Партрэт з Дошкі гонару: ветлівасць і павага да пакупніка — галоўныя прынцыпы ў рабоце талачынскага прадаўца Веранікі Сідаровіч

6 ноября 2018 9:03

Старшы прадавец магазіна №18 “Залаты колас” Вераніка Сідаровіч не марыла аб гэтай прафесіі, але зараз вельмі задаволена, што выбрала іменна яе. За добрасумленную працу ў гэтым годзе Вераніка занесена на раённую Дошку гонару.

Нарадзілася і вырасла яна ў Талачыне. Лепшыя чалавечыя якасці выхавала ў дзяўчынкі бабуля Таццяна Абрамаўна. Нямала выпрабаванняў выпала на долю Веранікі, але маладая жанчына не скардзіцца на лёс, наадварот, лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Ёсць у яе жыцці сям’я, дзве цудоўныя дачушкі, любімая работа, шмат сяброў, павага калег.

У дзяцінстве дзяўчынцы вельмі падабалася хадзіць у школу і кожны дзень спасцігаць нешта новае, асабліва на ўроках хіміі і біялогіі, якія вяла любімая настаўніца і класны кіраўнік Кацярына Пятроўна Сазонава. Вераніка марыла стаць падобнай на яе і вучыць дзяцей гэтым прадметам. У 2000 годзе  яна скончыла сярэднюю школу №2 г. Талачына з залатым медалём. Здавалася б, яе чакае бліскучае будучае, аднак лёс распарадзіўся інакш.

Паступіць у БДУ не ўдалося — не хапіла літаральна аднаго бала. Тады яна падала дакументы ў Мінскі тэхналагічны ўніверсітэт, дзе правучылася ўсяго два гады — па стане здароўя прыйшлося пакінуць вучобу. Праз некаторы час дзяўчына скончыла бухгалтарскія курсы, што потым аказалася патрэбным у  жыцці. У калгасе імя Якуба Коласа Вераніка была прызначана намеснікам галоўнага бухгалтара. На гэтай пасадзе прабыла адзін год, тады ж паступіла на завочнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Вучылася тры гады, скончыць яе таксама не атрымалася. У гэты час калгас далучылі да племзавода “Рэканструктар”, яе скарацілі. Прадоўжыць вучобу на платнай аснове магчымасці не было.

Неяк у размове сяброўка параіла ёй паспрабаваць прадаўцом. Нядоўга думаючы, Вераніка згадзілася, і вось яна ўжо за прылаўкам магазіна №11 райпо. Настаўнікамі ў той час для яе былі выдатныя людзі і спецыялісты сваёй справы Наталля Каладзінская і Таццяна Пятрова.

Першыя дні працы не прынеслі расчаравання. Нямала дапамаглі  прыродныя якасці яе характару —  таварыскасць, адкрытасць, дружалюбнасць. З лёгкасцю яна знаходзіла падыход да кожнага чалавека. У магазін людзі прыходзілі не толькі за пакупкамі, але і пагаварыць пра жыццё, абмеркаваць нейкія навіны. У асобе Веранікі яны заўсёды знаходзілі адначасова ветлівага, тактоўнага прадаўца і  разумеючага, уважлівага і спагадлівага чалавека, які ўмее выслухаць і  падтрымаць, дапамагчы словам.

Праз тры гады маладая жанчына перайшла ў магазін Талачынскага элеватара “Залаты колас” №5, загадчыцай яго ў той час была Галіна Пятроўна Казлова. З першых дзён Вераніка зарэкамендавала сябе з лепшага боку. Менш як праз год падчас святкавання Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці яе адзначылі прэміяй як адну з лепшых прадаўцоў. Для Веранікі гэта стала значнай падзеяй і стымулам працаваць яшчэ лепш.

Вярнулася яна ў магазін райпо пасля другога дэкрэтнага водпуску. І зноў  трапіла ў добры калектыў, дзе працавалі сумленныя і мудрыя людзі. А праз чатыры гады Вераніку зноў запрасілі ў  якасці прадаўца ў новы магазін “Залаты колас” №18 Талачынскага элеватара, які адкрыўся ў Райцах.

Нельга не згадзіцца з тым, што паспяховая работа ў сферы гандлю залежыць перш за ўсё ад узаемаадносін у калектыве. З ёю разам працуюць прадаўцы  Алена Любецкая і Наталля Антаневіч. Як старшы прадавец Вераніка імкнецца захаваць у калектыве давер, павагу адно да аднаго. Яна заўсёды паўтарае, што да людзей трэба адносіцца так, як бы ты хацеў, каб адносіліся да цябе.

Прадавец павінен быць крыху псіхолагам, лічыць яна. Калі чалавек прыйшоў за пакупкамі ў дрэнным настроі, трэба пастарацца зрабіць так, каб пайшоў ён адсюль з усмешкай на твары. Акрамя таго, упэўнена Вераніка, многае залежыць ад якасці тавару і тэрмінаў захоўвання.

Для кожнага прадаўца ў магазіне работа цікавая, прыносіць і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. Адчуваюць яны і пастаянную падтрымку з боку кіраўніцтва прадпрыемства. Любыя ідэі, якія нараджаюцца ў калектыве, прыносяць станоўчыя вынікі і прыбытак, прымаюцца і падтрымліваюцца.

Як і кожны магазін сеткі, іх “Залаты колас” працуе напрамую з пастаўшчыкамі, таму ў кожнай гандлёвай кропцы асартымент адрозніваецца. Перавага аддаецца вытворцам беларускай айчыннай прадукцыі. У магазіне круглы год дзейнічаюць акцыі на розныя прадукты.

Увесь вольны час Вераніка прысвячае сваёй сям’і. Старэйшая дачка Ангеліна вучыцца ў дзясятым класе, скончыла клас харэаграфіі Талачынскай дзіцячай школы мастацтваў. У класе скрыпкі займаецца малодшая дачка. Маці жыва цікавіцца захапленнямі дзяцей, стараецца стварыць для іх усе ўмовы для паспяховай вучобы, развіцця іх здольнасцей.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Год малой родины

Ритуальные услуги

Земельные участки

Мультсериал МЧС

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Ноябрь 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Окт    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Архив новостей