На экскурсію ў лес — не выходзячы з Талачынскай раённай гімназіі
Куток лясной беларускай прыроды створаны ў раённай гімназіі. Ён размясціўся ў холе каля кабінетаў, у якіх праходзяць урокі гісторыі Беларусі і геаграфіі.
— Гэта спадчына Навінкаўскай базавай школы, — расказаў дырэктар гімназіі Завадскі У. М. — Калі ў працэсе яе расфарміравання паўстала пытанне, куды дзець такія каштоўныя экспанаты, як чучалы зубра, ваўка, касулі і іншых жывёл, то Наталля Аляксандраўна (дырэктар школы Ганчарова Н. А. — заўв. рэд.) паведаміла, што самым прымальным варыянтам лічыць гімназію. Спачатку жывёлы захоўваліся ў нас у майстэрнях для працоўнага навучання, пакуль мы рыхтавалі вітрыну для іх (дапамог у гэтай справе райвыканкам).
Працэс зацягнуўся на этапе афармлення сцяны. На ёй — выява лесу, і, калі глядзець на адлегласці, то пейзаж выглядае даволі праўдападобным, выклікае адчуванне прасторы, нібыта сапраўды там не сцяна, а лес. Аршанская фірма, у якой мы заказвалі гэтую выяву, доўга не магла надрукаваць яе, бо фотаздымак пры расцягванні да такога вялікага фармату страчваў якасць, распадаўся на пікселі (квадрацікі). У нейкі момант фірма нават гатова была адмовіцца ад выканання нашага заказу, але ў рэшце рэшт усё ж ім удалося знайсці эфектыўнае тэхнічнае рашэнне. Падлогу мы засцялілі мохам, паставілі елку, хвою, бярозку.
Цяпер гэтая частка будынка гімназіі стала вельмі папулярнаю, асаблі-ва сярод малодшых дзяцей, усім цікава паглядзець на насельнікаў беларускага лесу.
Запісаў Сяргей АБРАМОВІЧ.