Коханаўскі прафесійны ліцэй сельгасвытворчасці: кожны дзень у гэтых сценах адкрыцці

17 октября 2016 11:55

Да Коханаўскага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці заўжды асаблівая ўвага. Ён адзіны на Талачыншчыне, ды і ўвогуле такіх устаноў, якія рыхтуюць кадры для сяла, у нас няшмат. Можна сабе ўявіць, што было б, каб хоць якая з устаноў данага профілю не набрала навучэнцаў. Праз год-другі мы не далічыліся б дзясяткаў механізатараў, вадзіцеляў, кожны з якіх на асаблівым рахунку ўжо зараз.

У гэтым плане карысны вопыт нашага мясцовага ліцэя па прафарыентацыі на сельскагаспадарчыя прафесіі.

— Сёлета мы, — расказвае дырэктар ліцэя Рэцкі В. Г., — без усялякіх праблем зрабілі набор навучэнцаў. Усё гэта дзякуючы сістэме работы, якая склалася і спаўна сябе апраўдвае. Пачынаем яе са студзеня. Пасля сустрэч з вучнямі ў школе вызначаем іх схільнасці, інтарэсы і адразу ідзём у сям’ю. Індывідуальна з кожнай складаем гутарку, прапрацоўваем план нашых агульных дзеянняў. Ён уключае ў сябе азнаямленне з умовамі навучання, наведванне ліцэя, а на перспектыву — далейшую вучобу ў каледжах ці вну і працаўладкаванне…

Ліцэй застаецца прыцягальным для тых, хто ўсур’ёз задумваецца пра сваю будучыню. Па-першае, у грамадстве ўзрастае павага да прафтэхадукацыі, па-другое, маючы такі багаж за спінай, малады чалавек адчувае сябе надзейна на рынку працы, падрыхтаваны да паўнацэннага самастойнага жыцця.

Пра гэтае пераканальна давёў на канкрэтных прыкладах Валерый Георгіевіч: — Мы маем для падрыхтоўкі ліцэістаў парк навейшай тэхнікі. Дастаткова заўважыць, што наш ліцэй адзіны ў вобласці мае ў сваім распараджэнні самы сучасны па сваёй мадыфікацыі энерганасычаны “Беларус-3522″. Іншыя пра гэтае могуць толькі марыць. Прапанову набыць магутны, насычаны складаным абсталяваннем і прыборамі трактар, зрабіў старшыня райвыканкама Ягораў Сяргей Валер’евіч. Разам з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна мы наведалі трактарны завод, заключылі пагадненне і аформілі дакументы, зрабілі першую праплату. Яго кошт — 2,2 млрд. рублёў у старых цэнах. Два гады ўжо ён працуе і на веды ліцэістаў, і на палях сваёй падсобнай гаспадаркі і ўключаецца ў дапамогу сельгаспрадпрыемствам у адказныя моманты пасяўных і ўходных работ у раёне. За трактар ліцэй разлічваецца грашыма, якія бяруцца з выручкі рэалізаванай уласнай прадукцыі…

Уласна, выкладчыцкі калектыў ліцэя перакананы, што навучаць сваіх выхаванцаў трэба на ўзорах самага сучаснага, перадавога, каб і самім быць на ўзроўні і каб гэтаму ўзроўню адпавядалі іх выпускнікі. Гэтага накірунку тут трымаюцца прынцыпова і мэтанакіравана, кіруюцца правілам, каму патрэбны спецыяліст, якога пасля атрымання пасведчання трэба зноў вучыць ці перавучваць. Моладзь схільная да ўспрыняцця новага. Ёй уласцівая тая гнуткасць, якая дае магчымасць успрымаць яго ў тэорыі і на практыцы.

Валерый Георгіевіч з гонарам ўзгадаў Яўгена Васільева, выпускніка ліцэя 2015 года, які сёлета на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1458 тон зерня. Першы год работы — і такі поспех.

Невыпадкова на кансервавым заводзе, дзе працуе механізатарам Яўген, стаўку робяць на выпускнікоў Коханаўскага ліцэя. Давер да яго спецыялістаў з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна абгрунтаваны. Яны падрыхтаваныя дзейнічаць па сучасных тэхналогіях, валодаюць тэхнікай і сельгасмашынамі.

Дарэчы, 95 працэнтаў тых, хто навучаецца тут на вадзіцеля, здаюць экзамены з першай спробы. Такі вынік гаворыць сам за сябе. Таму з даверам ставяцца да атрымання прафесіі ў ліцэі ў Коханаве і навучэнцы, і іх бацькі.

