Лёс жыхаркі Галошава Галіны Мацюшковай — люстэрка некалькіх эпох

6 февраля 2019 11:47

Галіна Уладзіміраўна Мацюшкова на працягу сваёй доўгай і нялёгкай працоўнай біяграфіі зарабіла 6 высокіх узнагарод: ордэн “Знак почета”, медалі “За доблестный труд”, “За достигнутые успехи в развитии народного хозяйства СССР”, “Ветеран труда”, 2 знакі “Победитель социалистического соревнования”. Пры гэтым засталася простым, шчырым чалавекам, і нават свае медалі хацела аддаць унуку на цацкі (пакуль што ўсё ж захоўвае ў сябе). А калі яе запрашалі ўступаць у партыю, адмовілася, разважыўшы: давядзецца ўзносы плаціць, а трэба ж адной (пасля смерці мужа) гадаваць траіх дзяцей, дык навошта ёй лішні цяжар?

Цяпер Галіна Уладзіміраўна жыве ў Галошаве, а нарадзілася ў Кувечыне, 20 красавіка 1931 года.

— Разам з Гітлерам, — звяртае ўвагу на супадзенне ў датах нараджэння, і сёння, калі глядзець з адлегласці перажытага, гэтае супадзенне выглядае як нядобры знак, як прадказанне таго, што дзяцінства дзяўчынкі будзе ўкрадзена вайною.

ПАЧАСТАВАЛІ ЦУКЕРКАМІ І ВЫГНАЛІ З ХАТЫ

Няпрошаныя госці ў Кувечыне з’явіліся раніцай. Перад гэтым каля тыдня наваколле патанала ў гуле і грукаце: па вёсцы гналі на Магілёў тэхніку і жывёлу, вывозілі маёмасць, адступалі войскі. Пасля была адна ноч нязвыклай цішыні, а раніцай маці, падаіўшы карову, прыйшла ў хату і паведаміла:

— Ой, дзеці, немцы! Немцы ўжо прыехалі, на матацыклах тут лётаюць!

Першая сустрэча з імі аказалася нядрэннаю. Стаяла спёка, немцы, распранутыя да маек, задаволена смяяліся, мыліся каля калодзежа, а ўбачыўшы дзяцей, сталі частаваць цукеркамі. Але ідылія працягвалася нядоўга, у хуткім часе сям’ю Галі — маці і чацвёра дзяцей (бацька пайшоў на фронт) — выгналі з хаты, давялося туліцца ў цеснаце ў сваякоў.

У вёску часта наведваліся партызаны, сустракалі іх людзі і ў лесе.

— Яны казалі нам, што немцаў у Кувечыне за адзін дзень разбілі б, але тым самым маглі б наклікаць бяду на вёску, таму не нападалі, — аднаўляе Галіна Уладзіміраўна ў памяці рэаліі тых дзён. — Сустрэнуць нас, распытаюць, што ды як, запішуць штосьці… Ноччу прыходзілі малако збіраць у нас. А раніцай трэба было несці ў Коханава здаваць — ужо немцам. Усяго нацярпеліся, і голаду, і страху…

Гэтак жа яскрава, як дзень прыходу чужынцаў, стаіць у памяці і дзень вяртання сваіх:

— Пранёсся, не спыняючыся, танк, над ім на высокім дрэўку трапятаў чырвоны сцяг. Іншыя танкі і машыны ўжо затрымліваліся, мы рвалі кветкі і кідалі  салдатам, частавалі іх чым маглі. Адзін салдат мне касынку падараваў.

Незадоўга да гэтага партызаны папярэдзілі людзей, што падчас адступлення нямецкія карныя атрады будуць паліць вёскі, але гэтага, на шчасце, не здарылася. Паводле ўспамінаў Галіны Уладзіміраўны, немцы вельмі спяшаліся, быў нават такі эпізод: група ваенных кінула ў Галінай сям’і свайго параненага і рушыла далей, а праз некаторы час дзеці, не ведаючы, што з ім рабіць, папрасілі іншых немцаў забраць свайго суайчынніка, і тыя паклалі яго на воз, адвезлі метраў на трыста і шпурнулі пад воз гранату.

— Яшчэ з немцамі некалькі дамачак ішлі, — прыгадвае Галіна Уладзіміраўна. — Яны ўсім казалі, што іх завербавалі ў Германію, але ўрэшце высветлілася, што былі гэта проста палюбоўніцы нямецкія. Спадзяваліся, што іх у Германію забяруць немцы, а тым як далі, дык яны любоўніц пакідалі ды хутчэй уцякаць. Адступалі, як і нашы калісьці, на Магілёў, а дамачкі гэтыя кінутыя пабеглі ў Коханава, і пазней ужо коханаўскія людзі расказалі нам, што гэта за яны былі.

