Праца па стварэнні радаводу сям’і Шыдлоўскіх з’яўляецца прыкладам павагі да свайго роду
Як сведчыць гісторыя, веданне свайго роду да сёмага ці адзінаццатага калена ў мінулым стагоддзі было звычайнай справай. У некаторых сем’ях радаводы захаваліся да сённяшніх дзён і з’яўляюцца бясцэнным гістарычным рарытэтам. Аднак такіх радаслоўных адзінкі. З цягам часу даўнія традыцыі забываюцца, у выніку губляецца некалі непарыўная сувязь часоў і пакаленняў.
Прыкладам зацікаўленасці і павагі да свайго роду з’яўляецца карпатлівая праца па стварэнні радаводу сям’і Шыдлоўскіх, з якой нядаўна пазнаёміў нас дырэктар Жукнеўскай базавай школы-дзіцячага сада Віктар Мячаслававіч Шыдлоўскі. Ідэя ведаць свае карані ўзнікла ў бацькі Мячаслава Міхайлавіча, дапамагаў яму другі сын Міхаіл Мячаслававіч. Абодва і цяпер жывуць на суседняй Сенненшчыне, у вёсцы Каралі, дзе жылі калісьці іх дзяды і прадзеды.
Гадоў пятнаццаць таму бацька і сын пачалі яго распрацоўку з запісаў імёнаў продкаў свайго роду, успамінаў пажылых сваякоў. Па крупінцы яны збіралі звесткі, старыя фотаздымкі. Да рукапіснага тэксту былі прыкладзены ілюстрацыі, зробленыя аматарам жывапісу Міхаілам Мячаслававічам. На малюнках — старыя хаты з саламянымі стрэхамі, зямельныя надзелы, сад. Яму ўдалося трапна перадаць асаблівасці пабудовы жылых памяшканняў. Акрамя вонкавага выгляду, Міхаіл Мячаслававіч рэканструяваў унутраную планіроўку пакояў.
Адным з нашчадкаў роду Шыдлоўскіх з’яўляецца Аляксандр, сын Віктара Мячаслававіча. Яшчэ будучы вучнем жукнеўскай школы, ён таксама праявіў цікавасць да радаводу. Разам з бацькам яны прадоўжылі пачатую справу, дапоўнілі ўжо здабытыя звесткі, размясцілі фотаздымкі сваёй сям’і, пераклалі тэкст на беларускую мову. Аляксандр прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы сямейны летапіс “Мая сям’я ў асобах і падзеях” і быў адзначаны дыпломам.
У час вучобы ў Віцебскім політэхнічным каледжы ён зноў прыняў удзел у конкурсе даследчых работ на тэму “Генеалагічнае дрэва маёй сям’і”. Яшчэ глыбей яны з бацькам акунуліся ў гісторыю свайго роду, перавялі рукапісны тэкст у электронны варыянт, зрабілі схемы. У якасці крыніцы для атрымання звестак выкарыстоўвалі інтэрнэт. Зарэгістраваліся на расійскім генеалагічным сайце, знайшлі цікавыя кнігі пра апісанне Сенненскага павета, шмат чаго даведаліся не толькі пра сваіх родзічаў, але і пра ўмовы жыцця людзей у той час. Пры гэтым карысталіся кнігамі “Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях” пад рэдакцыяй А. С. Дэмбавецкага і “Сенненский уезд Могилевской губернии (1907 г.)” К. Т. Анікіевіча.
За гэтую працу Аляксандр быў адзначаны дыпломам трэцяй ступені. Даследаванне пакуль не закончана, плануецца яшчэ пабываць у Мінску ў НІАБ, бо, як паведаміў Віктар Мячаслававіч, дакладна вядома, што захаваліся дакументы Сенненскага касцёла з 1847 года, а таксама там можна знайсці запісы аб нараджэнні многіх іх родзічаў.
Значнае месца ў радаводзе займае даследаванне роду па бацькавай лініі, гэта быў найбольш цікавы момант працы. Па неправераных звестках, прапрапрадзед належаў да дваранскага роду Васілеўскіх, разарыўся і дзесьці ў пачатку 18 стагоддзя пераехаў з-пад Вільні ў Сенненскі павет Магілёўскай губерні. Звесткі аб родзе пачынаюцца з родных братоў Івана (год нараджэння 1854) і Бенедыкта (год нараджэння прыблізна 1858) Васілеўскіх.
Далей даследуюцца сямейныя лініі іх дзяцей да сучасных іх прадстаўнікоў. Апісваюцца характары і паводзіны некаторых сваякоў, як яны жылі, чым займаліся, які след пасля сябе пакінулі, даецца характарыстыка вёскі Каралі, дзе на месцы старой хаты пабудаваная новая і дзе зараз жывуць бацька і сын Шыдлоўскія.
Вось некаторыя звесткі пра вёску: “Год заснавання яе невядомы. У 1940 годзе налічвалася 25 двароў. Пражывала прыкладна 140 чалавек, з іх 80 дарослых і 60 дзяцей. Большая частка сямей трымала свіней, некаторыя авечак і ўсе без выключэння — кароў. У асноўным вырошчвалі бульбу і агародніну. У сярэднім у сем’ях было ад трох да пяці дзяцей. На фронт пайшлі 13 мужчын, вярнуўся адзін. За гады вайны загінула 6 жыхароў. Немцы спалілі чатыры дамы з пабудовамі, адзін разбурылі, спалілі кароўнік, канюшню, два прыватныя амбары і хлеў. У 1998 годзе ў вёсцы налічвалася 16 двароў…”
Радавод Шыдлоўскіх ствараўся трыма пакаленнямі людзей, неабыякавых да гісторыі свайго роду і краю. Рабілі яны гэта для сваіх нашчадкаў, якія прыйдуць пасля іх, каб ведалі, хто яны, якога роду і племені.
Алена СЕРАДА.