Удзельнікаў талачынскай гасцёўні “Друць” яднае любоў да паэтычнага слова
Прайшла вечарына-сустрэча ў народнай паэтычнай гасцёўні “Друць” пры Талачынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Святлана Васільева, якая шмат год узначальвала гэты творчы калектыў, прадставіла новага кіраўніка гасцёўні — Наталлю Таберку. Яна закончыла Інстытут журналістыкі БДУ і ўжо некалькі год працуе мастацкім кіраўніком аддзела народнай творчасці і культурна-масавай работы ў Раённым цэнтры культуры. Новым рэдактарам гасцёўні з’яўляецца Наталля Пятрушына.
“Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” — гэтыя вядомыя словы сталі загалоўкам вечарыны-сустрэчы, прысвечанай Году малой радзімы.
— Пачуццё Радзімы заўсёды жыве ў сэрцы чалавека, дзе б ён ні быў, — пранікнёна звярнулася Святлана Мікалаеўна да прысутных. — Радзіму не выбіраюць, яе пазнаюць паступова, пачынаючы са школы і на працягу ўсяго жыцця. Для кожнага з нас гэта самая дарагая зямля, дзе жылі нашы продкі, дзе са сваёй гісторыяй і традыцыямі жыве наш народ.
Падчас сустрэчы паэты-аднадумцы ўспаміналі сваю малую радзіму, расказвалі цікавыя і памятныя моманты з дзяцінства, прачыталі свае вершы, прысвечаныя родным мясцінам. З цікавасцю паслухалі прысутныя паэму “Мая вёска”, напісаную Галінай Хацкевіч. Па-майстэрску яна перадала ў вершаваных радках асобныя моманты з жыцця роднай вёскі Ляўкова, што знаходзіцца недалёка ад гарадскога пасёлка Коханава. Слухаючы іх, міжволі выразна ўяўляеш вясковыя вуліцы, сцежкі, аднавяскоўцаў — усё тое, што глыбока жыве ў нашай памяці .
Клаўдзія Кастрыца родам з Талачына. Скончыўшы тэхнікум, вярнулася на радзіму і засталася тут назаўсёды. Святлана Васільева адзначыла, што ў дзяцінстве яны жылі з ёю на адной вуліцы Камсамольскай, сябравалі, разам хадзілі ў школу. У выкананні Клаўдзіі Кастрыцы прагучаў верш “Сон маёй памяці”.
Шмат гадоў працаваў у раённым аддзеле унутраных спраў Уладзімір Чаплянок. Значны перыяд ён быў кіраўніком гасцёўні “Друць”. Яго вершы і частушкі прывабліваюць злабадзённасцю, жартам на адмоўныя праявы жыцця людзей. У гасцёўні ён і самы вядомы экспромтамі на розныя тэмы. У гэты раз Уладзімір павесяліў прысутных жартамі, вершамі і частушкамі, прачытаў верш пра малую радзіму.
Успомніў сваё нялёгкае дзяцінства, прачытаў свае вершы Святаслаў Навіцкі. Лёгка, меладычна, ад душы прагучалі вершаваныя радкі, напісаныя Алай Арлоўскай.
Рэдактар гасцёўні Наталля Пятрушына падзялілася ідэяй стварэння і выпуску цыкла зборнікаў вершаў паэтаў-талачынцаў, прысвечаных Году малой Радзімы. У іх будуць змешчаны творы нашых землякоў пра родны горад, нашы вёскі, прыгожыя пачуцці чалавека.
Алена СЕРАДА.