Жыхар Коханава Мікалай Петрушэнка з клопатам і душой адносіцца да птушынага царства

6 июня 2018 10:18

Нядаўна мы пабывалі ў  г. п. Коханава ў члена прыродаахоўнай грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” Мікалая Сямёнавіча Петрушэнкі. Ён правёў для нас пазнавальную экскурсію на эксперыментальнай пляцоўцы па назіранні за птушкамі на сваім падворку.

Напачатку Мікалай Сямёнавіч спыняе нас і звяртае ўвагу на вялікую грушу. На адной з галін сярод густога лісця ледзьве бачна дуплянка, дзе жыве верабей дамавы. Па галасах птушанятак адчуваем — прыйшоў час абеду. Такіх дуплянак на пляцоўцы 26. Зроблены яны рукамі самога гаспадара. Птушкі адчуваюць сябе ў натуральным асяроддзі, усе дуплянкі, у тым ліку двухпавярховыя, заселеныя.

Пад дахам веранды домік для гняздоўя мухалоўкі. Праз яго вялікую адтуліну яна вылятае і дастаўляе корм. Пад комінам знайшла сабе прытулак пліска, у вышчарбленых адтулінах сцяны дома — каменка. А ў адной з іх сёлета наладзіў гняздо шпак. Гэта значыць, птушка давярае гаспадарам. Дарэчы, яна сядзела непадалёку на правадах з кормам у клюве і чакала, калі мы  адыдзем далей ад гнязда.

Наступную дуплянку аблюбавала верцішэйка. Яна надта не любіць, калі яе чапаюць у час высіджавання птушанят, сіпіць і выцягвае шыю, як змяя, так адпуджвае нечаканых гасцей. Дарэчы, гэтая птушка — добры памочнік садаводам, бо яна знішчае мураўёў. На даху адной з дуплянак зрабіў гняздо рабіннік. Нам быў бачны толькі кончык яго хваста. У густых зарасніках клямаціса віюць свае гнёзды канаплянкі. Залівістыя пералівы салаўя можна пачуць з куста лімонніка.

Мара Мікалая Сямёнавіча — мець на сваёй пляцоўцы гняздо сыча дамавога, або савы. Для гэтага  падрыхтаваны дзве дуплянкі. Па яго меркаваннях, яны павінны спадабацца начным птушкам. Пад птушыныя гнёзды ён прыстасаваў таксама стары абутак, у ім віе сваё гняздо мухалоўка.

У дуплянках на ноч хаваюцца і сінічкі. Зімой на суседнім участку зроблена падкормачная пляцоўка для курапатак. Сёлета  іх перазімавала каля дзясятка птушак. Яны маскіруюць  сваё гняздо так, што цяжка заўважыць пры кашэнні, у выніку чаго птушкі могуць загінуць. Зроблена ў яго і гняздоўе для ўдода.

Мы прыселі на лаўку, услухоўваючыся ў чароўны спеў птушак. І цуды гэтыя наблізіў да сябе менавіта чалавек, паказаў, як гэта рабіць на асабістым прыкладзе. Усё, што расказаў  пра птушак Мікалай Сямёнавіч, яго назіранні і вывады, апісаць немагчыма.

Пра некаторых птушак іншы раз яму паведамляюць сябры і знаёмыя людзі. Вялікая ўдача, калі атрымліваецца зрабіць фотаздымак той або іншай птушкі  і адправіць яго на адрас арганізацыі. Дарэчы, яна самая масавая і  аўтарытэтная па ахове птушак ў Беларусі. На тэрыторыі біялагічнага заказніка “Тураўскае балонне” праводзяцца спецыяльныя даследаванні і назіранні за птушкамі, іх рэдкімі відамі і іх кальцаванне. Заказнік — частка міжнароднай сеткі тэрыторый, важных для птушак. Знаўцам драпежных птушак з’яўляецца Валерый Дамброўскі. Родам ён з Коханава, працуе навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах”. Яшчэ адзін наш зямляк, Алег Астроўскі, працуе ў лабараторыі цэнтра арнітолагам.

Кожны год у пэўныя дні ў рэспубліцы праводзяцца назіранні за птушкамі. Мікалай Сямёнавіч прымае ў гэтым актыўны ўдзел. Ён здымае  відэа або робіць фотаздымкі птушак і накіроўвае справаздачу на сайт таварыства. Такім чынам уносіць свой уклад у патрэбную для прыроды і чалавека справу.

Аматар птушак не адзінокі ў сваім захапленні. Праяўляюць цікавасць да гэтага таксама загадчыца Коханаўскай бібліятэкі Марына Цупрыяновіч і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Коханаўскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Ірына Бусько. Яна з’яўляецца захавальнікам калоніі стрыжоў. Назірае за птушкамі разам з вучнямі настаўніца біялогіі Коханаўскай СШ Таццяна Куратнік. Да гэтай справы Мікалай Сямёнавіч прыцягвае і сваіх унукаў. У дзень назірання яны прыязджаюць у Коханава, разам лічаць птушак, якіх убачылі, робяць фотаздымкі. Аднойчы ім пашчасціла сфатаграфаваць самую буйную птушку ў Беларусі — арлана белахвостага. Даны факт стаў вялікай удачай. На Талачыншчыне гэтая птушка не гняздзіцца, ёй патрэбны вялікія азёры, дзе многа рыбы. А яшчэ ўдалося зрабіць фотаздымак гнязда ястраба.

Сёлета па ўсёй Беларусі налічвалася каля 200 пляцовак назірання за птушкамі. Самай папулярнай акцыяй з’яўляецца назіранне на кармушках. Сёлета за два зімовыя дні ў сярэдзіне студзеня зроблена 200 справаздач, з іх амаль палова прыходзіцца на наш раён. У кола назіранняў уключыліся бібліятэкі, школы, дашкольныя установы. Дапамагаў, кансультаваў іх Мікалай Сямёнавіч.

Істотную дапамогу яму па ўтрыманні падворка аказвае жонка Галіна Васільеўна. Кожны кавалачак зямлі тут заняты садовымі дрэвамі, пладовымі кустамі, прыгожымі кветкамі, рэдкімі раслінамі. Сваё шыкоўнае царства прыгажосці вядзе Галіна Васільеўна з вялікай любоўю, як асобную гаспадарку.

Акрамя эстэтычнай асалоды, расліны з’яўляюцца кармавой базай для некаторых птушак. Каліну, напрыклад, любіць амялушка. А нядаўна ўзышла касмея — лепшы корм для шчыгла, які з’яўляецца сімвалам гэтага года ў Беларусі.

15 чэрвеня будзе адзначацца Міжнародны дзень юнага натураліста. Усе, хто нераўнадушны да жывой прыроды і жадае ўнесці свой уклад у гэтую добрую справу, могуць падключыцца да назірання за птушкамі.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 9.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +2 (from 2 votes)
Жыхар Коханава Мікалай Петрушэнка з клопатам і душой адносіцца да птушынага царства , 9.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Июнь 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Май   Июль »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене