Настаўніца Забалацкай сярэдняй школы Алена Акуленка выхоўвае любоў да роднай мовы
У дзяцінстве Алена вельмі любіла чытаць, прычым гэта былі самыя розныя творы. Пачынала з казак, апавяданняў і аповесцей, паступова захапілася айчыннай і замежнай класікай. Як да лекаў душы адносілася да кніг Івана Шамякіна. Яна была адной з самых актыўных наведвальніц гарадской дзіцячай бібліятэкі. Чытанне ў школьныя гады перарасло ў захапленне на ўсё жыццё. Адно, што Алена аддае перавагу творам на гістарычную і маральна-этычную тэматыку.
Карані яе тут, у Талачыне, дзе жылі і працавалі далёкія і блізкія продкі, тут жывуць бацькі. Яна ўсім сэрцам любіць родны горад, радуецца добрым зменам, якія адбываюцца ў ім.
Вучылася Алена Мікалаеўна ў сярэдняй школе №2. Прайшло шмат гадоў пасля яе заканчэння, але ў памяці назаўсёды засталіся слушныя парады, урокі жыцця і дабрыні, самаадданасці і інтэлігентнасці такіх настаўнікаў, як Зінаіда Віктараўна Шныркевіч, Алена Фёдараўна Баркоўская, Пётр Васільевіч Жураўскі і іншыя.
У адзінаццатым класе яна вырашыла стаць настаўніцай. У верасні 1991 года прыйшла працаваць у Забалацкую сярэднюю школу пянерважатай, праз год стала выкладаць тут беларускую мову і літаратуру. Завочна закончыла факультэт беларускай філалогіі і гісторыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
Яе педагагічнае крэда — не з ведамі да вучняў, а з ведамі да ведаў. Урокі стараецца выстройваць з цікавасцю для дзетак. Прыярытэтным накірункам у яе педагагічнай дзейнасці з’яўляецца выкарыстанне тэхналогіі праблемнага навучання на ўроках і пазакласнай дзейнасці. Галоўную задачу Алена Мікалаеўна бачыць у прывіцці ў выхаванцаў любові і цікавасці да роднага слова, пазнанне мовы праз цудоўныя творы баларускіх класікаў, знаёмства з сучаснымі паэтамі і празаікамі. Вучні Алены Мікалаеўны Акуленкі — актыўныя ўдзельнікі раённых прадметных алімпіяд.
Яшчэ адно захапленне Алены Мікалаеўны — падарожжы. Яна арганізоўвае экскурсіі для вучняў і настаўнікаў па знакамітых месцах Беларусі.
Напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў перадае шчырыя словы прывітання сваім калегам:
— Ад усяго сэрца жадаю ўсім здароўя, поспехаў у здзяйсненні вашых планаў і задум, жыццёвага аптымізму, стабільнасці ў жыцці, павагі калег, вучняў і іх бацькоў. Заставайцеся заўсёды прывабнымі, мудрымі, сапраўднымі майстрамі сваёй справы.
Алена СЕРАДА.
Настаўніца Забалацкай сярэдняй школы Алена Акуленка выхоўвае любоў да роднай мовы,