З удзелам Міхаіла Шчарбянка ў Коханаве зроблена нямала карысных спраў у інтарэсах мясцовых жыхароў
Для Міхаіла Шчарбянка, які працуе начальнікам цэха ў СП “Святавіт”, заканчваецца ўжо другі тэрмін дзейнасці ў якасці дэпутата Коханаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Нямала карысных спраў зроблена з яго ўдзелам за гэты час у інтарэсах жыхароў гарпасёлка. Галоўным чынам гэта добраўпарадкаванне тэрыторый — адзін з самых праблемных і няўдзячных участкаў работы, таму што колькі тут чаго ні рабі, праблемы ўзнікаюць усё новыя і новыя, а зробленае нібыта і не заўважаецца, бо ўспрымаецца як належнае, само сабою зразумелае.
— Да ідэі стаць дэпутатам я прыйшоў не самастойна, — успамінае Міхаіл Юр’евіч. — Балаціравацца мне параілі некаторыя з людзей, якія ў той час працавалі ў сельвыканкаме або таксама былі дэпутатамі. Напэўна, з улікам свайго вопыту і ведаючы мяне асабіста, яны ўбачылі, што я мог бы прынесці нейкую карысць працуючы разам з імі. І я прыслухаўся да парады, вырашыў паспрабаваць зрабіць свой уклад у вырашэнне надзённых праблем нашага пасёлка, да якіх я заўсёды быў неабыякавы. Цяпер, азіраючыся на свой дэпутацкі стаж, магу сказаць, што ўсе мае калегі па гэтай дзейнасці — таксама людзі неабыякавыя і, што вельмі важна ў нашай рабоце, пазітыўныя, арыентаваныя на стваральную працу. Я не шкадую аб тым, што ў свой час прыняў рашэнне дапамагаць ім і стаў адным з іх.
Міхаіл Юр’евіч працуе на вельмі адказнай пасадзе: з’яўляючыся кіраўніком структурнага падраздзялення прамысловага прадпрыемства недзяржаўнай формы ўласнасці, не заўсёды адпросішся ад’ехаць кудысьці па сваіх асабістых ці дэпутацкіх справах. Акрамя таго, шмат часу даводзіцца праводзіць у камандзіроўках. Але, нягледзячы на гэта, ніякіх вострых супярэчнасцей паміж прафесійнай і дэпутацкай дзейнасцю і асабістым жыццём не ўзнікае: для справы, якую робіш ахвотна і з задавальненнем, заўсёды знойдзецца час.
— На шчасце, для маёй выбарчай акругі не характэрныя якія-небудзь праблемы сацыяльнага характару (нядобранадзейныя сем’і, асацыяльныя асобы і г. д.), даводзіцца мець справу ў асноўным з пытаннямі жыццезабяспячэння. Вяртаешся з працы, хтосьці сустрэў цябе каля пад’езда, папрасіў: ёсць такая і такая праблема, трэба вырашаць. Пагутарылі з чалавекам, абмеркавалі ўсе дэталі, прыкінулі план дзеянняў — і дзейнічаем. Напрыклад, у выніку зваротаў выбаршчыкаў пачыналі вырашацца пытанні добраўпарадкавання дваровых тэрыторый і абсталявання дзіцячых пляцовак на іх (дамы №13, №2), абрэзкі крон дрэваў уздоўж дарогі ад пасёлка ў прамысловую зону (голле, якое перыядычна падала з іх, пагражала людзям і аўтамабілям). Падобныя пытанні вырашаем, зразумела, у цесным супрацоўніцтве з жыллёва-камунальным прадпрыемствам, сярод супрацоўнікаў якога, дарэчы, таксама ёсць дэпутаты.
Сярод больш глабальных пытанняў, якія хвалююць Міхаіла Юр’евіча і зняць якія сіламі аднаго толькі дэпутацкага корпусу немагчыма, дэмаграфічная сітуацыя:
— Адным з напрамкаў работы па развіцці малых і сярэдніх гарадоў (у свой час нават прымалася адпаведная праграма рэспубліканскага маштабу) з’яўляецца стварэнне новых працоўных месцаў. Але, назіраючы за міграцыйнымі працэсамі ў нашым рэгіёне, я насцярожваюся: моладзь па-ранейшаму аддае перавагу вялікім гарадам, знайсці добрага спецыяліста сёння вельмі няпроста, і невя-дома, з кім мы будзем далей працаваць, калі такая тэндэнцыя не спыніцца.
Сам Міхаіл Юр’евіч заўсёды заставаўся верным сваёй малой радзіме. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі вярнуўся ў Коханава, дзе, дарэчы, адразу стаў працаваць далёка не кіруючым спецыялістам — вучнем трубазгінальніка (руск. “трубогибщик”) на тагачасным экскаватарным заводзе (цяпер “Амкадор-КЭЗ”). Пазней перайшоў на “Святавіт”, спачатку слесарам, а пасля заняў пасаду інжынера і нарэшце, у 2005 годзе, узначаліў цэх.
Як відаць, Міхаіл уласным прыкладам, працоўнай біяграфіяй дэманструе неабыякавасць да лёсу сваёй мясцовасці, вернасць роднай зямлі, адказнасць перад ёй, перад сваімі землякамі. Ён сур’ёзна думае пра заўтрашні дзень і старанна працуе дзеля таго, каб гэты дзень стаў для ўсіх лепшым.
Сяргей АБРАМОВІЧ.