Што мы губляем? Сакрэты бабулінага куфэрка
У чарговы раз завітаўшы ў раённую бібліятэку, прыемнае ўражанне атрымала ад навагодняй выставы віншавальных паштовак, ёлачных цацак, якія быццам высыпаліся з выпадкова знойдзенага кімсьці старога куфэрка. Некаторыя экспанаты выставы налічваюць гадоў па пяцьдзесят, калі не болей. Заканчэнне Года культуры работнікі бібліятэкі і чытачы, якія падзяліліся дарагімі для іх рэчамі, вырашылі адзначыць такім чынам.
На звароце навагодніх паштовак ад рукі напісаны немудраге-лістыя, але такія шчырыя, ад сэрца, словы — пажаданні здароўя, поспехаў у справах, спакою ў сям’і… Што яшчэ чалавеку для шчасця патрэбна?!
А вось некалькі паштовак дзесяцігадовай даўнасці з Ражством Хрыстовым. Чым бліжэй на нашага часу, тым больш віншаванняў у вершаванай форме як напісаных ад рукі, так і надрукаваных. Рукой напісаны толькі даты і імёны. Але як прыемна было атрымаць такую паштоўку і ведаць, што пра цябе памятаюць бацькі, дзеці, сябры і знаёмыя.
Мінае час. Пісьмы і паштоўкі сталі амаль што рэдкасцю. Ды і навошта турбавацца, калі па тэлефоне можна сказаць некалькі слоў або паслаць невялікі віншавальны вершык праз SMS-паведамленне. Тым больш, што ў інтэрнэце можна знайсці мноства прыдуманых кімсьці слоў на ўсе выпадкі жыцця. І ўжо нашы ўнукі і праўнукі ніколі не даведаюцца, якія словы гаварылі адзін аднаму закаханыя бабулі і дзядулі, як суцяшалі родных, блізкіх і знаёмых у цяжкія хвіліны…
Перабіраю пальцамі ланцужок на ёлцы. Калісьці дзеці майстравалі такія аздобы з каляровай паперы, бо бліскучую мішуру не так лёгка было прыдбаць. А колькі выцінанак з белай паперы ў выглядзе сняжынак упрыгожвалі памяшканні! Радуе, што мастацтва выцінанкі не забытае. Бібліятэчныя вокны и дзверы ўпрыгожаны не толькі сняжынкамі і выявамі Дзеда Мароза, але і забаўнымі звяркамі, пеўнікам, курачкай і кураняткамі — сімваламі Новага года, балерынамі. Усё гэтае зроблена рукамі мастака-афарміцеля цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Вольгі Шнырко.
Арганічнае спалучэнне старога і новага не пакідае месца для смутку аб мінулым. Тым больш, што моладзь і дзеці дзякуючы такім выставам маюць магчымасць акунуцца ў свет дзяцінства сваіх бабуль і дзядуль!
Марыя ХМЯЛЮК.
Што мы губляем? Сакрэты бабулінага куфэрка,