СТАЛІНСКАЕ РАБСТВА, ХРУШЧОЎСКАЯ СВАБОДА І БРЭЖНЕЎСКАЕ ШЧАСЦЕ

Гадоў у 15-16 Галіна пайшла працаваць у калгас. Пачынала з палявых работ  (жніво, сенакосы і г. д.), некаторы час рабіла даяркай, а пасля больш за 20 гадоў, да пенсіі і нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак, была брыгадзірам. Вялікіх поспехаў дасягнула ў вырошчванні льну.

Прыгадваючы свае працоўныя будні, здзіўляецца:

— Тэхніка зусім ніякая, барана і дыскі конныя, і больш нічога, а лён рос такі, што мы ў ім, участкі для ўборкі наразаючы, на поўны рост хаваліся з галавой. Каб бачыць, дзе хто, бралі шасты і чаплялі на іх што-небудзь белае. Цяпер жа вунь якая тэхніка — а які той лён? Дзе ён цяпер дзеўся?

Перыяд жыцця пасля вайны Галіна Уладзіміраўна характарызуе словам “рабства”. Калгаснікам можна было мець толькі 50 сотак зямлі і пры гэтым, задарма працуючы ў калгасе, патрабавалася яшчэ здаваць дзяржаве (таксама задарма) прадукцыю сваёй падсобнай гаспадаркі: мяса, малако, збожжа, бульбу…

— Усё паздаеш, сабе амаль нічога не застаецца. Сталіну трэба было гарады будаваць, вось за наш кошт іх і будавалі, пакуль Хрушчоў не вызваліў нас з гэтага рабства. Тады ўжо, пры Хрушчове, весялей стала жыць, сталі нам за працу плаціць крыху, збожжа сталі даваць, а з нас ужо нічога не бралі. Хаця некаторыя і пры Сталіне нядрэнна прыстасоўваліся, хто сябраваў з якім-небудзь п’яніцам кладаўшчыком ці брыгадзірам, у таго і хлеб быў.

Канечне, якімі б цяжкімі ні былі тыя часы, у жыцці людзей усё ж знаходзілася месца для радасці і весялосці. Харчаваліся слаба, апраналіся хто як мог (напрыклад, Галі пашылі спадніцу з нейкага нямецкага мяшка, і дзеці ў школе смяяліся, што ззаду на ёй была выява арла), але думалі пра лепшае, верылі ў светлую будучыню і па дарозе з працы заўсёды спявалі. “За гарою у калодца, дзе студзёная вада, за жнейкаю вязала снапы дзеўка малада”, — паспрабавала Галіна Уладзіміраўна прыгадаць адну са шматлікіх песень, якія суправаджалі штодзённае жыццё тагачаснага селяніна.

Перыяд, калі цяжкасці аднаўлення дзяржавы былі пераадолены і ўзровень жыцця насельніцтва пайшоў у рост, асацыіруецца ў Галіны Уладзіміраўны з Брэжневым:

— Пры ім мы пажылі! Ён добры быў, цалаваўся з усімі, і нас не крыўдзіў. Хлеб недарагім стаў, мукі куплялі колькі трэба, не галодныя, не босыя хадзілі. Дзецям маім ужо гора не было, слоік павідла дзесяцілітровы куплю, баранкаў — сама галадала, дык хоць вы, дзеці, ежце.

ПА ЦЯЖКІМ, АЛЕ СЛАЎНЫМ МІНУЛЫМ МОЖНА І ПАСУМАВАЦЬ

Цяперашнім жыццём Галіна Уладзіміраўна ў цэлым задаволена: добрыя бытавыя ўмовы, дастатковая пенсія, не забываюць дзеці і ўнукі, адзін сын жыве разам з ёй. І, нягледзячы на ўсё перажытае, па мінулым жанчына ўсё ж сумуе, з настальгіяй успамінае шматлюдныя вёскі і сельгаспрадпрыемствы часоў сваёй маладосці. Тады нават у родным Кувечыне, у якім зараз нікога няма (значацца толькі на паперы некалькі жыхароў), быў калгас, і мільёны такіх, як яна, радавых работнікаў, аб’яднаныя верай у ідэю, самааддана працуючы кожны на сваёй малой радзіме, будавалі Радзіму вялікую.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Год малой родины

Европейские игры

75-летие освобождения Беларуси

100 лет БССР

Конкурс туристических фильмов

Ритуальные услуги

Земельные участки

Мультсериал МЧС

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Февраль 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728  

Архив новостей