План набору сёлета складаў 75 навучэнцаў. Гэта група з 25 чалавек на базе 9 класаў, тэрмін навучання якіх 3 гады. Яны выйдуць майстрамі сельскагаспадарчай вытворчасці, атрымаюць пасведчанні трактарыстаў-машыністаў для работы на ўсіх відах трактароў. Ім не трэба перавучвацца ні на якіх курсах. Павядуць яны пры неабходнасці камбайн — корма- і збожжаўборачны, сядуць за рычагі экскаватара. Да слова, для асваення работы на апошнім у Коханаве выдатнае сумяшчэнне — суседства ААТ “Амкадор-КЭЗ” і памяшкання, дзе размясціўся ліцэйскі клас.

Наступныя дзве групы — 50 навучэнцаў. На базе сярэдняй школы яны будуць атрымліваць спецыяльнасці вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С” і трактарыста катэгорыі “А”. Тэрмін навучання тут 10 месяцаў. Атрымаўшы катэгорыю “А” і прайшоўшы на базе ліцэя курсы перападрыхтоўкі, яны атрымаюць катэгорыі “В” і “Д” і права на кіраванне кормаўборачнымі і збожжаўборачнымі камбайнамі.

Адметнасць ліцэя ў тым, што разам з Ульскім аграрным ліцэем ён мае самыя вялікія плошчы зямлі ў сваёй вучэбнай гаспадарцы. Яна складае амаль 600 гектараў. Адсюль выснова — гэта практыка і яшчэ раз практыка, шліфоўка ўменняў, адпрацоўка навыкаў. Сёлета са сваіх плошчаў ліцэй намалаціў больш за тысячу тон збожжа. Гэта пшаніца, ячмень, авёс, жыта.

Дапаўненнем да працы на вучэбных гонях з’яўляецца вытворчая практыка. Навучальны працэс стасуецца з патрэбамі раёна ў правядзенні важнейшых кампаній года на сяле. Найбольш працяглыя тэрміны практыкі прыпадаюць на вясновую і восеньскую пару, на перыяды пасяўной і нарыхтоўкі кармоў. У жніўні-верасні — гэта адказны ўборачны цыкл. Калі заканчваюцца масавыя палявыя работы, ліцэісты заслужана ідуць на канікулы і вяртаюцца да працягу заняткаў 10 кастрычніка.

Сам гэты працэс, трэба зазначыць, шматгранны, складаны. Навучыць проста рыхтаваць ворыва, весці культывацыю глебы — гэта адзін бок справы. А вось арыентацыя на пастаўленую мэту, на заданне, з улікам закладзенай камп’ютарам праграмы, уменне адрэгуляваць камбінаваны агрэгат, вытрымаць якасныя параметры — гэта ўжо іншы яе бок.

Умелыя майстры вытворчага навучання паспяхова з гэтым спраўляюцца, ім разам з выкладчыкамі ўдаецца выводзіць навучэнцаў на патрабуемы высокі ўзровень засваення высокага патэнцыялу сучаснай тэхнікі. Што гэта складана, гаворыць той факт, што не ўсе механізатары з ліку дарослых, з вопытам работы нават і пасля навучання не спраўляюцца з рэгуліроўкамі новых плугоў і пасяўных агрэгатаў.

Важная рэч, што ў сценах ліцэя рыхтуюць ліцэістаў і да не менш важнага абавязку — да быту, да ролі быць умелымі ў справах дамашніх. Для гэтага ў інтэрнаце іх чакаюць заняткі ў розных гуртках, дзе яны навучаюцца прамудрасцям згатаваць сняданак, абед ці вячэру, рэдкасную страву, якая толькі па плячы вопытнай гаспадыні, і іншаму.

Гонарам установы і тое, што яе выпускнікі прадаўжаюць паспяховае навучанне далей. Атрымаўшы адукацыю, робяць кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі ў розных прадпрыемствах, узначальваюць раённыя аграрныя структуры, уключаючы ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама. Яны атрымліваюць той вопыт, кругагляд, якія даюць мажлівасць кіраваць на высокім узроўні і дасягаць бліскучага выніку ў сваёй дзейнасці.

Кожны год тут свая навацыя, адметны погляд у будучыню. Найперш — гэта працяг удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы навучання. Сёлета набытая мультымедыйная ўстаноўка для карыстання ў навучальным працэсе. А гэта ўжо зусім іншая яго арганізацыя, дазваляючая матываваць дзейнасць ліцэістаў, палепшыць якасць іх ведаў і кантроль за за-сваеннем праграмы.

