У абноўленай сярэдняй школе ў Талачыне — гармонія формы і зместу
Не так шмат часу прайшло пасля ўвядзення ў эксплуатацыю абноўленага, капітальна адрамантаванага будынка сярэдняй школы №2. Пераступаючы парог сваёй установы, уваходзячы ў вучэбныя і адміністрацыйныя, гаспадарчыя памяшканні, і навучэнцы, і педагогі адчуваюць сябе нязвыкла: свежыя і яскравыя колеры аддзелкі, сучаснае абсталяванне — усё радуе вока і натхняе на прадукцыйную дзейнасць.
— Першы месяц вучобы паказаў, што адбыліся псіхалагічныя змены ў паводзінах навучэнцаў, дзеці сталі больш дысцыплінаванымі, — расказалі дырэктар школы Уладзімір Цурко і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Бандарэнка, калі 21 студзеня, у суботу, мы наведалі школу, каб пацікавіцца яе дзейнасцю ў новых умовах. — Заўважаны змены і ў міжасабовых адносінах, дзеці сталі больш дружнымі, з’яднанымі. Спадзяёмся, што вынікам гэтых станоўчых змен стане павышэнне якасці ведаў навучэнцаў і далейшы рост прафесійнага майстэрства педагогаў.
ПЕРАЕМНАСЦЬ ПАКАЛЕННЯЎ І НЕПАРЫЎНАСЦЬ ТРАДЫЦЫЙ
Сёння ў школе навучаецца 750 дзяцей, працуюць з імі 73 педагогі (68% маюць вышэйшую і першую катэгорыі). Калектыў настаўнікаў сярэднеўзроставы: вопытныя спецыялісты працуюць на працягу дзесяцігоддзяў, маладзейшыя таксама застаюцца тут, звязваюць сваю будучыню з гэтаю ўстановаю, пераймаюць і творча развіваюць вопыт старэйшых калег, асвойваюць і ўзбагачаюць традыцыі школы. Сёлета, напрыклад, засталіся пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі пасля размеркавання два маладыя спецыялісты, хоць родам яны з Оршы.
— Дзякуючы пераемнасці пакаленняў калектыў працуе стабільна, якасць ведаў, якія атрымліваюць дзеці, задавальняе бацькоў, — расказвае Уладзімір Аляксандравіч. — Напаўняльнасць класаў дасягае 25 — 30 чалавек, кожны год набіраем 3 першыя класы. Арганізаваны ў нас і платныя заняткі для падрыхтоўкі дзяцей 5-гадовага ўзросту да школы (дзейнічаюць 3 групы, заняткі праводзяцца па суботах).
ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПАДЫХОД І ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ
Пра якасць ведаў сведчаць вынікі паступлення. У мінулым годзе з 48 выпускнікоў 11-х класаў 22 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, 23 — у сярэднеспецыяльныя. Адметна, што выпускнікі профільных класаў выбралі для паступлення адпаведныя профілю спецыяльнасці, гэта сведчыць пра паспяховае вызначэнне педагогамі здольнасцей і схільнасцей вучняў, індывідуальны падыход да іх, эфектыўную праф-арыентацыйную работу.
Так, 80% выпускнікоў фізіка-матэматычнага профілю паступілі ў вну, выбраўшы пры гэтым спецыяльнасці тэхнічнай накіраванасці (радыёэлектроніка, будаўніцтва і інш.), 5 выпускнікоў хіміка-біялагічнага профілю пайшлі ў медкаледжы. Хтосьці вырашыў звязаць жыццё з лясной і сельскай гаспадаркаю, педагогікай і іншымі сферамі дзейнасці.
ВОЛЬНЫ ЧАС — ПРЫЕМНА І З КАРЫСЦЮ
Пазакласнае жыццё школы вельмі насычанае. На здымку паказаны эпізод пазнавальна-выхаваўчага мерапрыемства на спартыўную тэматыку “Алімпійскі калейдаскоп”, якое адбылося ў дзень нашай сустрэчы. У той жа дзень шмат навучэнцаў можна было сустрэць у іншых кабінетах і калідорах, у спартыўнай зале, у фае дзеці гулялі ў настольны тэніс.
— Па суботах школу наведваюць каля 70% дзяцей, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна. — Праводзім дні здароўя, інтэлект-суботы, творчыя майстэрні, спартландыі, конкурсы, фестывалі (цяпер, напрыклад, рыхтуемся да фестывалю танцаў). Працуем па ўсіх напрамках: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, экалагічнае, здаровы лад жыцця і многія іншыя, нейкі адзін, прыярытэтны, нават цяжка назваць.
Трэба таксама адзначыць, што многія з тых дзяцей, якія не ходзяць да нас па суботах, проста наведваюць разнастайныя гурткі ў іншых установах (Цэнтр дзяцей і моладзі, спартыўныя секцыі). З мэтаю паўнацэннага выкарыстання выхаваўчага патэнцыялу вольнага часу школьнікаў неабходна як мага раней далучаць падлеткаў да сацыяльна актыўнай дзейнасці, і ў нас гэта паспяхова атрымліваецца.
У мінулым годзе дзякуючы падтрымцы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый на базе школы прайшоў трэнінг “Планаванне маладзёжных ініцыятыў у мясцовых супольнасцях”, па выніках якога школа была ўключана ў праграму “Маладзёжнае лідарства”. У рамках гэтай праграмы створаны 4 ініцыятыўныя групы навучэнцаў: “Экалагічны патруль” (выраб кармушак для птушак, аналіз экалагічнага стану тэрыторый і іншыя напрамкі дзейнасці), “Місія выканальная: расЧытаем любога” (папулярызацыя чытання), “Я сапраўдны беларус і мовай сваёй ганаруся” (прапаганда беларускай мовы), PlayGround (развіццёвыя настольныя гульні пад дэвізам “Не гуляй у віртуальнасці, а гуляй у рэальнасці”). Паспяхова дзейнічае адукацыйна-развіццёвая школьная аграэкасядзіба, створаная пры падтрымцы ЕС і ААН.
КЛОПАТЫ І ПЛАНЫ
Абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы не абмяжоўваецца толькі рамонтам будынка і пакуль што яшчэ не завершана: нядаўна атрымана апошняя партыя мэблі для класаў, адміністрацыя спадзяецца, што ў гэтым годзе ўдасца абнавіць (укамплектаваць новым абсталяваннем) кабінеты інфарматыкі, біялогіі, хіміі.
— Асноўны будынак школы набыў новае жыццё, але даўно ўжо наспела і неабходнасць рамонту карпусоў, у якіх знаходзяцца першыя класы, — падзяліўся клопатамі дырэктар. — Хацелася б, каб і там нарэшце былі праведзены адпаведныя работы, каб для самых маленькіх нашых выхаванцаў таксама былі створаны сучасныя ўмовы. Падлога, дзверы, асвятленне, сантэхніка — усё цэлае і функцыянуе, але не мянялася на працягу дзесяцігоддзяў. Мэблі ўжо больш за трыццаць гадоў.
— З мэтаю арганізацыі больш актыўнага і насычанага спартыўнага жыцця, правядзення разнастайных і цікавых урокаў фізкультуры патрабуецца больш інвентару для спартыўнай залы — мячоў, скакалак, гімнастычных палак, трэнажораў, — адзначыла Таццяна Уладзіміраўна. — Нешта мы ў меру сваіх магчымасцей набываем за ўласныя сродкі (школа зарабляе грошы платнымі адукацыйнымі паслугамі, рэалізацыяй насельніцтву расады і агародніны), але больш маштабныя расходы дазволіць сабе не можам.
Дарэчы, з улікам вопыту мінулага года сёлета школа плануе павялічыць колькасць расады капусты, кветак, ранняй агародніны (гэтая прадукцыя карысталася значным попытам). Нямала ў педагагічнага калектыву і творчых планаў — задумак па арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу, асваенні разнастайных сучасных методык правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў.
Невычарпальнаю фантазіяй і нястомнаю працаю настаўнікі імкнуцца зрабіць жыццё сваіх выхаванцаў цікавым і непаўторным, запамінальным на доўгія гады, і разам з тым даць дзецям як мага больш карысных ведаў і ўменняў. Іншымі словамі, знешні выгляд школы і змест яе штодзённага жыцця цяпер знаходзяцца ў поўнай гармоніі, дзеці праводзяць тут час з задавальненнем, прыемна і карысна.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
У абноўленай сярэдняй школе ў Талачыне — гармонія формы і зместу,