Асцярожна: шарага з барыгамі!

20 января 2017 14:37

Як бы хто ні хваліў прыватніка і ні даводзіў, што дзяржаўная форма ўласнасці дыскрэдытавала сябе і асуджана на знікненне, пакуль што прыватнік наш не заўсёды можа пахваліцца высокім узроўнем аказання паслуг, уважлівасцю да кліента і сумленнасцю ў выкананні сваіх абавязальніцтваў. Дакладней, пахваліцца то яны могуць, пыл у вочы пускаць умеюць, але пахвалы гэтыя будуць вельмі далёкія ад сапраўднага стану рэчаў.

У сферы паслуг фізічным асобам і рознічнага гандлю нярэдка даводзіцца мець справу са звычайнымі спекулянтамі, хапугамі, зладзеямі і хамамі, якія імкнуцца перш за ўсё не ўсебакова задаволіць інтарэсы кліента, а па максімуму выцягнуць з яго грошай. Пры гэтым калі выканаць жаданне кліента камерсанту не па сілах, то ён зробіць выгляд, што гэта не ён сам бяссільны ў той вобласці, у якой узяўся аказваць паслугі, а кліент прад’яўляе фантастычныя патрабаванні.

Прыклад. Лістапад 2016 года, Талачын. Прадстаўнік адной з фірмаў, якія распаўсюдзілі сваю рэкламу ў раённай газеце і метадам расклейвання па пад’ездах, з’явіўся да прыватных асоб, каб абмеркаваць пытанне вырабу мэблі на заказ для спецыфічнага памяшкання, планіроўка якога не дазваляе набыць нешта гатовае ў краме. Зрабіўшы замеры і намаляваўшы схему пакоя, паведаміў, што падумае, што тут можна прапанаваць. Праз тыдзень зноў з’явіўся і задаў пытанне: «Ну, што вы хочаце тут бачыць, якія вашы пажаданні?» «А што вы можаце прапанаваць, якія дызайнерскія рашэнні?» — адказалі гаспадары пытанннем на пытанне, спадзеючыся, што маюць справу са спецыялістам, а не менеджарам. Але спадзяванне аказалася марным. Фірмач паведаміў, што пакуль што не гатовы прапанаваць нічога канкрэтнага, трэба падумаць, і зноў пайшоў, нават незразумела было, навошта з’яўляўся, — каб праінфармаваць, што працягвае думаць і пакуль што ні да чаго не дадумаўся? Такія паводзіны ўвогуле маглі выклікаць падазрэнне, што гэта нейкі злодзей, які прыглядваецца да жылля і вывучае звычкі гаспадароў, збіраючыся абрабаваць іх, але многія фактары падказвалі, што ён усё ж такі той, за каго сябе выдае. Напрыклад, яго тэлефонны нумар значыўся сярод іншых на сайце фірмы (знаходзіцца ў Магілёве). Падчас трэцяй сустрэчы нарэшце прапанаваў даволі прымітыўны варыянт мэблі і загнуў за яго 24 мільёны недэнамінаваных рублёў. Калі ж яму паказалі мэблю ў іншым пакоі, зробленую яўна больш па-мастацку, да таго ж з даражэйшых матэрыялаў і ўсяго за 13 недэнамінаваных мільёнаў, субяседнік аджартаваўся: «А, зразумела, вы хочаце, каб было танна, але выглядала як дорага». У працэсе далейшай гутаркі, калі яму паведамілі, што ў варыянце, які ён прапаноўвае, цесная шафа, зноў аджартаваўся: «Разумееце, на самай справе гэта тыповая праблема многіх нашых людзей — нежаданне развітвацца са старымі рэчамі, таму і цесныя для нас нашыя шафы». У рэшце рэшт зноў пайшоў, не сказаўшы нічога пэўнага, паабяцаўшы падумаць і перазваніць. Але не перазваніў, а пазней па яго нумары сталі адказваць іншыя людзі і таксама адкладваць рашэнне пытання на пасля (пры гэтым рэклама фірмы па-ранейшаму з’яўлялася, свежая, а значыць, згортваць сваю дзейнасць кантора не збіралася, шукала новых кліентаў). Закончылася эпапея тым, што мэбля для нестандартнага памяшкання была набыта ў снежні ў індывідуальнага прадпрымальніка, які супрацоўнічае з фабрыкай у Оршы. Абышлося гэта ў 19 мільёнаў рублёў, прычым дызайнер, які прыходзіў рабіць замеры, сам прапанаваў некалькі варыянтаў, падкарэкціраваў іх у адпаведнасці з пажаданнямі і плацежаздольнасцю гаспадароў, скінуў ім на камп’ютар праект, даў час паразважаць і ўнесці дадатковыя карэктывы. Відавочна, што магілёўская фірма ішла па шляху найменшага супраціўлення — кляпала па шаблоне прымітыўныя шафы ды паліцы, здзіраючы за іх па сем скур, а калі трапляла ў сітуацыю, у якой прымітыўная канструкцыя не задавальняла кліента або кліент сумняваўся ў адэкватнасці заломленай цаны, то спяшалася з ім развітацца, каб не марнаваць свой час, бо, як вядома, час — грошы, і жалеза трэба каваць не адыходзячы ад касы.

Іншы прыклад. Таксама Талачын, ліпень мінулага года. Аршанская фірма, якая займаецца нацяжнымі столямі, цікавіцца, ці звярталіся гаспадары да каго-небудзь, акрамя іх, і, атрымаўшы адмоўны адказ, просіць за два пакоі 6 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Бялыніцкая фірма, не ўдакладняючы, першая яна ў гаспадароў ці не, за тых жа два пакоі называе кошт 4 мільёны, заключае дагавор і выконвае работы хутка, якасна, не выклікаючы ў гаспадароў ніводнага пытання ці заўвагі.

