Лідзія і Фёдар Унучкіны выхавалі дзяцей працавітымі, добрымі людзьмі

6 марта 2017 11:27

Вёска Хімец Слаўнаўскага сельскага Савета — родная вёска Лідзіі Васільеўны Унучкінай. Засталося тут цяпер дзесяць чалавек.

Жанчына цішком выцірае няпрошаныя слёзы. Рэхам далёкага дзяцінства гучаць яе словы-ўспамін:

— Тады вёска наша адносілася да калгаса імя Фрунзе, было двароў трыццаць. Бацька пасвіў калгасных кароў, быў брыгадзірам. Маці хадзіла на палявыя работы. У нашай сям’і было дзевяць дзяцей. Я нарадзілася ў 1944 годзе. Бацькі трымалі па сорак і больш гусей, мы дапамагалі іх пасвіць. Частку мяса здавалі дзяржаве на падатак.

Чатыры класы закончыла ў Трасцянскай пачатковай школе, далей вучылася ў Славенях. Каб туды дабірацца, бацькі купілі веласіпед. Пакуль закончыцца другая змена, на вуліцы ўжо цёмна. Еду па шашы, а насустрач слепіць вочы яркае святло фараў.  Хутка з’язджаю ў кювет, валюся і  плачу ад страху ды болю.

Яна закончыла сем класаў, а ў восьмы не пайшла з-за ўрокаў нямецкай мовы. Ніяк не магла засвоіць прадмет, хоць настаўніца была добрая. З плачам прасіла дзяўчынка бацькоў забраць дакументы. На той момант ёй споўнілася чатырнаццаць гадоў.

У гэтым узросце пачаўся працоўны стаж Лідзіі Васільеўны на свінаферме, дзе ўтрымлівалася 300 галоў. Працавала нароўні з дарослымі. Корм варылі воддаль, потым насілі поўныя вёдры, налівалі ў асобныя карыты, уручную ўбіралі гной. Свіней даглядалі старанна, атрымлівалі высокія прывагі.

Бацькі шкадавалі яе, не такім уяўлялі яны будучае дачкі. Многія яе равесніцы прайшлі навуку тэкстыльшчыцы на Аршанскім ільнокамбінаце. Вырашыла і яна папытаць гэтага шчасця. Прайшла курс вучаніцы, стала працаваць самастойна, радавалася першым поспехам у працы.

У хуткім часе выйшла замуж, пачалося сямейнае жыццё. Пасля некаторых ваганняў маладая сям’я вырашыла пераехаць на пастаяннае месца жыхарства на яе радзіму. У суседняй вёсцы Трасцянка купілі дом, у 1967 годзе пераехалі сюды ўжо з дачкой Святланай і сынам Алегам.

Не пакінулі і маці Фёдара Васільевіча. Ефрасіння Фёдараўна пражыла з імі дваццаць гадоў, дапамагала гадаваць дзяцей, за што ёй бязмежна ўдзячныя нявестка і ўнукі і сёння.

Старэнькі дом патрабаваў капітальнага рамонту. Шмат сіл уклалі, даводзячы яго да патрэбнага выгляду. А тым часам сям’я большала. Нарадзіліся Дзмітрый, Андрэй, Сняжана, Аляксандр.  Рашэннем праўлення калгаса шматдзетнай сям’і Унучкіных быў выдзелены большы дом.

Дваццаць тры гады адпрацавала Лідзія Фёдараўна даяркай, гаспадар рабіў механізатарам, пасвіў кароў. Жылі працай у калгасе і хатнімі справамі. Як і ў кожным двары вёскі,  трымалі кароў, свіней, курэй, гусей.

Бацькі стараліся выхаваць дзяцей працавітымі, сумленнымі, добрымі людзьмі. З жыццёвай мудрасцю, жаночай мяккасцю Лідзія Васільеўна паўтарае, што галоўнае ў жыцці — сям’я.  Нялёгка бывае маладым прыцерціся характарамі, прывыкнуць адно да аднаго. Неабходна  выслухаць і зразумець, праявіць цярпенне, вытрымку. У сям’і павінны жыць любоў, узаемападтрымка і абавязкова павага мужа да жонкі і наадварот.

У Лідзіі Васільеўны і Фёдара Васільевіча шэсць дзяцей, трынаццаць унукаў, восем праўнукаў. Даўно ведаю гэтую сям’ю і магу з упэўненасцю сказаць, што жыццёвыя ўрокі для іх дзяцей не прайшлі бясследна. Кожны з іх дасягнуў сваёй мэты.

Старэйшая, Святлана — індывідуальны прадпрымальнік. Алег працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Сацыяльным работнікам робіць Дзмітрый. У органах унутраных спраў у Мінску служыць Андрэй. Там жа жыве і працуе прадаўцом Сняжана. Малодшы, Аляксандр, робіць у Талачынскім лясгасе.

Дарэчы, у навагоднюю ноч 2017 года ў яго сям’і нарадзіўся сын Даніла. Гэта стала знамянальнай падзеяй, добрым чалавечым знакам для вялікай і дружнай сям’і Унучкіных.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2017
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене