Гонар і багацце Марыі Дашук — яе вялікая сям’я

30 декабря 2016 13:03

Cямідзесяцігадовы юбілей адзначыла жыхарка пасёлка Нарцызава Марыя Уладзіміраўна Дашук. Павіншаваць маці, бабулю, прабабулю сабралася ўся яе вялікая сям’я — сямёра дзяцей, дзесяць унукаў, шэсць праўнукаў. З любоўю глядзіць на іх жанчына, і сэрца яе поўніцца радасцю і гордасцю за кожнага.

Гаспадара няма ўжо васямнаццаць год. Але яна не застаецца без увагі дзяцей. Забяжыць адна, другая, трэцяя дачка або зойдуць зяці, каб дапамагчы па гаспадарцы. Агульнымі намаганнямі дзеці памянялі вокны, набылі для маці халадзільнік, устанавілі новы кацёл.

Двухпавярховы катэдж напаўняецца вясёлым гоманам, бесклапотным дзіцячым смехам, калі збіраецца ўся сям’я. На гэты раз прыехалі ўсе, нават самыя далёкія. Не раз на яе вочы набягалі слёзы ад цёплых слоў да любімай матулі, шчырых, сардэчных пажаданняў галоўнага ў яе ўзросце — добрага здароўя.

Любуецца Марыя Уладзіміраўна на прыгожых, шчаслівых унукаў і праўнукаў, а ў думках міжволі ўзнікаюць карціны свайго далёкага і нялёгкага дзяцінства. Так сталася, што на працягу жыцця не адзін раз ёй выпадалі сур’ёзныя выпрабаванні.

З пяцярых дзяцей яна нарадзілася другой. Гэта быў 1946, першы пасляваенны год. Жыхары вёскі Стрэлічава Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, як усе іншыя ў краіне, шчыра працавалі на вызваленай ад фашысцкай навалы зямлі, каб хутчэй залячыць раны вайны. Бацькі зранку да вечара працавалі на калгасных палях і ферме. Ім дапамагалі старэйшыя дзеці, малодшыя даглядалі хатнюю гаспадарку.

Марыя Уладзіміраўна закончыла шэсць класаў, у чатырнаццаць гадоў пайшла дапамагаць маці на ферме. З-за працы пагуляць амаль не было часу. Пасталеўшы, дзяўчына выйшла замуж за аднавяскоўца Васіля Дзмітрыевіча Лося, які працаваў трактарыстам. Адзін за другім нарадзіліся чацвёра дзяцей: Алена, Ірына, Вера і Васіль. Маці падгадоўвала дзяцей і зноў ішла працаваць то на ферму, то ў паляводчую брыгаду. У 1978 годзе сям’ю напаткала вялікае гора — раптоўна не стала бацькі.

У другім баку вёскі жыла сям’я Дашукоў. У іх таксама здарылася непапраўнае — памерла маці, пакінула пасля сябе двух дачушак, Іну і Алену. Іх бацька Васіль Піліпавіч рабіў у калгасе трактарыстам. Ён добра ведаў Марыю Уладзіміраўну як шчырую і працавітую жанчыну. Праз некаторы час ён прапанаваў аб’яднацца, стаць адной сям’ёй, і яна згадзілася. А ў 1982 годзе ў іх шлюбе нарадзілася дачка Аксана.

Жылі дружна, падтрымлівалі адзін аднаго, старэйшыя дочкі даглядалі меншых, гатавалі ежу, прыбіралі ў хаце. Сям’я пабольшала, і ў хаце стала цеснавата. Рашэннем праўлення калгаса мнагадзетнай сям’і быў выдзелены большы дом. “Жылі б мы там і зараз, — уздыхнула Марыя Уладзіміраўна. — Чарнобыль прымусіў кінуць усё”.

Лагодны красавіцкі дзень прынёс нядобрую вестку пра выбух на Чарнобыль-скай АЭС. У ліку іншых стрэлічанцам было прапанавана пакінуць самую небяспечную трыццацікіламетровую зону. Знаёмыя сем’і ўжо выехалі ў Віцебскую вобласць і ўладкаваліся ў Талачынскім раёне. Сюды ж пераехалі і Дашукі. У пасёлку Нарцызава ім быў выдзелены двухпавярховы катэдж. Марыя Уладзіміраўна пайшла працаваць на свінагадоўчы комплекс “Нарцызава” аператарам па дарошчванні, аднак доўга тут не прабыла. Праз два месяцы атрымала сур’ёзную траўму нагі. Прыйшлося перажыць некалькі аперацый, шмат часу правяла ў бальніцы.

Даглядаў дзяцей і хатнюю гаспадарку Васіль Піліпавіч. Ён працаваў тады ў калгасе “Гігант” і лічыўся адным з лепшых трактарыстаў. Павагу з боку кіраўніцтва і іншых механізатараў заслужыў шчырай працай. Праславіўся ён як чалавек з залатымі рукамі. Многія і зараз памятаюць, як сабраў Васіль Піліпавіч цэлы трактар з асобных дэталей. На жаль, цяжкая хвароба не пашкадавала яго, і ў 1998 годзе Марыя Уладзіміраўна зноў стала ўдавой. З таго часу дзеці былі і ёсць яе падтрымка, надзея і апора.

Былая траўма дае аб сабе ведаць, перамяшчаецца жанчына з дапамогай кія. Цяпер рэдка выходзіць з хаты. Ад дзяцей ведае ўсе навіны, па тэлевізары сочыць за падзеямі ў краіне, чытае газеты і часопісы.

Большасць дзяцей з сем’ямі жывуць недалёка. Дочкі Алена, Ірына і Вера працуюць у філіяле “Нарцызава” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Адзіны сын Васіль з жонкай і двума дзецьмі жыве недалёка ад Гомеля, працуе вадзіцелем. Іна працуе запраўшчыцай у Маляўцы, мае тут жа кватэру. У Старых Дарогах прыжылася Алена, яна загадчыца малочнатаварнага комплексу. Малодшая, Аксана, пасля заканчэння Славенскай сярэдняй школы паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Працуе ў Гомелі галоўным спецыялістам па ацяпленні і вентыляцыі ў праектным інстытуце.

Ніхто не можа ведаць загадзя, што яму наканавана ў жыцці. Марыя Уладзіміраўна ўдзячная ўсім, хто так ці інакш дапамог ёй пераадолець жыццёвыя выпрабаванні. Памяць аб блізкіх людзях, родных мясцінах жыве з ёю вечна і сагравае душу цёплымі ўспамінамі.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)
Гонар і багацце Марыі Дашук — яе вялікая сям'я, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Декабрь 2016
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене