Суботнік паклаў пачатак адраджэнню гарадзішча ў Друцку
У суботніку па добраўпарадкаванні Друцкага старажытнага гарадзішча прынялі масавы ўдзел работнікі і кіраўнікі райвыканкама, яго аддзелаў і ўпраўленняў, прадпрыемстваў і ўстаноў. За некалькі гадзін работы аблічча гэтага ўнікальнага помніка гісторыі было не пазнаць — высечана і звезена кустоўе, ачышчана ад смецця і сухой травы тэрыторыя.
Калісьці адсюдь на бойку з ворагамі крочылі друцкія волаты, верныя саюзніцкаму абавязку. Кулікова поле, Грунвальд… Нямала дручан палягло там. Адсюль вытокі Соф’і Друцкай (Гальшанскай), якой лёсам было наканавана стаць польскай каралевай і роданачальніцай слаўнай дынастыі Ягелонаў. Не кожны раён можа пахваліцца такімі знакамітымі мясцінамі.
Па словах старшыні райвыканкама Сяргея Валер’евіча Ягорава, у гэты дзень суботніка пакладзены пачатак у адраджэнні старажытнага гарадзішча. Наперадзе чакае яшчэ шмат работы. Ён падзякаваў удзельнікам суботніка за іх працу, выразіў надзею, што яны яшчэ не раз з гэткім жа энтузіязмам прымуць удзел у адраджэнні Друцкага гарадзішча.
Прыемна здзівіў людзей неспадзяваны прыезд на гарадзішча друцкіх князя і княгіні, якія павіталі ўдзельнікаў суботніка.
Усе з задавальненнем паслухалі старадаўнюю музыку і любаваліся танцамі нашых продкаў. Прадстаўленне падрыхтавалі выкладчыкі Талачынскай дзіцячай школы мастацтваў.
Марыя ХМЯЛЮК.