чарговай яго работай стала двухметровая скульптура “Купалінка”.

Тэмы сваіх работ бярэ з паўсядзённага жыцця, з рэчаіснасці, у якой жывуць і працуюць нашыя людзі, яго землякі. Яны прамаўляюць самі за сябе: “Будаўнік Яўген Боханка”, “Мікола Сазонаў з мячом”, “Міхаіл Грабоўскі забівае шайбу” (з чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску), “Перамога”, “Барацьба”, “Варатар”, “Новая сукенка”, “Ангел з васільком”, “Дарога ў Слаўнаўскую школу” і іншыя.

Сёлета ў Мінску пройдуць дзве яго персанальныя выставы — у музеі сучаснага мастацтва і ў адной з бібліятэк.

З усіх задумак важнейшай для мастака з’яўляецца здзяйсненне яго даўно выспелай мары аб устаноўцы ў родным горадзе скульптуры вядомага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, які шмат зрабіў і для развіцця нашага краю, Льва Сапегі. Варыянт работы ў дрэве ёсць. Яна выразная, характарная, глыбока раскрывае сутнасць натуры канцлера, дыпламата, разумнага палітыка і патрыёта сваёй дзяржавы Льва Іванавіча Сапегі. Застаецца перанесці яе ў даўгавечны матэрыял, знайсці сродкі на яго і за работу скульптару.

— Я задаволены, — падсумоўвае Юрый Палякоў, — тым, што зрабіў. І яшчэ хочацца рабіць. Ногі хворыя, цяжка хадзіць, але пра дрэннае і горшае не жадаю і думаць. Настрой атрымліваю праз працу, яна і лечыць. Галоўнае — рухацца, працаваць над новым і дапрацоўваць тое, што было ў свой час незавершанае, недапрацаванае. Лічыў важным расціць сваіх вучняў, а на творчасць не хапала часу.

Цяпер ён ёсць у мастака, Юрый Віктаравіч зноў апантаны любімай працай, стаўшай сэнсам яго жыцця і творчасці.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +2 (from 2 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене