Талачынскія дарожнікі дапамогуць лётчыкам з усяго свету ўзняцца ў неба
У стварэнні маштабнага гандлёва-эканамічнага цэнтра, які можа стаць фактарам росту эканомікі Аршанскага раёна і ўсёй Віцебскай вобласці, а то і рэспублікі, прымае дзейсны ўдзел талачынскае прадпрыемства — філіял ДБУ №63 ААТ “БМТ №8″.
У цяперашні час яно задзейнічана ў рэканструкцыі балбасаўскага аэрадрома, які мае статус міжнароднага, і ў будаўніцтве пад’язной дарогі ад трасы М1/Е30 да размешчанага недалёка ад аэрадрома лагістычнага комплексу.
Будаўніча-мантажны трэст №8 з’яўляецца генпадрадчыкам, і іншае яго структурнае падраздзяленне — ДБУ №43 — займаецца рэканструкцыяй узлётна-пасадачнай паласы (заліўка бетонам). Нашы талачынскія дарожнікі пракладваюць асфальтавую патрульную дарогу даўжынёй 8,3 кіламетра па перыметры аэрадрома ўздоўж металічнай агароджы.
— Таксама нашы машыны задзейнічаны ў падвозе бетону (на тэрыторыі аэрадрома зманціраваны бетонны завод БМТ №8), — расказаў на мінулым тыдні начальнік ДБУ №63 Яшчук М. Р. — Работы тут вядуцца вельмі маштабныя, бетон кладзецца днём і ноччу. Аднаго толькі пяску за паўтара месяца мы прывезлі 52000 кубаметраў
З падрабязнасцямі працэсу рэканструкцыі ўзлётна-пасадачнай паласы пазнаёміў галоўны інжынер ДБУ №43 Торап С. І.:
— Ноччу кладзём на старое пакрыццё слой лёгкага бетону В12,5 для выраўноўвання паверхні, днём — цяжкі бетон Btb4,4 (канчатковае пакрыццё, па якім будуць рухацца самалёты). Даўжыня паласы — 3001 метр, шырыня — 60 метраў, у тым ліку абочыны па 7,5 метра з цяжкага бетону Btb4,0. За ноч звычайна кладзём па 900 кубоў раствору, за дзень — па 1300 — 1500.
Генпадрад на такім адказным аб’-екце — сведчанне вялікага даверу да БМТ №8. Добрую дзелавую рэпутацыю трэст зарабіў многімі гадамі якаснай працы і добрасумленнага выканання дагаворных абавязальніцтваў. Узлётна-пасадачная паласа ў Балбасаве — ужо другі яго аб’ект такога кшталту, летась прадпрыемства закончыла будаўніцтва паласы ў Нацыянальным аэрапорце. Дастойны ўклад у скарбонку працоўных дасягненняў трэста заўсёды рабіла ДБУ №63, кіраўнік і работнікі якога неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі высокага рэспубліканскага ўзроўню за плённую працу на важных і складаных аб’ектах.
Сяргей АБРАМОВІЧ.