“Паэтычны ветразь” прагучаў у Талачыне звонкімі, маладымі галасамі

6 марта 2018 14:37

Амаль чатыры гадзіны пяючымі гукамі перапаўнялася актавая зала сярэдняй школы №2 г. Талачына, дзе праходзіў раённы конкурс, прысвечаны Дню роднай мовы. Хочацца аддаць належнае раённаму аддзелу адукацыі, яго метадычнаму кабінету, якія, у ліку нямногіх на Віцебшчыне, зыніцыятавалі і правялі гэтае змястоўнае, кранаючае сваім зместам і гучаннем свята роднай мовы. Не меншае падзякі заслугоўваюць школы і асабіста тыя настаўнікі, якія рыхтавалі вучняў-спевакоў, дэкламатараў, танцораў, удзельнікаў сцэнічных пастановак, вядучых. Усе яны, разам узятыя, увасобілі канкрэтныя вобразы і дзеі, прапанаваныя сцэнарнай распрацоўкай свята настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 Святланай Пятроўнай Каркоцкай.

Паўнату, аб’ёмнасць мерапрыемству надавала не толькі колькасць удзельнікаў у ім (больш за 80), нумароў (30), але і прадстаўленыя ў чатырох намінацыях пісьменнікі і паэты-юбіляры — Якуб Колас, Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Максім Танк, Алесь Бачыла, Святлана Алексіевіч, Янка Маўр, Алесь Разанаў.

Адкрыў свята відэаролік “Радзіма мая дарагая”, падрыхтаваны вучнямі раённай гімназіі. Яны ж праз літаратурную кампазіцыю “Душы, апаленыя вайной”, якая суправаджалася фотаздымкамі, слайдамі, выразна, па-майстэрску прачыталі вершаваныя радкі пра вайну, прасякнутыя пачуццём трагізму для роднага краю і яго людзей. Уражлівасці ўспрыняцця хвалюючых радкоў дадавала не па-дзіцячы сур’ёзнае, з нюансамі драматызму адлюстраванне часу. У блоку разнажанравых твораў, належачых пяру Максіма Танка, вершы і вершаваныя казкі, тонка адчуваючы мелодыку твораў паэта, прадстаўлялі ўдзельнікі конкурсу са школ горада, а таксама Коханаўскай, Забалацкай, Славенскай школ. Пераўвасабленне ў вобраз лірычнага героя, зліццё сэнсу і гучання ўмела прадэманстравалі пры выкананні твораў М. Танка і С. Алексіевіч Даніла Ляшкевіч, Мікіта Емяльянаў, Аляксей Паляжаеў, Кацярына Буханцава, Станіслаў Скіпскі, Ульяна Козырава, Ганна Цывунель, Кацярына Гілясава, Ганна Рэпнік, Ларыса Маісеева, Дзіяна Кітаёва, Яніна Разумейка, Дзяніс Кацкель, Яна Пахоменка, творчы калектыў Аболецкай базавай школы.

Болем адгукаліся радкі з твораў лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч па чарнобыльскай тэматыцы. Вельмі важна, што школа сёння выхоўвае на такіх творах, якія перадаюць хоць і цяжкую, але праўду жыцця. Толькі праўда, веданне сапраўднай гісторыі і перажытага нашым краем адораць нас надзеяй на добрую будучыню, захаванне сябе як народа, нацыі.

Выдатна, з замілаваннем да кожнага радка і слова прагучаў блок твораў (вершы, урыўкі з паэмы “Новая зямля”) Якуба Коласа як у выкананні асобных вучняў, так і творчых калектываў — Бажэны Бярозкі, Максіма Мальцава, Лізаветы Трафімавай, Анастасіі Хусаінавай, калектываў з Жукнеўскай, Азерацкай школ і іншых. Дзякуючы “Паэтычнаму ветразю” прысутныя ўбачылі і працу, сялянскія заняткі ў розныя поры года і сялянскія святы, сумленнасць Міхала і дасціпнасць дзядзькі Антося, перанесліся ў краіну маленства герояў, паглядзелі, як і што падаецца на стол з нацыянальных страў беларусаў, як адзначаюцца Вялікдзень і Пакроў, даведаліся пра рэчы і прылады, якімі карыстаўся селянін, услухоўваліся ў лірычныя радкі пра прыроду Беларусі, яе культуру, мову, з гонарам успрымаючы ўслаўленне чалавека працы і яго ўмельствы, пяшчоту і любоў паэта да радзімы, бацькі і маці, дзядзькі Антося, братоў і сясцёр.

Бліскучыя артыстызм, жарт праявілі канкурсанты, перадаючы пінчуцкія гаворкі герояў камедыі “Пінская шляхта” Вікенція Дуніна-Марцінкевіча, камізм вобразаў. Разам з вучнямі-артыстамі шчыра з прыстава Кручкова, са шляхты, якая ўсялякую лухту прымае на веру, смяяліся і прысутныя ў зале. Выдатна ў ролі герояў камедыі выступілі вучні сярэдняй школы №2, Кастрычніцкай базавай школы.

Запамінальнымі для слухачоў з’явіліся выступленні фіналісткі рэспубліканскага конкурсу чытачоў “Жывая класіка” вучаніцы Коханаўскай сярэдняй школы Вікторыі Піліпёнак з прачытаннем урыўка з казкі Я. Коласа “Рак-вусач”, Ангеліны Пятрэнкі са Славенскай сярэдняй школы з выкананнем песні “Ганна” на словы Я. Коласа.

Свае ўласныя радкі прачыталі Ксенія Чумачэнка, Лізавета Зезюлевіч, Вячаслаў Агеенка, Яна Шастакова.

Уласна, галоўным у свяце роднай мовы і стала яе непаўторнае, натхняльнае гучанне. Усе пераканаліся, якая яна ў нас прыгожая, багатая і такая патрэбная кожнаму з нас, беларусу.

Са святам беларускай паэзіі, наогул роднай мовы, якая прагучала на Талачыншчыне сваім адметным голасам, яго ўдзельнікаў павіншавалі загадчыца метадычнага кабінета Ірына Уладзіміраўна Сушчая, метадыст аддзела адукацыі Рыма Кімаўна Франуза, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Коханаўскай сярэдняй школы, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання, член журы конкурсу Жанна Леанідаўна Бераснякова.

У намінацыі “Нам засталася спадчына” дыпломамі за першае месца журы конкурсу адзначаны творчы калектыў вучняў раённай гімназіі, вучаніца гімназіі Ларыса Лашкевіч, Вікторыя Піліпёнак і Кацярына Гілясава з Коханаўскай СШ, Кацярына Кандратовіч (СШ №2), Ганна Рэпнік (Славенская СШ). Другое месца ў гэтай намінацыі ў Яны Разумейкі (СШ №2) і Ганны Цывунель (Славенская СШ). Уладальнікамі трэцяга месца сталі Дзіяна Кітаёва (Забалацкая СШ), Бажэна Бярозка (СШ №1), Міхаіл Лісецкі (Усвіжбукская БШ), Яўген Зуеў (СШ №2).

Свае пераможцы вызначыліся ў намінацыі “І ў сэрцы нарадзіўся спеў”. Імі сталі Ангеліна Пятрэнка (Славенская СШ) і творчы калектыў вучняў 10 А класа СШ №2 г. Талачына. Другое месца ў Ларысы Маісеевай (Коханаўская СШ) і творчых калектываў з Аболецкай і Азерацкай базавых школ. Трэцяе месца ў Максіма Мальцава з СШ №2 і творчых калектываў з Жукнева, раённай гімназіі і Серкавіц.

У намінацыі “У вянок песнярам” уладальнікам першага месца стаў Андрэй Бяляцкі з СШ №1, другога — Аляксей Паляжаеў (раённая гімназія) і творчы калектыў вучняў з СШ №2.

У намінацыі “Час чытаць, захапляцца і спрачацца” першае месца адразу ў двух вучняў сярэдняй школы №2 — Дзіяны Шайтанавай і Вячаслава Агеенкі, другое — у Аляксандра Ліцвінкі (Забалацкая СШ), Марыі Аўсюк (СШ №2), Ксеніі Чумачэнкі (СШ №1) і Лізаветы Зезюлевіч (СШ №1), трэцяе — у Яны Шастаковай з Жукнеўскай базавай школы.

Добра аб свяце з падзякай яго ўдзельнікам за прачытанае і выказанае роднае слова сказала Жанна Леанідаўна Бераснякова: “Сапраўды, усё было так урачыста, прыгожа. Мы адчулі, як гэта прыемна гаварыць на сваёй мове, меладычнай, прыгожай, чароўнай…”.

Пэўна, толькі ў такім асяродку яшчэ глыбей разумееш, чаму наша Радзіма завецца гэтак светла — Беларусь і што абуджае беларуса да слова, творчасці, здзіўлення ўсім простым і глыбокім, што вакол нас. Гэта нашае паяднанне са словам, гукамі роднай мовы, з непаўторнасцю роднага краю, песнямі і казкамі далёкіх і блізкіх продкаў і іх светаўспрыманнем.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене