Калектыў Талачынскага лясгаса здольны і на творчыя рашэнні, і на самааддачу ў штодзённай працы
Развіццё лясной галіны з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў у эканоміцы дзяржавы. Перад лесаводамі як краіны, так і нашага раёна стаяць задачы павышэння эфектыўнасці і якасці працы, забеспячэння больш рацыянальнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу лясоў, навядзення ў ім ідэальнага парадку. Напярэдадні прафесійнага свята ўсіх работнікаў лесу мы пагутарылі з галоўным ляснічым ДЛГУ “Талачынскі лясгас” Вышадкевічам А. І. і папрасілі расказаць пра ключавыя напрамкі ў рабоце прадпрыемства, пра дасягнутыя за апошні час вынікі.
Агульная плошча зямель ляснога фонду лясгаса складае 59,3 гектара, з іх пакрыта лесам 57,8 гектара. На астатняй тэрыторыі праводзіцца аднаўленне лясных рэсурсаў натуральным ці штучным шляхам з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Сёлета лясгас упершыню высадзіў саджанцы елак з закрытай каранёвай сістэмай па фінскай тэхналогіі.
— Ажыццяўляем гэтае новаўвядзенне ў адпаведнасці з Галіновай праграмай па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у арганізацыях Міністэрства лясной гаспадаркі да 2020 года, — расказаў Аляксандр Іосіфавіч. — Сутнасць тэхналогіі ў тым, што саджанец высаджваецца не з голымі каранямі, а з камком зямлі. Дзякуючы гэтаму насаджэнні лепш пераносяць перасадку і прыжываюцца, растуць здаравейшымі. Народная мудрасць “садзі ў гразь — будзеш князь” страчвае актуальнасць, тэрміны лесапасадак і патрабаванні да ўмоў надвор’я пры іх правядзенні становяцца менш строгімі.
Да 2020 года, паведаміў наш субяседнік, доля лесапасадак, праведзеных з выкарыстаннем такіх саджанцаў, павінна дасягнуць у лясгасе 30%.
Ужо некалькі гадоў пастаўляецца на экспарт сучасны від паліва для цвёрдапаліўных катлоў — пелеты. З лютага мінулага года паспяхова працуе піларама, задавальняючы высокі попыт насельніцтва і прадпрыемстваў унутры краіны і нават вырабляючы прадукцыю на экспарт.
— Несумненна, адно з галоўных багаццяў нашага прадпрыемства — гэта людзі, якія тут працуюць, і іх дасягненні, — адзначае Аляксандр Вышадкевіч. — У мінулым годзе вадзіцель Леанід Зулеў адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай — медалём “За працоўныя заслугі”. У маі гэтага года па выніках працы за 2016-ты на раённую Дошку гонару занесены трактарыст Азерацкага лясніцтва Уладзімір Арлоў. Можна назваць яшчэ нямала іншых працавітых, сумленных, неабыякавых людзей, здольных на самаадданую працу і на творчы падыход пры вырашэнні разнастайных пытанняў.
Паколькі лес — адзін з асноўных прыродных рэсурсаў нашай краіны, ігракоў на звязаным з драўнінаю рынку — безліч, розных маштабаў і формаў уласнасці, таму любыя дасягненні, новаўвядзенні, а часам і звычайная штодзённая работа ў штатным рэжыме даюцца няпроста, патрабуюць як творчага падыходу, так і настойлівасці, цярпення, працавітасці. Калектыў Талачынскага лясгаса з годнасцю выконвае ўскладзеныя на яго функцыі гаспадара лесу, клапоціцца пра тое, каб гэтае багацце прыносіла нам дабрабыт сёння і перайшло ў спадчыну нашым нашчадкам.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
НА СНИМКЕ: саджанцы елкі з закрытай каранёвай сістэмай першага году вырошчвання (вырошчваюцца два гады, на трэці высаджваюцца) у гадавальніку Талачынскага лясгаса.