Экскурсія па Талачынскім раёне ацэнена на 10 балаў

21 февраля 2017 10:21

У адпаведнасці з даведнікам “Туризм и туристические ресурсы в Республике Беларусь”, які выпушчаны ў мінулым годзе Нацыянальным статыстычным камітэтам, з 2010 па 2015 гады ў краіне павялічылася з 783 да 1364 колькасць арганізацый, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць. Колькасць арганізаваных замежных турыстаў, якія наведалі Рэспубліку Беларусь, за гэты перыяд вырасла са 120073 да 276260 чалавек. Павялічылася колькасць суб’ектаў аграэкатурызму — з 1247 да 2263. Усё гэта сведчыць пра перспектыўнасць турыстычнай індустрыі.

Напярэдадні Сусветнага дня экскурсавода, які адзначаецца 21 лютага, мы пагутарылі з выпускніцаю факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі (раней — Вышэйшая школа турызму) Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Майяй Кастэнкай (імя Мая, але ў пашпарце беларускамоўны варыянт напісаны менавіта так, як і рускамоўны). Да паступлення Майя жыла ў Талачыне, а цяпер працуе спецыялістам па турызме ў прыватным навукова-вытворчым унітарным прадпрыемстве “Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму” ў Мінску. Субяседніца расказала пра свой шлях у гэтую прафесійную сферу, далейшыя планы, падзялілася сваім бачаннем турыстычнага патэнцыялу Талачынскага раёна.

— Што паўплывала пасля заканчэння школы на выбар вамі будучай прафесіі?

— Вызначыцца з навучальнаю ўстановаю і спецыяльнасцю мне было няпроста, гартала зборнік — і вочы разбягаліся ад варыянтаў. Схілялася да эканомікі, але ў той жа час “у чыстым выглядзе” яна здавалася мне занадта сумнаю, хацелася нейкага творчага элементу ў будучай прафесіі. Таму, напэўна, і зацікавіла мяне спецыяльнасць “эканоміка і кіраванне турысцкай індустрыяй”. А пасля таго, як пабывала на дні адчыненых дзвярэй у БДЭУ, мяне ўжо было не спыніць, імкнулася толькі сюды і толькі на гэтую спецыяльнасць. У прыватнасці, прываблівала і тое, што тут паглыблена вывучаюцца дзве замежныя мовы, а гэта маё захапленне.

Сёння я вельмі ўдзячная сваім бацькам, Дзмітрыю і Наталлі Іўчанкам, якія паверылі ў мае сілы і пайшлі насустрач майму жаданню, калі ў мяне не атрымалася трапіць на бюджэтную форму навучання, не пакінулі мяне без падтрымкі.

У мінулым годзе я атрымала дыплом, а працаўладкавалася яшчэ на чацвёртым курсе: куратар групы прапанавала нам прайсці ў гэтай кампаніі субяседаванне, і ў выніку я стала працаваць на палову стаўкі, пасля праходзіла там жа практыку, а пазней перайшла на поўную занятасць.

— Скажыце некалькі слоў пра вашу арганізацыю, пра спецыфіку яе дзейнасці.

— ПНВУП “Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму” — буйны тураператар, які спецыялізуецца на ўнутраным і ўязным турызме. Мы арганізоўваем туры і экскурсіі па Беларусі, рэалізоўваем пуцёўкі ў беларускія санаторыі, браніруем нумары ў гасцініцах і на базах адпачынку, арганізоўваем трансферы. Загружанасць працаю залежыць у нас ад сезону і іншых фактараў, на якія мы не можам уплываць, таму нават за такі нядоўгі час я паспела зведаць і росквіт, і складаныя перыяды ў дзейнасці нашай кампаніі. Але адно магу сказаць з упэўненасцю: нашы супрацоўнікі заўсёды робяць сваю справу захоплена, з энтузіязмам, старанна, незалежна ні ад якіх акалічнасцей.

— Вы можаце канстатаваць, што канчаткова знайшлі сябе на сваім цяперашнім месцы і далей вам застаецца толькі прафесійна расці, удасканальвацца, развівацца, ці не выключаеце пошукаў іншых шляхоў самарэалізацыі (прадпрымальніцкая дзейнасць, праца ў дзяржаўных установах)?

— У тым, што турыстычная сфера — гэта маё, я ўпэўнена. Праца, якою  цяпер займаюся, таксама задавальняе мяне, я бачу мэты, да якіх мне трэба імкнуцца ў бліжэйшы час, напрамкі далейшага самаразвіцця. Напрыклад, пачынаю самастойна вывучаць італьянскую мову (штуршком стала тое, што ў пэўных сітуацыях аказаліся карыснымі мае веды па беларускай, англійскай і французскай). Яшчэ наш аддзел працуе над новым творчым праектам.

Пра больш аддаленыя перспектывы гаварыць не магу, тут наўрад ці атрымаецца нешта прагназаваць. Чалавек я рознабаковы, мне заўсёды хочацца паспрабаваць сябе ў чым-небудзь новым, нязвыклым. Прыемна, што ва ўсіх маіх пачынаннях мяне падтрымлівае муж, Андрэй, ён верыць у мае сілы і тым самым умацоўвае маю веру ў саму сябе.

— Ваша дыпломная работа была звязана з Талачынскім раёнам. Якімі крыніцамі вы карысталіся пры яе напісанні? Хто вам дапамагаў? Як ацанілі яе члены экзаменацыйнай камісіі?

— Мая работа называецца “Праектаванне і эканамічнае абгрунтаванне тура”. У рамках яе я распрацавала тур па адметных мясцінах Талачынскага раёна. Зразумела, што пры гэтым выкарыстоўвала навуковую літаратуру (увогуле па турызме і эканоміцы), а таксама матэрыялы непасрэдна аб Талачынскім раёне. У першую чаргу гэта кнігі нашага краязнаўца і кінааматара Анатоля Шнэйдара, які апісаў мноства адметных аб’ектаў і населеных пунктаў Талачыншчыны.

Вялікую дапамогу аказаў мне мой бацька, Іўчанка Дзмітрый Аляксандравіч, якім я бязмежна ганаруся і які таксама звязаны са сфераю турызму (любіць падарожнічаць, валодае сайтам “Фотаэнцыклапедыя Беларусі”, нядаўна запусціў у інтэрнэце праект па зборы сродкаў для правядзення конкурсу аматарскіх турысцкіх фільмаў “Падарожнічаем па Сінявокай”). У маршрут я ўключыла як архітэктурныя, так і прыродныя аб’екты.

Абараніла работу на 10 балаў. Членаў камісіі яна зацікавіла і прыемна ўразіла, яны нават прапанавалі ідэю ўключыць у маршрут наведванне кансервавага завода з дэгустацыяй соку і віна.

— Які, на вашу думку, турыстычны патэнцыял Талачынскага раёна, і што патрэбна для яго поўнага, усебаковага раскрыцця?

— Я ўпэўнена, што наш раён турысты абыходзяць зусім незаслужана. У Талачыне і яго ваколіцах мноства гістарычных аб’ектаў, якія не пакінулі б экскурсантаў абыякавымі. Нават нягледзячы на гаротны стан з-за войнаў і шматгадовага занядбання іх можна аднавіць, захаваць і зрабіць фактарамі павышэння турыстычнай прывабнасці Талачыншчыны. Друцк, Свята-Пакроўскі жаночы манастыр, касцёл Святога Антонія Падуанскага, парк Юзэфполле, сядзіба барона Рэнгартэна ў вёсцы Лесіна, заказнік “Скрыпуцёва”,  каменны крыж у Галошаве, вадзяны млын у вёсцы Каменнае Крывое і шматлікія іншыя адметнасці — гасцям Талачыншчыны было б што паказаць, калі толькі давесці гэтыя аб’екты да ладу і добраўпарадкаваць прылеглую да іх тэрыторыю.

І яшчэ адзін незадзейнічаны напрамак прыцягнення турыстаў — аграэкасядзібы. На жаль, іх у нас няма, хоць на цяперашнім этапе гэта адна з папулярных формаў работы ў турыстычнай галіне.

— Застаецца толькі спадзявацца і чакаць: можа, хто-небудзь нарэшце натхніцца такою ідэяй, аграэкатурызмам, і не пашкадуе ўкласці сродкі ў яе рэалізацыю? Жадаю і вам поспехаў у пошуку і ўвасабленні ў жыццё новых задумак.

— Дзякуй. Я таксама спадзяюся, што калі-небудзь і мая маленькая радзіма апынецца ў цэнтры актыўнага турыстычнага жыцця.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 2 votes)
Экскурсія па Талачынскім раёне ацэнена на 10 балаў, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2017
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене