“Вы на вяселле? Тады вам да аболецкіх “Суседзяў”
Калі вам давядзецца пабываць у аграгарадку Абольцы, абавязкова завітайце ў мясцовы сельскі Дом фальклору. Тут вас гасцінна сустрэнуць песнямі, навучаць танцаваць падыспань або “Рэчаньку”, пакажуць мясцовыя абрады, правядуць экскурсію па этнаграфічным кутку. Людзі, якія тут жывуць і працуюць, з любоўю да народнай творчасці свайго краю, трапяткімі адносінамі да спадчыны продкаў з энтузіязмам зрабілі гэты куточак Талачыншчыны надзвычай цікавым і “запаведным”.
Пачалося ўсё ў вёсцы Крывыя, дзе жывуць улюбёныя ў свой край людзі. Адной з іх была Ганна Іванаўна Конюшка, апантаная мясцовымі абрадамі. Яна сабрала вакол сябе такіх жа аматараў народнай творчасці. Разам яны па кроплі збіралі ўсё, што бытавала ў іх вёсках. Былі ўпэўненыя — сабранае неабходна паказаць на сцэне, пазнаёміць з ім нашага сучасніка.
Так з’явіўся фальклорны калектыў “Суседзі”, які аб’яднаў аднавяскоўцаў рознага ўзросту, сваякоў, сямейныя пары. Усё запісвалася, фіксавалася кожная дэталь, упрыгожваліся вышыванкай спадніцы, фартухі, хусткі.
Сельскі клуб у Крывых быў закрыты з адыходам з жыцця Ганны Маркаўны, а пачатую ёй справу прадоўжыў калектыў “Суседзі” на базе Аболецкага сельскага Дома фальклору, кіруе якім Лілія Леанідаўна Аўласенка. Маленькай дзяўчынкай разам з маці, татам і іншымі роднымі яна спявала і танцавала ў фальклорным калектыве. Лілія ўспамінае, як з дарослымі на кані з Шупеняў дабіралася на рэпетыцыі ў Крывыя.
Шмат дзе давялося пабываць “Суседзям”. Іх паказвала Беларускае тэлебачанне ў праграме “Вячоркі” з абрадам “Валачобнікі”, вясельным і хрэсьбінным абрадамі.
Фальклорны гурт зараз узначальвае знаўца мясцовых звычаяў Ганна Іванаўна Падбельская. Як і раней, у калектыве 15 чалавек ва ўзросце ад 25 да 67 гадоў. У рэпертуары гурта абрады, якія бытуюць на аболецкай зямлі і зараз.
На Каляды валачобнікаў чакаюць у кожнай хаце, па народным павер’і яны прыносяць гаспадарам удачу, добры ўраджай. Самае шматлюднае свята — Купалле, якое тут адзначаюць з захаваннем усіх народных звычаяў. Без удзелу калектыву не праходзяць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве пачатак пасяўной, жніво — абрады “Зажынкі” і “Дажынкі”, святы вёсак Замошша, Мікуліна, Крывыя, Лаўрэнаўка, Клябань.
Аболецкі калектыў прымае актыўны ўдзел у раённых і абласных конкурсах. У гэтым годзе яны зноў прадставяць на суд гледачоў фрагменты вясельных абрадаў у абласным аглядзе-конкурсе “Вялікая вясельніца-2017” ва Ушачах, а таксама будуць удзельнічаць у турніры народных танцаў на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Акрамя таго, на працягу бягучага года самадзейны калектыў прымае ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе сярод сельскіх устаноў на лепшую работу ў фальклорным напрамку.
Творчы патэнцыял калектыву невычарпальны, ёсць і шмат новых цікавых задумак. Толькі вось удзельнікаў гурта становіцца менш. Папаўняюць жа творчую скарбонку “Суседзяў” Валянціна Дзмітрыеўна Міхалінская, Тамара Міхайлаўна Сухаварава, Валянціна Сямёнаўна Шылала.
Пры пастаноўцы абрадаў самадзейныя артысты ўмела і пераканальна ў перадачы самога часу, скарыстоўваюць пралкі, вышываныя ручнікі, гліняны посуд, хатняе начынне і многае іншае. Усе гэтыя рэчы беражліва захоўваюцца ў этнаграфічным кутку.
Акрамя фальклорнага напрамку, установа культуры праводзіць шмат іншых мерапрыемстваў да знамянальных дат. У занятках гурткоў прымаюць удзел больш за трыццаць дзяцей і дарослых. Кожную суботу для моладзі наладжваюцца дыскатэкі.
Алена СЕРАДА.