Іх бацька не вярнуўся з вайны

11 октября 2016 13:51

Васіль Нарчук і Валянціна Шудзейка — брат і сястра. У цяперашні час яны жывуць разам у Канапельчыцах, а нарадзіліся ў вёсцы Козкі колішняга Плоскаўскага сельсавета. Як і ўсім прадстаўнікам іх пакалення, Васю і Валі давялося перажыць ваеннае дзяцінства.

У Козках, успамінае Валянціна Рыгораўна, у вайну жылося адносна спакойна, у параўнанні з іншымі вёскамі было зацішна. Хаця вайна ёсць вайна і драматычных эпізодаў можна прыгадаць нямала. Васіль Рыгоравіч, напрыклад, памятае выпадак, калі здраднік паказаў немцам зямлянку ў лесе, у якой хаваліся мужчына з жанчынаю, і фашысты закідалі іх гранатамі.

У сям’і было чацвёра дзяцей, і, пачынаючы з 1941 года, гадавала іх маці адна, таму што муж пайшоў на фронт. Пайшоў і не вярнуўся. Самая малодшая дачка нарадзілася ў хуткім часе пасля яго мабілізацыі і, такім чынам, ніколі свайго бацькі не бачыла.

— Доўгі час ён лічыўся зніклым без вестак, — расказвае Васіль Рыгоравіч. — А пасля я даведаўся з адной тэлеперадачы адрас архіва ў Маскве, даслаў туды запыт і атрымаў адказ, што бацька загінуў ва Усходскім раёне Смаленскай вобласці.

У даступнай праз інтэрнэт базе Міністэрства абароны Расіі сапраўды ёсць звесткі аб тым, што ў брацкай магіле № 5 каля вёскі Пачынак Усходскага раёна Смаленскай вобласці пахаваны чырвонаармеец 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі Нарчук Рыгор Цімафеевіч, 1906 года нараджэння, прызваны Талачынскім РВК. У прыведзенай тут жа копіі спісу незваротных страт асабовага саставу значыцца, што быў ён стралком, беспартыйным, забіты ў баі 29 сакавіка 1943 года пад вёскаю Рысавы Усходскага раёна. Асоба, якая друкавала на машынцы гэты спіс, відаць, скажона ўспрыняла на слых назвы населеных пунктаў, або няправільна прачытала іх у рукапісным варыянце, і таму ў графе з месцам жыхарства байца замест Талачынскага раёна ўказаны “Тамочанский”, а замест Плоскаўскага сельсавета — “Класский” (у гутарковай мове, на бытавым узроўні, яго і сёння называюць спрошчана — “Плоскім”, а не Плоскаўскім).

Магчыма, падобная блытаніна і стала прычынаю таго, што спачатку Рыгор Нарчук лічыўся зніклым без вестак, а таксама не трапіў у кнігу “Памяць” Талачынскага раёна (да таго ж, успамінае Васіль Рыгоравіч, пэўны час у розных дакументах яшчэ назіралася блытаніна і з годам нараджэння).

Цяпер брат і сястра ўдвая старэйшыя за свайго вечна маладога бацьку. Тым не менш, страціўшы роднага чалавека ў раннім дзяцінстве, у сваім цяперашнім узросце яны яшчэ яскрава памятаюць розныя эпізоды свайго тагачаснага жыцця. Толькі гаварыць ім пра былое няпроста, расповед штораз абрываецца пасля некалькіх фраз, павісае цішыня, і размова пераходзіць на іншае.

— Перад мабілізацыяй рабіў старшынёю калгаса, — гаворыць Валянціна Рыгораўна. — Выхоўваў нас строга. Неяк мы з сяброўкаю парвалі цыбулю ў суседкі. Тая пайшла скардзіцца, дык бацькі сяброўкі саму яе аблаялі і прагналі, а мой бацька мяне адлупцаваў. Калі пачалася вайна, яго адразу забралі і адправілі, відаць, у Маскву, бо з нашай вёскі адзін чалавек распавядаў пасля, што сустракаўся там з ім, заходзіў пагутарыць з земляком. Ну, а пасля вось як атрымалася…

З цёплаю ўсмешкаю, любоўю, летуценна вядзе гаворку пра бацьку Валянціна Рыгораўна, сур’ёзна і задуменна, па-дзелавому — Васіль Рыгоравіч. Аддаўшы жыццё за іх і за ўсіх нас, за ўвесь народ, чалавек доўга заставаўся ў невядомасці, нібыта зніклы ў нябыце, але заўсёды жыў у памяці сваіх дзяцей.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене