Добрае задуманае пераўтвараецца ў такія ж справы: у Абольцах адкрылі памятны знак

10 сентября 2018 13:43

У Абольцах адбылося адкрыццё памятнага знака на месцы колішняга касцёла найсвяцейшай панны Марыі. На таблічцы, прымацаванай да каменя, на лацінцы выпісаныя словы: “У 1387 годзе вялікім князем літоўскім і каралём польскім Ягайлам тут пабудаваны адзін з першых касцёлаў на тэрыторыі Беларусі”.

Ідэя ўстаноўкі памятнага знака ў гэтай маляўнічай мясціне на клябанскай зямлі прыйшла да маладога спецыяліста, учарашняга выпускніка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Віталія Валаткевіча, калі ён у 2016 годзе быў накіраваны на працу ўрачом агульнай практыкі ў Аболецкую сельскую ўрачэбную амбулаторыю. Ён звярнуў увагу на тое, што ўстанова аховы здароўя знаходзіцца ў месцы, якое вядомае ў пісьмовых крыніцах яшчэ з ХІV стагоддзя. Але да нашых дзён дайшлі толькі рэшткі скляпенняў, зруйнаваныя з зямлёй, дзе былі пахаваныя служыцелі касцёла. Дзе-нідзе сярод векавых ліпаў выглядалі чырвоныя цагліны мураваных уваходаў у скляпенні.

Цікавасць, чаму так адбылося, і стала тым першым штуршком, які надаў жадання звярнуцца да розных пісьмовых крыніц, распавядаючых пра той далёкі час і падзеі, якія адбываліся ў гэтай частцы нашага краю на працягу стагоддзяў. Рабіў гэтае Віталій нязмушана, таму што яшчэ з малых год праяўляў цікавасць да гісторыі, набываў у старшых класах у кнігарнях разнастайную літаратуру, уважліва паглыбляўся ў яе змест. Не пакідаў свайго захаплення і ў студэнцкія гады. Сапраўднымі лекамі для яго душы ў свабодную хвіліну станавіліся часопісы і кнігі на гістарычную тэматыку.

Гісторыя гэтага храма і могілак, прылягаючых да яго, па-асабліваму ўсхвалявала Віталія Уладзіміравіча. Так, што разбурана, тое не вернеш. Але ж нельга забывацца на лёс — доўгі і ў шмат чым пакутны, які неадлучны ад нашай гісторыі, дзяржаўнасці, падзей у краіне, у жыцці мясцовых людзей, які прыйшоўся на долю касцёла ў Абольцах. Тым больш, што Віталій Валаткевіч адчуў падтрымку ў сваіх пошуках і сярод абальчан, і людзей суседніх вёсак, і мясцовай улады.

Вывучыўшы цікавячыя яго моманты дасканала, улічваючы думку вяскоўцаў, кіраўніцтва сельвыканкама, ён з дапамогай аднадумцаў пачаў работы па ўзнаўленні пахаванняў і ўстаноўцы помнікаў на месцы, дзе яны стаялі яшчэ ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. На сённяшні дзень гэта пяць помнікаў з надпісам, хто пахаваны на гэтай зямлі.

На адкрыццё памятнага знака сабралася шмат людзей з Абольцаў, Клябані, Дабравольска, Заазер’я і іншых вёсак. З раёна ўдзел у мерапрыемстве прыняла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валевіч А. В.

Старшыня Аболецкага сельвыканкама Міхалап В. Г. нагадала, якое запусценне было на гэтым месцы раней і якія змены адбыліся дзякуючы неабыякавасці мясцовых жыхароў і асабіста ўрача Аболецкай урачэбнай амбулаторыі Віталія Уладзіміравіча Валаткевіча. Гэты знак, адзначыла выступоўца, напамін усім, як неабходна беражліва захоўваць традыцыі сваіх продкаў, памятаць мінулае свайго народа. Ён сведчанне таго, што памяць жыве, што і цяперашняе пакаленне беларусаў будзе шанаваць гісторыю свайго краю і сваёй Радзімы.

Цікавы, змястоўны аповед, што ўяўляюць сабой Абольцы для нас, сучаснікаў, зрабіў Віталій Валаткевіч.

— Ступіўшы на гэтую зямлю, я адчуў усю яе незвычайнасць. Упершыню яна ўзгадваецца ў 1387 годзе, праз два гады пасля заключэння Крэўскай уніі, як уладанне Ягайлы, пакінутае яму бацькам Альгердам. У гэтым жа годзе Ягайла заснаваў тут касцёл. Можна толькі ўявіць сабе, якое вялікае значэнне надавалася Абольцам, калі касцёл тут пачалі будаваць адначасова з касцёлам святых Янаў у Вільні. Яшчэ адзін касцёл быў узведзены ў Гайне, на тэрыторыі цяперашняга Лагойскага раёна.

Гэтае месца стала сведкам значных падзей. Згодна з Хронікай Быхаўца, вялікі князь Літвы Аляксандр Ягелончык, унук Ягайлы, прымаў у 1499 годзе ў Абольцах маскоўскага пасла.

У першай палове XVI ст. польскі кароль і князь літоўскі Жыгімонт I Стары падарыў Абольцы разам з мястэчкам Смальяны сваёй жонцы — міланскай прынцэсе Боне Сфорцы. Пазней яе сын Жыгімонт II Аўгуст перадаў Абольцы і Смальяны збегламу з Масквы Андрэю Курбскаму, які ў час Лівонскай вайны ўзначальваў войска Маскоўскага царства. Курбскі з князем Сангушкам робіць іх абмен на Ковель.

З часам цагляны касцёл у Абольцах разбураўся, прыходзіў у заняпад. У 1809 годзе на яго месцы быў пабудаваны драўляны касцёл. Менавіта ў гэтым сваім выглядзе ён і захаваўся ў гісторыі. З 1917 года ў Аболецкім касцёле служыў ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы як паэт Андрэй Зязюля. Ён быў перакананым беларусам: вёў службу на беларускай мове, касцёльны хор спяваў беларускія рэлігійныя песні. У яго вершах кожнае слова нясе пранізлівую любоў да роднага краю:

Старонка родная, ты многімі забыта.
Шмат спіць сыноў тваіх адвечным сном!
Зямелька родная, слязьмі і потам злітая —
Мы да жыцця з табой уваскрасём…

У 1939 годзе Абольцы наведаў пісьменнік Юрка Віцьбіч. Ён пакінуў такое апісанне касцёла: “Неўзабаве я падыходзіў да касцёла з могільнікам вакол, паасобку стаяла невялічкая званіца, званы якой колькі год таму, як дазнаўся, былі здрушчаныя. Сам драўляны, ён быў абшаляваны старчма грубымі дошкамі, на якіх дзе-нідзе захавалася цёмна-блакітная фарба. Ягоны адзіны купал, як і ганак, пакрывіліся”…

У 50-я гады касцёл быў канчаткова разабраны…

Пачаўшы з аднаўлення месца пахавання, могілак каля касцёла, Віталій Валаткевіч сумесна з сельвыканкамам плануе аднавіць у межах размяшчэння колішняга касцёла змялелую крыніцу і сажалку. Безумоўна, справа гэтая важная, яна хоць крыху наблізіць аблічча мясціны да яе першаснага выгляду, але патрэбныя для выканання работ пэўныя сродкі. Калі будзе такі водгук з боку прадпрыемстваў, прыватных уласнікаў, грамадскасці, то можна рэальна зрабіць Абольцы помнікам пад акрытым небам перыяду своеасаблівага рэнесансу на нашых землях. Менавіта ў гэты час тут ідзе пашырэнне кнігадрукавання, граматнасці сярод шляхты і простых людзей. Быў утвораны важны палітычны саюз дзвюх дзяржаў. Але не абыходзілася і без адмоўнага. Паланізацыя вяла да страты нацыянальнай культуры, роднай мовы, да ўзнікнення розных супярэчнасцей у краіне.

Ксёндз Іозеф Талачынскага касцёла Святога Антонія асвяціў памятны знак, правёў малебен, павіншаваў прысутных з важнай падзеяй у жыцці нашага краю. У Год малой радзімы гэта прыкметны ўклад у адраджэнне і развіццё асобна ўзятага куточка Талачыншчыны.

Віктар БІРУКОЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (3 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +3 (from 3 votes)
Добрае задуманае пераўтвараецца ў такія ж справы: у Абольцах адкрылі памятны знак, 10.0 out of 10 based on 3 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Один комментарий на “ Добрае задуманае пераўтвараецца ў такія ж справы: у Абольцах адкрылі памятны знак ”

  1. Якуб Лойка , 21 сентября 2018 , 13:14

    Наша Ніва перадрукавала артыкул
    https://m.nn.by/articles/216328/

    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: 5.0/5 (1 vote cast)
    VA:F [1.9.22_1171]
    Rating: +2 (from 2 votes)

Написать ответ к Якуб Лойка

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене