Шматдзетная маці Людміла Шалухоўская з Талачына — у ліку лаўрэатаў абласной прэміі імя Тусналобавай-Марчанкі

12 октября 2018 14:56

У гэтым годзе разам з іншымі жанчынамі Прыдзвіння лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі стала наша зямлячка Людміла Шалухоўская, маці траіх дзяцей. Для яе, прызналася маладая жанчына, гэтая навіна аказалася адначасова прыемна нечаканай і  вельмі важнай.

Яна ўвайшла ў рады тысяч дастойных жанчын-маці Беларусі, якія самааддана выхоўваюць дзяцей, працуюць, клапоцяцца не толькі пра свой дабрабыт, але і пра іншых людзей. Сярод іх — мэтанакіраваная і міласэрная, цвёрдая духам і адначасова па-жаноцку пяшчотная, мудрая і добразычлівая Людміла Шалухоўская.

У інтэрнаце на вуліцы Энгельса маладая сям’я Шалухоўскіх жыве шэсць год. Нядаўна яна папоўнілася — нарадзілася трэцяе дзіця, дачушка Дарына. Асабліва радаваўся яе з’яўленню на свет бацька Яўген. І хаця ён заняты зранку да позняга вечара, працуе электрагазазваршчыкам на Талачынскім кансервавым заводзе, заўсёды знаходзіць час, каб пацікавіцца школьнымі справамі сыноў, пагуляць з дачкой.

Прыветліва сустрэла нас маладая гаспадыня. Месца ў двух пакоях няшмат, але чыста і ўтульна, усюды адчуваецца клапатлівая жаночая рука. Людміла прызналася, што не могуць дачакацца, калі закончыцца будаўніцтва ўласнага дома і яны змогуць туды пераехаць.

Яны абодва родам з Талачыншчыны. Людміла закончыла дзевяць класаў СШ №2, потым швейнае аддзяленне Коханаўскага сельскагаспадарчага вучылішча. Па сваёй спецыяльнасці не працавала, але набытыя навыкі спатрэбіліся ў далейшым жыцці. Маладыя людзі спадабаліся адзін аднаму з першага позірку, праз тры гады згулялі вяселле. Спачатку жылі ў бацькоў, потым некалькі год здымалі кватэру. Калі абодва  пайшлі працаваць на тэкстыльную фабрыку, у інтэрнаце ім быў выдзелены адзін, а потым, па іх просьбе, два пакоі.

Тэкстыльная фабрыка спыніла сваю дзейнасць, і маладыя людзі былі вымушаны шукаць новую работу. Уладкаваліся на Талачынскі кансервавы завод. Людміла рабіла на розных участках, а з чэрвеня 2012 года працуе садаводам у прамысловым садзе. Прадпрыемства накіравала на курсы каршчыка і электрагазазваршчыка мужа Яўгена. Па іх словах, работа ім падабаецца, ды і заробак іх задавальняе.

Хто, як не маці, добра ведае звычкі і характар свайго дзіцяці? Каму, як не ёй, вядомая кожная яго рысачка? Людміла шмат часу ўдзяляе выхаванню дзяцей, прывучае іх да самастойнасці, адказнасці за свае ўчынкі. Прызнаецца, што ў сям’і звычайна яна прымае рашэнні, папярэдне параіўшыся з мужам. З дзецьмі прытрымліваецца па-сяброўску даверлівых узаемаадносін, але пры гэтым кантралюе іх паводзіны.

Старэйшаму сыну Руслану споўнілася 15 год, ён — гонар бацькоў. Юнак займаўся грэка-рымскай барацьбой у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Неаднаразова займаў прызавыя месцы ў рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. А ў гэтым годзе Руслан стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў 2003 — 2005 гадоў нараджэння. Далейшую вучобу і заняткі спортам ён прадаўжае ў Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Увесь вольны час праводзіць на трэніроўках, марыць у будучым дасягнуць большых поспехаў, стаць дзіцячым трэнерам у гэтым відзе спорту.

Сярэдні Арцём вучыцца ў трэцім класе. Дома хлопчык дапамагае маці займацца з сястрычкай. Захапляецца пашывам мяккай цацкі і вышыўкай. Любімыя прадметы ў школе — матэматыка і англійская мова. Марыць пабываць у замежных краінах, навучыцца размаўляць з людзьмі, якія там жывуць. Арцём таксама з задавальненнем займаецца спортам.

Любіміцы ўсёй сям’і Дарыне 10 месяцаў. Яна ўжо самастойна тупае  ножкамі, любіць прыбірацца і пазіраваць у аб’ектыў. Маленькая прынцэса вітае ўсіх радаснымі гукамі на сваёй мове, дапытліва назірае за ўсім, што адбываецца вакол. Дапамагае даглядаць дзяцей маці Людмілы Тамара Дзмітрыеўна.

У цэнтры пытанняў, вырашаемых у сям’і, — будаўніцтва ўласнага дома. Як шматдзетнай сям’і ім быў выдзелены зямельны ўчастак на вуліцы Падгорнай і крэдыт. Пасля нараджэння Дарыны частка яго (93%) была пагашана дзяржавай. У мінулым годзе сваімі сіламі яны залілі фундамент, некаторыя віды работ былі выкананы з дапамогай будаўнічай арганізацыі “Пищевик”. На даны момант дом выведзены пад дах, пастаўлены дзверы і вокны. У наступным годзе плануецца падключыць усе камунікацыі, падвесці газ.

У канцы нашай гутаркі Людміла пажадала добрага здароўя ўсім маці і іх сем’ям, цярпення і мудрасці. А мы, у сваю чаргу, віншуем яе з высокай узнагародай. Упэўнены, дзякуючы ўзаемаразуменню і павазе адзін да аднаго ў гэтай сям’і ўсе спадзяванні і задумкі абавязкова  збудуцца.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


Написать комментарий

Вы должны войти в систему, чтобы оставить комментарий.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Октябрь 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Сен   Ноя »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене