Бізнес і закон: тры чалавекі прыцягнуты да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у бягучым годзе ў Талачынскім раёне
Закранаючы сёлета ў Пасланні беларускаму народу тэму актывізацыі дзелавой ініцыятывы, Прэзідэнт краіны акцэнтаваў увагу на тым, што палягчэнне ўмоў вядзення бізнесу не дае нікому права займацца бізнесам па-за рамкамі закону: “Яшчэ раз падкрэсліваю: ёсць аператыўная інфармацыя, што той ці іншы таварыш па-за законам дзейнічае, — не пытайцеся ні пра што, не збірайце мноства фактаў. Ёсць факт парушэння закону — туды яго (прыцягнуць да адказнасці — заўв. рэд.)”.
Мы пацікавіліся ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Талачынскім раёне, як вядзецца работа па выяўленні і прыцягненні да адказнасці асоб, якія незаконна займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Намеснік начальніка інспекцыі Шэбека А. І. паведаміла, што з пачатку года былі прыцягнуты да адказнасці тры асобы, з іх дзве за незаконны рознічны гандаль і адна за пасажыраперавозкі (зразумела, таксама незаконныя):
— У рамках выканання ўскладзеных на наша ведамства функцый мы пастаянна маніторым інтэрнэт, у прыватнасці — сацыяльныя сеткі, — паведаміла Алена Іванаўна. — Калі знаходзім незаконныя прапановы аб рэалізацыі тавараў ці паслуг, праводзім кантрольную закупку. У гэтым годзе такім чынам мы выявілі дзве фізічныя асобы, адна з якіх гандлявала, не маючы на гэта права, аэравырабамі (у ходзе кантрольнай закупкі набыты надзіманыя шары), і адна — прадуктамі харчавання (прададзены торт уласнага вырабу). Нелегальны пасажыраперавозчык аказваў паслугі на легкавым аўтамабілі (у прыватнасці, падчас кантрольнай закупкі ажыццёўлена дастаўка пасажыра з чыгуначнай станцыі да горада).
Папаўшыся ўпершыню, вышэйназваныя грамадзяне выплацілі суму падатку за адпаведны від дзейнасці. За паўторнае парушэнне давядзецца выплаціць яе ў пяціразовым памеры.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Ладно таксист , но за торт и шарики это просто абсурд. Людей постеснялись бы. Это все равно что утопающего веслом огреть вместо помощи.