Нездарова заўзятым правяральшчыкам загадана суняць свой імпэт

31 марта 2017 13:54

Лібералізацыя ўмоў вядзення бізнэсу, удасканаленне кантрольна-нагляднай дзейнасці і выключэнне лішніх праверак — пытанні, якія апошнім часам на слыху. 14 лютага Прэзідэнт краіны запатрабаваў, як паведамляла БелТА, «перагледзець падыходы дзяржорганаў да выканання кантрольных функцый і выключыць лішнія патрабаванні да бізнэсу і суб’ектаў гаспадарання ў цэлым». «Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў — не трэба чапаць людзей, дайце ім магчымасць займацца справаю», — такую цытату Кіраўніка дзяржавы прывяло інфармагенцтва.

Мы вырашылі пацікавіцца, наколькі актуальнаю з’яўляецца для суб’ектаў  малога бізнэсу раёна праблема «мноства абсурдных патрабаванняў і бясконцай чарады праверак» (таксама працытаванае агенцтвам БелТА выказванне Прэзідэнта), і з гэтай мэтаю звярнуліся наўздагад да першага, хто трапіўся са сферы бытавога абслугоўвання і са сферы рознічнага гандлю і грамадскага харчавання.

Не правяраюць, толькі калі няма чаго правяраць?

Індывідуальная прадпрымальніца Юлія Дзічко, якая займаецца рамонтам адзення на другім паверсе аўтастанцыі, настроена аптымістычна, негатыўнага вопыту ў яе няма:

— Працую чацвёрты год, спраўна плачу падаткі, кліенты не скардзяцца — і ніякіх праблем з кантрольнымі органамі не маю, — паведаміла Юлія Мікалаеўна. — Магчыма, у мяне проста такая спецыфіка дзейнасці і такія ўмовы: памяшканнне не маё ўласнае, прадуктамі харчавання не займаюся, на экалогію ўплыву не аказваю, так што і правяраць мяне няма чаго. Я думаю, гэтая праблема хутчэй актуальная для тых, хто займаецца гандлем, там будзе больш разнастайных патрабаванняў і, адпаведна, большая верагоднасць праверак. Ну, яшчэ, я памятаю, былі некаторыя нараканні ў прадпрымальнікаў, якія пачыналі дзейнасць без касавых апаратаў, а пасля наяўнасць апарата стала для іх абавязковаю, і пераход на новую форму работы быў звязаны з нейкімі нязручнасцямі. Але мяне гэта абышло, бо я ўжо рэгістравалася адразу з касавым апаратам, без яго я не магла б пачаць аказваць паслугі.

5000 долараў за бутэльку піва і бохан хлеба

А вось уладальнік прыдарожнага кафэ «Старынка» (ПУП «Старынка-сэрвіс») Уладзімір Валянтовіч зведаў на ўласным вопыце, што такое, кажучы рускім словам, «беспредел» (менавіта так ён ахарактарызаваў падзеі, якія адбыліся з ім пару гадоў таму).

— У ходзе праверкі, праведзенай адным структурным падраздзяленнем тагачаснага Мінгандлю (цяпер — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю — заўв. аўт.) па Віцебскай вобласці, у мяне знайшлі пратэрмінаваную бутэльку піва на вітрыне і бохан хлеба, тэрмін прыдатнасці якога закончыўся ўчора, — пачаў Уладзімір Леанідавіч свой расповед з такога даволі бяскрыўднага эпізоду (паглядзім праўдзе ў вочы: падобнае нярэдка адбываецца з кожным з нас у разнастайных прадуктовых крамах). — Ну, недагледзелі работнікі, не паспелі ў сваіх клопатах звярнуць увагу на гэтыя тавары. Але абярнуўся для мяне гэты недагляд вялікімі праблемамі, каштаваў ён мне і грошай, і нерваў. За гэтую бутэльку і бохан хлеба на прадпрыемства наклалі штраф у памеры 500 базавых велічынь, гэта 90 мільёнаў на старыя грошы, пад 5000 долараў. Я, канечне, пайшоў па інстанцыях ды па судах, і ў рэшце рэшт штраф знізілі да 60 базавых. Гэта таксама нямала, здаецца, каля тысячы долараў было на той час. Васямнаццаць гадоў працую, бюджэт папаўняю, апошніх пару гадоў такі крызіс, што, лічы, няма ніякага бізнэсу, выжываем, і раптам такі ўдар! А за што? За выпадковую дробязь! Крыўдна за тое, што несправядліва абышліся са мною (высветлілася ж нарэшце, што не цягнулі тыя парушэнні на такую суму), і за тое, што проста прынізілі, нейкім зладзеем выставілі, папярэджвалі, што калі не з’яўлюся да іх падпісаць нейкую паперу, то даставяць з міліцыяй.

Адразу гэтая гісторыя здалася неверагоднаю. Можа, субяседнік памыліўся з лічбамі, з колькасцю нулёў (справа ж была да дэнамінацыі)? Не, аказваецца, артыкулам 12.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях сапраўды за пратэрмінаваны тавар прадугледжаны штраф да 500 б.в. (і менавіта за першае парушэнне, не паўторнае).

На першы погляд, можна сказаць, што ў гэтай сітуацыі проста нейкая службовая асоба, якая праводзіла праверку, дзейнічала занадта фармальна і жорстка (аналагічны прыклад прывёў Кіраўнік дзяржавы 21 снежня 2016 года на нарадзе па выніках праверкі дзейнасці Камітэта дзяржкантролю: падатковымі органамі за недаплату 91 капейкі падаткаў на некалькі дзён былі арыштаваны рахункі буйнога прадпрыемства). Але трэба глядзець значна глыбей:

— З такім падыходам адкрываецца шырокае поле для злоўжыванняў, — упэўнены Уладзімір Леанідавіч. — У прыватнасці, можна лёгка разваліць бізнэс канкурэнтаў: падкупіў персанал якога-небудзь кафэ ці крамы, на паліцы з’явілася пратэрмінаваная бутэлька, прыехала праверка, адзін такі штраф, другі — і ўсё, ты банкрут.

Са станоўчых момантаў наш субяседнік адзначыў палёгку ў санітарных нормах:

— Раз у год нас правярае санстанцыя. Раней былі патрабаванні — абавязковая наяўнасць 3-4 умывальнікаў. Цяпер прасцей, у кафэ накшталт майго сам гаспадар вырашае, колькі іх павінна быць, можна і адным абысціся.

* * *

Як відаць, колькасць праверак не стала прычынаю для скаргаў з боку абодвух нашых субяседнікаў, але ў выпадку са штрафам за хлеб і піва кантрольны орган паўстаў не ў самым прывабным святле. На шчасце, работа па ўдасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці вядзецца. У лютым, напрыклад, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла аб спыненні праверак малога і сярэдняга бізнэсу, а Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абвясціла мараторый на праверкі гандлёвымі інспекцыямі. І, як паказваюць вышэйпрыведзеныя прыклады рэпрэсій у адносінах да суб’ектаў гаспадарання, неабходнасць лібералізацыі ўмоў вядзення бізнэсу ўзнікла не на пустым месцы.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (3 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +6 (from 6 votes)
Нездарова заўзятым правяральшчыкам загадана суняць свой імпэт, 10.0 out of 10 based on 3 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Конкурс туристических фильмов

Ритуальные услуги

Земельные участки

ТехИнноПром 2019

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Март 2017
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей