Маіна Гляк: клопаты, праца — і ёсць сапраўднае жыццё

16 декабря 2016 14:42

75 год налічвае ўзрост Маіны Паўлаўны Гляк, якая пражывае ў вёсцы Мяшкова. У апошні час гады ўжо даюць аб сабе ведаць. Мноства лякарстваў у дамашняй аптэчцы крыху знімаюць арытмію, але ж не вылечваюць.

Літаральна перад нашай сустрэчай яна вярнулася з бальніцы ў Талачыне. Шчыра дзякавала ўрачам, іншаму медперсаналу за ўмовы, якія створаны тут, за чулыя, чалавечыя адносіны да сябе падчас лячэння. Усё разам дае палёгку, вяртае сілы і здароўе.

З ранейшай, уласцівай ёй увішнасцю расчысціла ад снегу дарожку ад веснічак да ганка, сагрэла, напаліўшы печ, хатку. Яна ўтульная, уходжаная ў кожным сваім куточку. Таму, калі нават і на двары пахмурна, ад сурвэтак, дарожак, ручнікоў, вышытых яе рукамі, усё быццам ззяе, свеціцца фарбамі іх узораў і малюнкаў.

— Гэта ўсё, — гаворыць Маіна Паўлаўна, — вынік майго захаплення ў далёкія гады, калі яшчэ ў школу бегала. Усе тады займаліся вышываннем. Паспрабавала — атрымалася і ў мяне. Вышывала ў асноўным гладдзю…

Натруджанымі далонямі гаспадыня з пяшчотай праводзіць па шырокіх шыўках — і зноў быццам вяртаецца ў той час, калі яны збіраліся бойкім кругам дзяўчат-весялух у чыёйсьці хаце і вышывалі доўгімі зімовымі начамі пры лямпе. Раніцай зробленае, як той гераіняй з казкі, паказвалі дарослым, старэйшым дзяўчатам, а яны ацэньвалі іх працу.

Маіне Паўлаўне ёсць што ўзгадаць. Яе вышыванкамі любаваліся, маладзенькую майстрыху ставілі ў прыклад іншым.

Наогул, іх вёска Разаны славілася ў ваколіцы сваімі майстрамі. Найперш ганчарамі. Сюды яшчэ на пачатку сямідзясятых год з Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук краіны даязджаў цяперашні выкладчык сталічнага педуніверсітэта дацэнт кафедры беларускай філалогіі, а тады яшчэ аспірант пры акадэмічным інстытуце Павел Аляксандравіч Міхайлаў, каб запісаць спецыфічную для гэтай вёскі ганчарную лексіку з вуснаў Пятра Пятровіча Яловіка.

Былі і свае шаўцы, краўцы, сталяры і цесляры, шорнікі, стальмахі. Амаль у кожнай хаце займаліся ткацтвам. На працадні атрымлівалі ў натураплату лянок, апрацоўвалі яго, сучылі ніткі, ткалі пакрывалы.

Займалася гэтым і іх матуля Еўдакія Рыгораўна. На ўсе рукі майстрам быў бацька Павел Пятровіч.

У сям’і Мяснікавых было дванаццаць дзяцей, таму без умельства і старых, і малых было не пражыць. Але калі ў раннім узросце пайшлі адна за одной з жыцця ўсе сем яе сястрычак, а браты, атрымаўшы адукацыю, не затрымліваліся ў бацькавай хаце, здольная, кемлівая Мая, скончыўшы сем класаў, вымушана была застацца дома.

— Яны мяне любілі, шанавалі, — прадаўжае субяседніца, — шмат дапамагалі матэрыяльна, а вось вучыцца далей ніколі не прапаноўвалі. Лічылася сярод братоў, што я павінна даглядаць бацькоў, жыць калі не ў адной, то побач з ёю вёсцы…

Шмат мужчын не прыйшло з вайны, і многае легла на жаночыя плечы. І хоць іх сям’ю гэтае ліха абмінула, давялося і Маі быць у одной запрэжцы з імі. Дзякуючы маладым, у тым ліку і жаночым, дзявочым, сілам і выжыла вёска.

Мая пасля школы пайшла працаваць на цагляны завод, што быў у суседняй вёсцы Бук, здымшчыцай цэглы. Гэта было значнай падтрымкай для сям’і. Востра спатрэбіўся яе заробак тады, калі пачалі ставіць сабе новы дом. Значна дапамог бацьку зрубіць хату старэйшы яе брат Васіль. Ён прайшоў вайну, застаўся жывы, рабіў у пасляваенны час у раёне.

Хутка зладзілася і яе сямейнае жыццё, Мая перабралася жыць з мужам Васілём Глякам, калгасным электрыкам, у Мяшкова. Пайшла з завода працаваць на ферму. 22 гады рабіла ў жывёлагадоўлі, спачатку цялятніцай, затым даяркай. Увесь час па захаванасці цялятак, па надоях была ў лідарах у гаспадарцы і раёне, атрымлівала прэміі, падзякі, іншыя ўзнагароды.

Нейкі перыяд, калі ішло актыўнае будаўніцтва ў калгасе, працавала Маіна Паўлаўна на ўзвядзенні свінафермы ў в. Чарнаручча, цялятніка і кароўніка ў вёсцы Мяшкова, жылых дамоў. Рабіла і будучы на пенсіі. Выбіралася М. П. Гляк і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

Неўпрыкмет праляцеў час. Рана пайшоў з жыцця муж, але паспелі паставіць з Васілём Міхайлавічам на ногі траіх дзяцей, даць ім адукацыю. Алена жыве з сям’ёй у Браславе, Галіна і Анатолій — у Віцебску. У іх свае сем’і, дзеці.

З клопатам пра іх жыве Маіна Паўлаўна і сёння. З разлікам, каб хапіла ўсім, вырошчвае гародніну, робіць закруткі. Дапамагаюць і яны, наведваючы матулю і бабулю, не прамінаючы шчыра заўважыць, што яе прыгатаванні ні з чым непаўторныя па якасці і смаку.

Гэта так, гаспадыня яна адмысловая. За гэтае, а яшчэ за яе абаяльнасць, спагадлівасць да людзей, сціпласць і вытрымку паважаюць Маіну Паўлаўну Гляк у вёсцы.

А яшчэ яна маладая душой, любіць жыццё. Таму заўсёды з дабрынёй да кожнага, з уласцівым яе натуры жаданнем прыйсці на дапамогу чалавеку. Гэтае і робіць яна заўжды нязмушана, нават незаўважна для іншых.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Декабрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене