Купалле ў Талачыне: прысмакі, вогнішча з карагодам і добры настрой
Як заўсёды, весела, захапляльна і душэўна прайшло ў Талачыне любімае ўсімі старажытнае Купалле. Праз густое голле дрэў у парку «Юзэфполле» прабівалася жоўта-чырвонае святло вечаровага сонца, легкі подых ветру час ад часу разносіў па наваколлі водар шашлыка, прылаўкі гандлёвых палатак вабілі багаццем колераў і формаў кандытарскіх вырабаў.
Інтэрактыўную казачна-гумарыстычную пастаноўку работнікі раённага Цэнтра культуры сёлета правялі цалкам на беларускай мове, дзякуючы чаму атмасфера свята атрымалася больш натуральнай, аўтэнтычнай і шчырай. Купалінка, Ведзьма, Кікімара, Чорт, Лесавік, Цыганка цешылі гледачоў усялякімі сваімі спрэчкамі ды інтрыгамі, а таксама заклікалі ўсіх ахвочых да ўдзелу ў забавах — паваражыць на суджанага, праспяваць прыпеўкі, пагуляць у рухавыя гульні.
Пасля былі канцэрт і дыскатэка, а ў 11 гадзін начная цемра расступілася — і людзі масава накіраваліся да галоўнага атрыбута гулянняў, купальскага вогнішча. Адны здымалі яго на камеры, іншыя рабілі на яго фоне сэлфі, але не засталася забытаю і старажытная забава: дарослыя і дзеці, адгукнуўшыся на заклік арганізатараў свята, узяліся за рукі і пайшлі вакол вогнішча карагодам.
Магчыма, хтосьці пры гэтым, успрымаючы карагод як магічны рытуал, загадваў нейкае жаданне, а хтосьці і проста весяліўся, зараджаючыся добрым настроем і энергіяй.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Жаль, нет фото…Ведь многие не дождались темноты…
И всё-таки праздники были интереснее, когда они проходили на стадионе “Мелиоратора”.