Працоўная дынастыя: аддавалі лесу свае веру, любоў і натхненне

22 мая 2017 16:26

Калі хто жадае адпачыць душою, зазірніце да колішняга лесніка Валосаўскага лясніцтва Пятра Грышана ў вёску Хахлоўка. На ўскраі вёскі тут сустрэне вас незвычайны куточак — парк, пасаджаны рукамі гэтага няўрымслівага, улюбёнага ў прыроду чалавека.

Асобныя дрэвы — елка, сасна, бяроза — разрасліся, увабраліся ў сілу, а асобныя, з ліку больш позніх пасадак, яшчэ ўпружліва цягнуцца да сонейка, да бясконца разлітага ў вышыні блакіту, сваім чуйным да жыцця карэннем умацоўваюцца ў пясчана-гліністай глебе. Вось, падумалася, калі б кожны з нас так аздабляў прыгажосцю хоць невялічкі пятак зямлі, якою б квітучаю яна была ўся наогул. Так што зробленае Пятром Васільевічам — гэта прыклад таго, як можа быць у вёсцы і ў горадзе, калі ты неабыякавы да дрэва, куста ці кветкі чалавек.

Прысеўшы на адмыслова вырабленых пяньках, аглядаючы блакітную елку і кусты ядлоўцу, пытаемся, адкуль у гаспадара такое прыцяжэнне да лясных культур. Няспешліва, з адвечнай сялянскай адкрытасцю, шчырасцю, на добрай беларускай мове Пётр Грышан, як і патрабуецца пры ўступленні ў размову, прашчупваючы вострым позіркам субяседніка, ці адкрываць табе душу, ці не, караценька заўважае: “З дзяцінства, думаю, гэтае ў маёй натуры. Дзед жа працаваў аб’ездчыкам, кіраваў леснікамі, бацька быў лесніком, і я ім стаў…”

Так, Пётр выхоўваўся на традыцыях сваёй вёскі. А тут, у Рафалове, людзі найбольш працавалі ў лесе, пажыццёва былі знітаваныя з яго асаблівасцямі і багаццем, скарбамі, цудамі і таямніцамі. Найбольш яскравым іх увасабленнем быў яго выхавальнік, знаўца душы лесу і яго мовы дзед Кірыла Яфрэмавіч Іўчанка. Пётр з нецярпеннем заўжды чакаў, калі дзядуля возьме яго з сабой у чарговы абход, каб адкрываць яму, малечы, чароўны і неабсяжны свет лесу.

Ён пачынаўся тут жа, за іх дамком, каля якога, прама за веснічкамі, раслі духмяныя язмін і бэз.

— Калі дзед адчыняў дзверы і выходзіў з хаты, — згадвае Пётр, — я ўскокваў уранку з ложка ці кідаў свае гульні і накіроўваўся за ім. Але тут жа чуў у адказ, што сёння вось ён пойдзе далёка, а ў наступны раз абавязкова ўжо возьме мяне з сабой. З нецярпеннем я чакаў гэтага наступнага разу. Бо ўсё тое, пра што ён расказваў, хацелася пабачыць на свае вочы. Было мне шэсць год, сама дапытлівы ўзрост. Цягнула з усёю сілай жадання прайсці па нязведаных сцяжынах, паўзірацца ў сляды зайцоў і ваўкоў, сабраць тыя ж суніцы, лясную смакату і прыгажосць, самому дакрануцца да грыба, зрэзаць яго і пакласці ў кошык…

Кірыла Яфрэмавіч свой лес ведаў на памяць. Зберагаў яго, шкадаваў, не даваў загінуць ніводнаму дрэўцу. Гадоў дзесяць было ўнуку, дзядуля рашыўся ўжо даваць яму ў рукі сякеру, каб прывучаўся дзе сучок абсячы, дзе паленца расшчапіць, а ён, блазнуючыся, ні з таго ні з сяго замахнуўся і высек маладую бярозку. Дзед, нічога не гаворачы, агрэў яго па вуху і прагнаў з лесу. Перажываў, канешне, Пётр, але зразумеў, што зрабіў дрэнна, засвоіў дзядулеў урок на ўсё жыццё.

Чатыры гады было хлопцу, як не стала бацькі. Ён мала што і памятаў пра яго, але чуў, як людзі, выказваючы спачуванні, што заўчасна пайшоў Васіль Парфенавіч з жыцця, гаварылі аб ім з дабрынёй, згадвалі, як ён самааддана працаваў лесніком, любіў сваю справу.

Кірыла Яфрэмавіч, які добра ведаў жыццё, шмат перажыў, прайшоўшы вайну, фронт, выгадаваў сваіх дзяцей, усім сваім вялікім сэрцам прыняў і ўнука.

Навучаў працы, майстэрству, абуджаў яго душу спагадай і разуменнем яго дзіцячага свету. Амаль кожнае яго слова жыве ў свядомасці Пятра і зараз. Па прыкметах у лесе ён вучыў яго вызначаць, якімі будуць зіма і вясна, лета і восень, што будзе на градах, у агародзе расці лепш, а што не ўродзіць.

Расказчык ён быў адмысловы. І гэта пры тым, што нейкай асаблівай падрыхтоўкі не меў, закончыў толькі тры класы царкоўна-прыходскай школы. Але яму ўдавалася, каб яго разумелі дзеці, маладыя вяскоўцы. Любіў, калі хто вызначаўся благімі ўчынкамі, шкоднічаў, паўтараць: “Слухайцеся бацьку, а не будзеце яго слухаць — давядзецца слухаць гудок”. Не ўдакладняў, які там — фабрычны ці заводскі, але даваў зразумець, што без ведаў, працы, дысцыпліны ў жыцці нічога значнага нельга дабіцца.

Калі ўзгадваў пра вайну, то часцей пра імперыялістычную, як ваяваў за цара і Айчыну, як затым дабравольцам пайшоў у Чырвоную Армію. Прымаў удзел у 20-я гады і ў белапольскай кампаніі, але пра гэтае гаварыў неахвотна.

У 1944 годзе, калі вызвалілі раён, Кірыла Яфрэмавіч, яму было ўжо 50 год, пайшоў вызваляць нашу зямлю ад акупантаў, вызваляў краіны Заходняй Еўропы.

Жыў сціпла, з лесу не браў для сябе нічога. А вось людзям, калі прыйшлося адбудоўвацца пасля вайны, шмат дапамагаў. Людзі яго за гэтае вельмі паважалі. Праўда, дысцыпліну трымаў, ставіў парушальнікаў на месца, але нікога дарэмна не пакрыўдзіў…

Дзядулеў наказ вучыцца, прабіваць дарогу ў жыццё сваім розумам Пётр выканаў. Добра вучыўся ў школе, закончыў у Мінску вучылішча, працаваў на чыгунцы. Але хутка зразумеў і тое, што было закладзена дзедам у глыбіню яго душы: горад, жыццё і праца ў ім — гэта не яго прызванне. Вярнуўся на Талачыншчыну, у родную вёску, стаў працягваць дзядулеву і бацькаву справу. І зараз пра гэтае яго добры, шчыры ўспамін:

— Кожны год мы ў сваіх угоддзях вясной і ўвосень высаджвалі па 60 — 70 гектараў лесу. Вось і прыкіньце, колькі за дзесяць год пасаджана яго з маім асабістым удзелам. Першая мая пасадка елкі была каля вёскі Рафалова. Дрэвам ужо 17 год. Моцна, трывала стаяць яны на гэтай зямлі, і вельмі каларытныя, прыгожыя. Наведваю, ходзячы ў грыбы, свае пасадкі ва ўрочышчы Рашачы, у Галанах, Харлінцах. Не абмінаю ўрочышча Касьянава ляда каля Рафалова, а некаторыя па прозвішчы майго бацькі называюць яго Грышановым лядам. У гэтым месцы, калі бацька працаваў лесніком, у нас сярод лесу быў агарод. Нешта кліча заўжды сюды. Па душы мне і ўрочышча Славіншчына…

Лес стаў жыццём для трох пакаленняў гэтай працоўнай дынастыі. І хоць Пётр Васільевіч Грышан зараз на заслужаным адпачынку, ён штогод з ахвотай і натхненнем прадаўжае любімы і важны для сябе занятак, высаджвае дрэўцы каля дому. Каб не пуставала зямля, каб не было пуста і ў душы, у якой з маленства прыцяжэнне да велічы дрэў, прыроды, узнясенне да свайго роду, пачаткаў, роднага краю.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2017
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене