Творчыя здабыткі: дзякуючы намаганням настаўніцы Коханаўскай сярэдняй школы Жанны Берасняковай тут ажылі беларускія традыцыі
На пачатку 2009 года cпецыялісты ЮНЕСКА склалі атлас “Мовы свету ў небяспецы”, куды трапіла і беларуская мова, якая апынулася пад пагрозай поўнага знікнення. Усведамляць гэта непрыемна, але ж на самай справе для большасцi вучняў беларускiх школ авалоданне роднай мовай можна параўнаць з вывучэннем замежнай.
Сёння настаўнiкi беларускай мовы i лiтаратуры з болем у сэрцы назiраюць, як нашы дзеткi з задавальненнем вывучаюць запатрабаваную ў сучасным грамадстве англiйскую мову i з якiм непаразуменнем школьнiкi ставяцца да беларускай. Гэтыя абставіны натхнілі настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Коханаўская сярэдняй школы Жанну Леанідаўну Бераснякову на актыўную дзейнасць па выхаваннi любовi i пашаны да беларускага слова ў вучняў. І ў рускамоўнай школе ў Коханаве загучала беларуская гаворка, ажылі беларускія традыцыі.
З гэтага часу і штогод 21 лютага ў навучальнай установе адзначаецца свята — Міжнародны дзень беларускай мовы. Традыцыйна ў гэты дзень школа аздабляецца самымi рознымi беларускiмi словамi, зваротамі, выказваннямі вядомых людзей пра мову.
Вучнi апранаюцца ў беларускiя касцюмы, на перапынках праводзіцца кiрмаш, дзе ўсе могуць набыць разнастайныя пачастункi, сувенiры, падрыхтаваныя навучэнцамi. Тут жа ладзяцца гульнi i танцы, гучаць беларускiя песнi.
На ўроках школьнiкаў i педагогаў чакаюць сюрпрызы — уваходзяць нечаканыя артысты і дэманструюць тэатральную мiнiяцюру на роднай мове, цi завітваюць на дзесяцiхвiлiнную сустрэчу мясцовыя паэты, якiя чытаюць кранаючыя радкi на мове Коласа i Купалы.
Як паведаміла Жанна Леанідаўна, папулярызацыя роднай мовы ў школе рэалiзуецца i такiмi сродкамi, як паэзiя. Творчую кагорту настаўнiкаў узначальвае дырэктар школы Мiхаiл Мiхайлавiч Татарановiч, таленавiты носьбiт прыгожага паэтычнага слова.
Сустрэчы з паэтамi Талачыншчыны, правядзенне паэтычнай гасцёўнi натхнiлі вучняў да стварэння асабiстых твораў на роднай мове. Гэта прывяло да выдання цэлага паэтычнага зборнiка вершаў “З-пад крылаў Коханаўскай школы”.
Сваімі творчымі здабыткамі настаўніца шчыра дзеліцца з калегамі. Як паведаміла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Рыма Кімаўна Франуза, Ж. Л. Бераснякова ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры , дае майстар-класы для педагогаў, падрыхтавала пераможцаў раённага і абласнога этапаў алімпіяды, сваім вопытам дзеліцца праз “Настаўніцкую газету”.
Ноу-хау яе метадычнай дзейнасці стала стварэнне блога ў інтэрнэце “Педагагічная майстэрня”, які з’яўляецца інавацыйным у адукацыі Беларусі. У блогу Жанна Бераснякова збірае па кроплях свой вопыт і вопыт педагогаў раёна па ўдасканаленні якасці навучання беларускай мове і літаратуры.
Яе дзейнасць зрабіла настаўніцу вядомай у вобласці: у гэтым годзе Жанна Леанідаўна была назначана членам журы на III абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў.
А ішла яна да гэтага творчага алімпу 23 гады. Родам з Докшыцкага раёна, закончыла педагагічны інстытут імя М. Танка. Лёс закінуў на коханаўскую зямлю. З таго часу настаўніца плённа працуе на адукацыйнай ніве і праслаўляе нашу талачынскую зямлю.
Асноўнай мэтай сваёй дзейнасці лічыць удасканаленне працэсу аволадання вучнямі беларускай мовай. Даносіць да іх свядомасці, што мы — беларусы, што ў нас ёсць свая непаўторная мова, якую трэба шанаваць, любiць i прапагандаваць.
Юлія АЗОЛІНА.
Творчыя здабыткі: дзякуючы намаганням настаўніцы Коханаўскай сярэдняй школы Жанны Берасняковай тут ажылі беларускія традыцыі,