І гэта яшчэ не горшыя варыянты, вышэйзгаданыя фірмачы прытрымліваліся нормаў этыкету, абыходзіліся з кліентамі ветліва, добразычліва, з усмешкамі. А нярэдка які-небудзь гандляр у абшарпанай забягалаўцы ці шынамантажнік у замызганым павільёне, адчуўшы, што не можа задаволіць просьбу кліента, нервуецца і псіхуе, адказваючы з такой інтанацыяй і мімікай, з якой вымаўляюць толькі фразы кшталту «якога ты сюды прыпёрся, ходзяць тут усялякія!». Прадавец аўтамабільных тавараў прапаноўвае пакупніку шыны расійскай вытворчасці, у адказ на просьбу аб беларускіх гаворыць, што такіх няма, але тут жа, спахапіўшыся, заяўляе, што ёсць, і называе вышэйшую цану, а калі пакупнік, не стрымаўшы здзіўлення, кажа, што ўсюды беларускія таннейшыя за расійскія (толькі памеру патрэбнага не знайшлося, таму і заехаў сюды), раздражнёна кідае: «Ну дык вось ідзіце і купіце там, дзе таннейшыя, калі выбракоўка вас задавальняе!» Вось такі ён, прадстаўнік прыватнага бізнэсу, рухавік прагрэсу, надзея і будучыня нашай эканомікі. У тым, што ў яго закончыўся больш танны тавар, або што ён спецыяльна завозіць толькі даражэйшы, вінаваты хто заўгодна — капрызныя кліенты, нядобрасумленныя канкурэнты (пра якіх ён ведае, што яны, нягоднікі, брак прадаюць!), падатковая інспекцыя ці мытны камітэт, толькі не ён сам.

Дзеля смеху прывяду адзін ужо даўнаваты, але яскравы, красамоўны прыклад з уласнага вопыту. У пачатку 2000-х, не маючы яшчэ сталага жылля і, адпаведна, пастаяннага выхаду ў інтэрнэт, для знаёмства з сусветнымі навінамі і практыкавання ў замежных мовах я выкарыстоўваў кароткахвалевы радыёпрыёмнік. Калі ён загадаў доўга жыць, стаў шукаць новы. Грувасткі і цяжкі набываць не хацеў, а мініяцюрных ніяк не знаходзіў. Неяк на адным сталічным аўтавакзале, убачыўшы ў кіёску паліцу з разнастайнаю радыёэлектронікай, не стаў прыглядацца, вышукваючы патрэбную рэч (бо вочы разбягаліся ад багацця асартыменту), а спытаў прадаўца: «Кароткахвалевыя прыёмнікі ёсць?» Той (мужчына) імгненна схапіў нейкі эфэмаўскі, працягнуў мне і вокам не міргнуўшы заявіў: «Іх ужо даўно не выпускаюць, таму што на кароткіх хвалях ніхто больш не вяшчае, бо супраць іх глушылкі ставяць, так што бярыце вось гэты». Сімвалічна, што ў рэшце рэшт мініяцюрны кароткахвалевы радыёпрыёмнік я набыў якраз у дзяржаўнай краме, у адным барысаўскім універмагу. Ляжыць ён і сёння сярод усялякага хламу, ужо не патрэбны, часам пад настальгічны настрой уключаю — і пераконваюся, што на кароткіх хвалях па-ранейшаму вяшчаюць.

Прыклады нядобрасумленнасці і некампетэнтнасці, падобныя вышэйпрыведзеным, можна прыводзіць бясконца, дробная хлусня і грандыёзныя афёры на слыху пастаянна (прыгадаць хаця б закранутую нядаўна многімі СМІ тэму падману пакупнікоў фіктыўнымі скідкамі). А яшчэ на злосць зласліўцам бяскноца можна прыгадваць і сітуацыі, у якіх дзяржаўныя прадпрыемствы гандлю і сэрвісу паказваюць сябе з самага лепшага боку, дэманструючы ініцыятыўнасць, прадпрымальнасць, высокі ўзровень абслугоўвання і, галоўнае, не парушаюць інтарэсы кліента. І з усіх гэтых прыкладаў напрошваюцца дзве высновы. 1. Філасофская: будучыня — не выключна за прыватнікамі і не выключна за дзяржаўнікамі, а за тымі, хто будзе працаваць сумленна; шантрапа, якая ў гэтым супрацьстаянні ганіць апанента, хоць сама не можа сыграць ролю дастойнай альтэрнатывы яму, з цягам часу або знікне, або падрасце і навучыцца паводзіць сябе цывілізавана. 2. Практычная (крыху банальная, але лішняю не стане): будзьце пільнымі і не дазвольце ўцягнуць сябе ў лахатрон, пералічвайце, пераправярайце, а з падазронымі шарагамі і проста несімпатычнымі вам барыгамі ўвогуле не звязвайцеся.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Один комментарий на “ Асцярожна: шарага з барыгамі! ”

  1. Донна Роза , 20 января 2017 , 17:57

    Заключите договор на ремонт квартиры с ЖКХ и с частной строительной конторой , потом сравните качество и стоимость. В государственных организациях к сожалению остались самые невостребованные кадры , получают мизерную получку и шевелится не желают. Куда податься бедным белорусам , частники все жулики , а остальные лодыри.

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 0.0/5 (0 votes cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: +1 (from 1 vote)

Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Январь 2017
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Фев »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене