Экскаватаршчык, ад якога патрабуецца далікатнасць ювеліра
Свой працоўны шлях Аляксандр Шусеў пачаў шафёрам у сельгаспрадпрыемстве ў Жукневе (родам ён з Палюдава, гэта амаль побач). Пасля было некалькі паездак на заробкі ў Расію, а ў 2000 годзе ўладкаваўся ў ДБУ-63.
У дарожна-будаўнічае прадпрыемства Аляксандр Аркадзевіч быў прыняты ў якасці машыніста экскаватара (ужо меў адпаведны вопыт, пазней пры неабходнасці праходзіў разнастайныя курсы) і выконвае гэтыя абавязкі да сённяшняга дня.
— Давяраем яму самыя адказныя ўчасткі, там, дзе патрэбна ювелірная работа, а не проста капанне ямы ці канавы, — так ахарактарызаваў прафесійныя якасці работніка намеснік начальніка ДБУ-63 Ігар Насовіч. — Задачы заўсёды выконвае своечасова і якасна. З любой тэхнікай на “ты”.
— Пачынаў я ў ДБУ з экскаватара на базе аўтамабіля “Татры”, пазней быў у мяне гусенічны, у цяперашні час — колавы, — дзеліцца Аляксандр сваім вопытам. — На бульдозеры магу працаваць, на любой землярыйнай тэхніцы, уся яна праз мае рукі прайшла.
Удзельнікі конкурсаў прафесійнага майстэрства экскаватаршчыкаў звычайна закідваюць каўшом мяч у баскетбольны кошык, адкрываюць бутэлькі і выконваюць розныя іншыя далікатныя для такой тэхнікі заданні.
— Мы падобнымі практыкаваннямі таксама часам займаемся, мімаходам, у працэсе працы, дурэючы паміж сабою. Напрыклад, адкрытую скрынку запалак закрыць і не раздушыць, — расказвае Аляксандр.
А ў адказ на пытанне аб тым, што ў працы экскаватаршчыка дарожна-будаўнічага прадпрыемства самае складанае і адказнае, разважае:
— Адказнае ўсё, напартачыць можна ўсюды, калі не ўмеючы ўзяцца, ці без ахвоты. Тут, я лічу, усё залежыць ад таго, на сваім месцы чалавек ці не. Мне здаецца, прафесію вывучыць немагчыма, трэба проста знайсці тое, для чаго ты створаны. Камусьці ад прыроды дадзена спяваць прыгожа, а камусьці экскаватарам кіраваць дасканала. У мяне жыццё так склалася, што я трапіў якраз на свой шлях, знайшоў той занятак, які мне падабаецца і ў якім у мяне ўсё атрымліваецца. А на некаторых людзей шкада бывае глядзець: робіць штосьці абы адбыць, пакутуе, няма яму задавальнення ад гэтай справы, і вынікі працы ніякія.
Значную частку жыцця Аляксандр праводзіць на аддаленых аб’ектах, жыве ў вагончыках ці іншым часовым жыллі, якое знаходзіць прадпрыемства:
— Некаторыя нашы работнікі ў цяперашні час у інтэрнаце пасяліліся. А я больш прывык да вагончыка, там мне больш падабаецца. Бытавыя ўмовы належныя, цёпла, ёсць дзе і ежу прыгатаваць, і памыцца, у тым ліку і поўнасцю, так што ўсім задаволены.
Задаволеныя і ўсе, каму даводзіцца працаваць з Аляксандрам Шусевым, бо з прафесіяналам заўсёды прыемна мець справу. Таму нездарма па выніках працы за 2016 год ён быў занесены на раённую Дошку гонару.
Сяргей АБРАМОВІЧ.