Шмат увагі ўдзешаўленню харчавання за кошт уласнай вырошчваемай прадукцыі. На першы план у ацэнцы дзейнасці прафесіянальна-тэхнічных устаноў вобласці выходзяць такія крытэрыі, як валавая дабаўленая вартасць і платныя адукацыйныя паслугі. Коханаўскі ліцэй па гэтых паказчыках у ліку вядучых на Віцебшчыне.

Станоўча можна ацэньваць і тое, што з новага набору ліцэістаў 58 з ліку выпускнікоў школ Талачыншчыны. Гэта, лічыць кіраўнік установы, вельмі задавальняючы для іх паказчык, бо найперш яны рыхтуюць кадры для сяла раёна. Прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў краіны — Аршанскага, Круглянскага, Крупскага раёнаў і г. Горкі — з’яўляюцца яшчэ 17 навучэнцаў.

Інтэрнат запоўнены да адзінага месца. Тут захоўваюцца парадак, дысцыпліна, ідзе бесперапынны працэс выхавання маладых людзей, адаптавання іх да самастойнага жыцця. Яно па колькасці падзей, мерапрыемстваў шчыра здзіўляе, бо нядаўна пераступіўшыя парог установы сельскія хлапчукі знаходзяць у іх сваё месца, раскрываюцца нечуванымі яшчэ ўчора талентамі.

Навучаюцца тут і дзесяць дзяўчынак. Асвойваюць прафесію трактарыста. Кацярына Шалупіна закончыла летась навучанне з адзнакай і сёння робіць на экскаватарным заводзе ў Коханаве. Поспехі іх у вучобе і практычным авалоданні  будучай спецыяльнасцю не горшыя, чым у хлопцаў. А сваёй дапытлівасцю, заўзятасцю яны падаюць прыклад, як трэба адносіцца да сур’ёзнай і адказнай справы — вучобы, працы, грамадскай дзейнасці.

Не здае пазіцый ліцэй па ўдзеле ў розных конкурсах тэхнічнай творчасці. Мінімум два-тры дыпломы за першае месца ў рэспубліцы штогод папаўняюць скарбонку дасягненняў ліцэя ў тэхнічнай творчасці. Сёлетні год таксама не стаў выключэннем.

Тое, што тут фарміруюць асобу чалавека, ніякое не перабольшванне. Праз год ці тры гады вучобы не пазнаць у памужнелых, выраслых навучэнцах тых, хто прайшоў шлях напоўненага падзеямі жыцця ў ліцэі.

Змены ўражваючыя, але ім ёсць сваё тлумачэнне. Тут з любоўю і павагай адносяцца да кожнага, хто зрабіў свой выбар на карысць аграрнага ліцэя, нялёгкай і вельмі пачэснай працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Яны, як заўважыў Валерый Георгіевіч, з розных, нярэдка праблемных сем’яў, і самі ж таксама не ідэальныя, пачынаюць жыць адной моцнай сям’ёй, сябраваць, праяўляць самастойнасць і адказваць за свае ўчынкі. Менавіта з данай катэгорыі штогод 12 — 15 чалавек ідуць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, вытрымліваюць усе выпрабаванні пры паступленні. Але ж не сакрэт, што яшчэ ў школе яны былі іншымі і былі, па нейкіх абставінах, у іх праблемы і з вучобай, і з дысцыплінай.

Цікавая рэч, але дырэктар ліцэя прызнаўся, што ў апошнія гады ён ніводнага разу не выклікаў у свой кабінет навучэнцаў за нешта непрывабнае ў іх паводзінах. Яны самі шукаюць такіх сустрэч, каб нечым асабіста дарагім ці складаным падзяліцца з чалавекам, якому давяраюць.

На даверы, шчырасці, вернасці сваёй альма-матэр будуюць свае адносіны выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і іх выхаванцы. Гэта прыносіць свой плён. Коханаўскі ліцэй сёння паспяхова вырашае стаячыя перад ім задачы, забяспечвае кадрамі рабочых прафесій сяло, часткова горад, рыхтуе кадры для сябе асабіста, спецыялістаў і кіраўнікоў рознага ўзроўню. Ён умела спраўляецца са сваім прызначэннем развіваць сельгасвытворчасць, прымнажаць здабыткі ў аграрным сектары Талачынскага раёна.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене