Талачынскі кансервавы завод — сярод лідараў па вытворчасці бульбы
У панядзелак БелТА паведаміла са спасылкаю на Мінсельгасхарч, што ў цэлым па рэспубліцы ўбрана 54,3% бульбы.
А Талачынскі кансервавы завод па стане на гэты дзень ужо наблізіўся да завяршэння ўборкі, прадпрыемству заставалася выкапаць 16 гектараў з 900. На жаль, работу прыпыніў дождж.
— Калі б не перашкодзіла надвор’е, то за дзень-паўтара мы завяршылі б уборку, — паведаміла галоўны аграном прадпрыемства Капранава Т. М. — Дакопваем позні сорт беларускай селекцыі Лель. Ён якраз канчаткова сфарміраваўся, паспеў, бацвінне трымалася да апошніх дзён, так што ўборка ажыццяўляецца ў найбольш аптымальныя тэрміны.
На агульнарэспубліканскім фоне кансервавы завод лідзіруе не толькі па тэмпах, а і па ўраджайнасці. Па стане на 24 верасня яна складала 417 цэнтнераў з гектара, у той час як сярэдні паказчык па краіне быў 287,6 ц/га.
Сяргей АБРАМОВІЧ.