У будучыню — з добрымі пажаданнямі: для выпускнікоў Славенскай школы застануцца назаўжды ў памяці апошнія хвіліны школьнага жыцця
Раніца 30 мая выдалася цёплай, сонечнай і поўнасцю адпавядала святочнаму і адначасова хвалюючаму настрою вучняў Славенскай сярэдняй школы, іх бацькоў і настаўнікаў падчас правядзення ўрачыстай лінейкі, прысвечанай заканчэнню навучальнага года і апошняму званку.
З цёплымі словамі найлепшых пажаданняў поспехаў на выпускных экзаменах звярнуўся да выпускнікоў дырэктар школы А. А. Белагураў. Усім астатнім вучням ён пажадаў прыемна і карысна правесці летнія канікулы, каб з новымі сіламі яны селі за парты ў наступным навучальным годзе.
Павіншавалі вучняў з заканчэннем навучальнага года намеснік старшыні райвыканкама В. А. Альхімовіч, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Т. М. Лахмотка, дэпутат Слаўнаўскага сельскага Савета М.Ф. Дзядзенка. Ніводнага не пакінулі раўнадушнымі сардэчныя словы першай настаўніцы А. С. Пасюцінай у адрас сваіх выхаванцаў. З наказам у будучае жыццё выступіла класны кіраўнік Л. М. Шарснёва. Галоўнае, падкрэсліла яна, не страціць сябе, стаць сапраўднымі людзьмі і грамадзянамі сваёй краіны.
Выпускнікі ў сваю чаргу падзякавалі ўсім настаўнікам школы за веды, душэўнасць і разуменне. Павіншавалі з заканчэннем школы старэйшых сяброў і першакласнікі.
Свята традыцыйна ўпрыгожылі вакальныя і танцавальныя нумары, розныя цікавыя сюрпрызы. Для выпускнікоў, безумоўна, застануцца назаўжды ў памяці гэтыя апошнія хвіліны школьнага жыцця.
Алена СЕРАДА.
Сенсационный материал.