Жыхарка Славеняў Марыя Іванова давер і павагу заслужыла дабрынёй і стараннай працай

12 декабря 2018 13:10

Сёлета адзначыла свой 80-гадовы юбілей карэнная жыхарка вёскі Славені Марыя Аляксееўна Іванова. Ведаюць і памятаюць яе многія, бо ўсё сваё жыццё яна адпрацавала тэхнічкай у Славенскай сярэдняй школе.

Марыя нарадзілася першынцам у простай сялянскай сям’і. Пасля яе з’явіліся на свет Міхаіл, Раіса і Валянціна. Цяпер з чацвярых засталіся толькі  старэйшая дачка і малодшая.

Маці Ганна Пятроўна працавала ў калгасе паляводам. Пабыўшы некалькі месяцаў з немаўляткам, як і ўсе вясковыя жанчыны, пайшла на працу, дзяцей пакідала на бацькоў або старэйшую дачку. Брыгадзірам на чыгунцы працаваў бацька Аляксей Аляксеевіч. Калі пачалася вайна, хацеў пайсці на фронт, але ў яго была броня, бо чыгунка з’яўлялася важным стратэгічным аб’ектам.

Пра жыццё ў вайну Марыя Аляксееўна памятае ўрыўкамі, у асноўным  з расказаў дарослых. Калі пачыналі лётаць самалёты, маці з дзецьмі бралі з сабой ежу, адзенне і хаваліся ў бульбяную ямку. Чула ад маці і суседзяў, як вялі на расстрэл яўрэяў. Яны ішлі цэлымі сем’ямі, дзяцей трымалі на руках,  плакалі і развітваліся назаўсёды з аднавяскоўцамі.

Усю акупацыю бацька выконваў свае абавязкі на чыгунцы, а ў 1945 годзе ўсё-такі дабіўся пайсці дабравольцам на фронт. Запомнілася, як ён лавіў дзяцей па хаце, каб пацалаваць на развітанне. Быў ён скупы на пяшчоту, але любіў сваіх трох дачок і сына бязмерна. Думаючы, што ён з імі гуляе, дзеці разбягаліся па кутках і не хацелі ісці да яго. З фронту ён даслаў некалькі лістоў, а наступны быў… пахавальны. Горкія слёзы маці, размываючы літары, капалі на папяровы трохвугольнік, у якім былі напісаныя самыя страшныя словы: “Ваш муж Алексей Алексеевич Иванов погиб смертью храбрых…”. Варожая куля абарвала жыццё бацькі каля літоўскага горада Алітуса.

Шмат удовіных слёз было выплакана, пакуль адна гадавала дзяцей. А яны сталелі рана і ўжо дапамагалі  даглядаць хатнюю гаспадарку — выганялі ў статак і даілі карову, кармілі свіней, гатавалі ежу, пакуль маці была на працы.

У 1948 годзе Марыя і Раіса пайшлі ў першы клас. Драўляная тады школа знаходзілася ў вёсцы ўздоўж дарогі. Абутку не хапала, адну і тую ж сукенку за ноч трэба было высушыць, каб апрануць назаўтра ў школу. Разам з вясковымі дзецьмі вучыліся і дзетдомаўцы. Добра памятае Марыя Аляксееўна  імёны сваіх аднакласнікаў, многіх з іх лёс раскідаў потым па свеце.

1958 год, калі яны скончылі школу, у Савецкім Саюзе быў адзначаны  значнымі падзеямі — пад’ём цаліны, ударныя камсамольскія будоўлі, 40-годдзе камсамола, запуск другога і трэцяга штучных спадарожнікаў Зямлі і іншыя.

Вясковая моладзь марыла вырвацца з вёскі, вучыцца далей, атрымаць спецыяльнасць.  Крыху папрацаваўшы на ферме, сястра Раіса паступіла ў Мінскае медвучылішча на фармацэўта. У наступным годзе паступіла ў Віцебскі педінстытут другая сястра — Валянціна. А Марыі было наканавана лёсам застацца ў Славенях.

Прыйшла ўладкоўвацца ў родную школу тэхнічкай яна 2 лютага 1961 года, так і засталася тут назаўсёды.  Пачынала працаваць у старой школе. Акрамя ўборкі ў класных памяшканнях і настаўніцкай, тэхнічкі (іх было шэсць) нарыхтоўвалі  дровы, насілі брыкет, зімой палілі ў школе грубкі. Трэба было ўстаць у тры гадзіны ночы і выпаліць шэсць грубак. Потым яна бегла хутка дадому, каб падаіць карову і накарміць жывёлу. Днём, пакуль ішлі ўрокі, тэхнічкі рыхтаваліся да наступнага дня — выграбалі попел, калолі шчэпкі на падтопу, насілі дровы і брыкет. Раніцай дзеці і настаўнікі прыходзілі ў цёплыя і чыстыя класы. Марыя Аляксееўна любіла слухаць, як ідзе ўрок, у думках паўтарала за дзецьмі вядомыя ўжо вершы, нават рашала задачы.

Хударлявая невысокая жанчына была непрыкметнай сярод дзяцей і педагогаў, шчыра выконвала сваю працу, за што заслужыла давер і павагу. Заработная плата тэхнічкі заўсёды была невысокай, але Марыя Аляксееўна настолькі прыкіпела душой да школы, што не ўяўляла для сябе іншага месца. Так склаўся лёс, што сваёй сям’і ў жанчыны не было, не склалася. Школа і дзеці з настаўнікамі былі яе  роднымі і блізкімі.

У сваім пажылым узросце жанчына называе імёны многіх настаўнікаў, дырэктараў, з якімі давялося працаваць на працягу 35 гадоў. З вялікай павагай і ўдзячнасцю ўспамінае Леаніда Сямёнавіча Казлова, Сяргея Пятровіча Благуша, Рамана Рыгоравіча Бейнянсона, Васіля Цімафеевіча Снарава, Вольгу Апанасаўну Пасюціну. Большасць з іх пайшлі ўжо з жыцця, пакінуўшы самыя добрыя ўспаміны і пачуцці ў душы гэтай простай, сціплай, працавітай жанчыны.

Алена СЕРАДА.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)
Жыхарка Славеняў Марыя Іванова давер і павагу заслужыла дабрынёй і стараннай працай, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



Написать комментарий

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Прямые линии

Компьютеры, телефоны

Ритуальные услуги

Мисс Беларусь 2020

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Декабрь 2018
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Ноя   Янв »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Архив новостей