Стан дарог: надзённыя задачы — абслугоўванне, рамонт і прафілактыка
Сярэдзіна лета — той перыяд, калі дарогі ўжо даўно прыведзены ў парадак пасля выпрабаванняў зімовым і вясновым надвор’ем, а наперадзе яшчэ шмат часу для больш грунтоўных, доўгатэрміновых работ. Мы пацікавіліся, што робіцца ці плануецца зрабіць на дарогах раёна ў бліжэйшы час.
— Нейкіх маштабных мерапрыемстваў пакуль што не прадбачыцца, — паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Арэх І. В. — Дарожныя прадпрыемствы займаюцца абслугоўваннем падведамасных ім участкаў (абкошванне, уборка і г. д.). ДРБУ-147 і ДЭУ-8 будуць праводзіць паверхневую апрацоўку.
Начальнік ДРБУ-147 Міхновіч М. М. растлумачыў, што на двухкі-ламетровым адрэзку дарогі ад мяжы з Аршанскім раёнам у напрамку Коханава плануецца правесці паверхневую апрацоўку (гэты працэс яшчэ называецца нанясеннем слою зношвання, рускамоўны тэрмін — “слой износа”). Вясною там быў пакладзены новы асфальт, і слой зношвання падоўжыць тэрмін яго службы, а таксама палепшыць счапленне аўтамабільных колаў з дарогаю.
Аналагічную работу пачало праводзіць (на здымку) назаўтра пасля нашай гутаркі прадпрыемства ДЭУ-8 у напрамку ад Маціёва да Талачына. Акрамя таго, начальнік ДЭУ-8 Яшчук С. Р. паведаміў, што праводзяцца рамонтныя работы на ўчастках з каляёй і ямкамі на дарозе М1/Е30.
Сяргей АБРАМОВІЧ.