Для талачынскай настаўніцы Галіны Мікульчык родная мова вечна жывая

21 февраля 2019 16:31

Больш за тры дзясяткі гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру настаўнік вышэйшай катэгорыі СШ №3 Галіна Васільеўна Мікульчык. З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, мы папрасілі яе падзяліцца ўспамінамі пра пошукі свайго прызвання і меркаваннямі наконт праблемы захавання нашай нацыянальнай ідэнтычнасці (непаўторнасці, адметнасці ў параўнанні з іншымі народамі).

— Галіна Васільеўна, прыгадайце, калі ласка, свае школьныя гады. Ці любілі вы ўрокі беларускай мовы? Ці пашанцавала вам з настаўнікамі (наколькі былі яны цікавыя, творчыя, абаяльныя і г. д.)?

— Успаміны пра ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў мяне самыя лепшыя.  Настаўніц у мяне было дзве. Да 9 класа выкладала Ганна Іосіфаўна, а пасля — Яўгенія Мікалаеўна. Запомніліся яны як даволі строгія, патрабавальныя, але справядлівыя і пазітыўныя. Свой прадмет шчыра любілі, урокі вялі цікава, захапляльна. Наведвала я іх заўсёды ахвотна. Дарэчы, менавіта тады, у школьныя гады, я і задумалася, ці не пайсці мне шляхам сваіх настаўніц. А калі аднойчы падзялілася гэтымі думкамі з Віктарам Іванавічам, які выкладаў геаграфію і этыку, то ён падтрымаў мяне, сказаў: “Я таксама заўважыў твае схільнасці да філалогіі, мне здаецца, што гэта тваё прызванне”.

— І як далей пралягаў маршрут у прафесію, наканаваную для вас самім лёсам?

— Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Студэнцкія гады — гэта, напэўна, самы светлы, самы шчаслівы перыяд для мяне як чалавека, улюбёнага ў родную мову. У нас выкладалі знакамітыя людзі: Ніл Гілевіч, Дзмітрый Бугаёў, Алег Лойка, Віктар Красней, Таццяна Шамякіна, Вячаслаў Рагойша, Маргарыта Яфімава (пад яе кіраўніцтвам я пісала дыпломную работу на тэму “Жанр сучаснай школьнай аповесці”).

Пасля заканчэння ўніверсітэта трапіла па размеркаванні ў Талачынскі раён. Пачынала ў Аболецкай СШ, пазней пераехала ў Талачын, некалькі гадоў выкладала ў другой школе, а калі пабудавалі трэцюю, перайшла сюды.

Цудоўна ўсё складвалася  ў пачатку працоўнай дзейнасці. У педагагічным калектыве Аболецкай школы панавала вельмі цёплая атмасфера. Я сустрэла добразычлівыя, прыязныя адносіны да сябе. Зрэшты, гэтая атмасфера, добрыя традыцыі захаваліся там да сённяшняга дня. У чым яшчэ раз пераканалася, калі пабывала сёлета ў Аболецкай школе на вечары сустрэчы з выпускнікамі.

Не расчаравалі мяне і гарадскія школы. Тут, вядома, іншая спецыфіка працы, многа дзяцей, больш хуткі тэмп жыцця, вялікая эмацыянальная нагрузка. Але калі любіш сваю справу, то робіш яе з задавальненнем.

У сярэдняй школе №3 працую больш за дваццаць гадоў. Столькі ўсяго за плячыма! Я ўдзячная сваім калегам, якія заўсёды былі побач. Некаторыя з іх працуюць разам са мною з першага дня адкрыцця школы. І магу з упэўненасцю сказаць, што ўсе яны добрыя настаўнікі, у якіх ёсць чаму павучыцца.

Добры след у жыцці пакінулі ўсе мае чатыры выпускі. Самая вялікая ўдзячнасць для настаўніка, калі прыходзяць былыя вучні. Проста так, расказаць пра сваё жыццё.

— Давайце яшчэ раз азірнёмся на вашы школьныя гады. Якое месца займала ў той час беларуская мова ў жыцці грамадства: гэта была жывая мова зносін, ці, як сёння, выкарыстоўвалася яна толькі ў друку і на афіцыйных мерапрыемствах?

— Маё дзяцінства прайшло ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Ён мяжуе з Украінай. Недалёка было ад нашай вёскі Ляхаўцы і да Польшчы, кіламетраў трыццаць. Рускай мовы мы амаль не чулі, хіба толькі на ўроках рускай мовы і літаратуры. Усе астатнія прадметы выкладаліся на беларускай мове. А паміж сабой усе размаўлялі на нашай непаўторнай паляшуцкай гаворцы (я і цяпер адразу пераключаюся на яе, калі патэлефануе хтосьці з малой радзімы).

Мне пашчасціла, што я нарадзілася і вырасла ў гэтым цудоўным палескім краі, дзе паважаюць звычаі і традыцыі беларусаў. Я памятаю столькі народных песень, казак, прыкмет, павер’яў, якія  пачула ад сваіх землякоў. Вось усё гэта я і стараюся перадаць сваім вучням.

— Сёння, калі ў штодзённым жыцці пануюць руская мова і трасянка, а беларуская з’яўляецца для большасці з нас роднаю толькі намінальна, напэўна, цяжка  заахвоціць дзяцей да вывучэння яе, да паглыблення ведаў па ёй, да ўдзелу ў алімпіядах, да творчасці?

— На дзяцей няма чаго крыўдзіцца. Яны цікавяцца маімі прадметамі, ахвотна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах. Але шчыра прызнаюся, што складана нам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, “выжываць” ва ўмовах білінгвізму (двухмоўя), калі руская мова запаланіла практычна ўсё. Але мы жывучыя, як тая Беларусь-шыпшына (у вершы паэта Уладзіміра Дубоўкі), якая моцна ўрасла каранямі ў зямлю і жывіцца яе гаючымі сокамі. Безумоўна, немагчыма прымусіць дзяцей размаўляць на беларускай мове, але дапамагчы адчуць прыгажосць роднага слова, даць зразумець, што вылучае беларусаў сярод іншых народаў свету, — у сілах настаўніка. Часта ў творчых работах сваіх вучняў чытаю: “Пакуль жыве мова народа — жыве народ”. Класічны выраз, але гучыць актуальна.

Мы сапраўды знаходзімся ў нейкім “вечным крузе”, робім усё магчымае для таго, каб наша мова жыла і гучала. На працягу многіх гадоў вучні нашай школы з’яўляліся прызёрамі II этапа Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, былі ўдзельнікамі III этапа.

Важным крокам на шляху краязнаўства і беларусазнаўства з’яўляюцца тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе і традыцыйны раённы конкурс “Паэтычны ветразь”. Такім чынам вучні вучацца разумець прыгажосць роднага слова, знаёмяцца з жыццём і творчасцю беларускіх пісьменнікаў, са звычаямі продкаў.

У цэнтры маёй увагі — народныя святы, фальклор, вывучэнне абрадаў і традыцый. Дзеці ўсведамляюць ролю народнай спадчыны ў паўсядзённым жыцці сучаснага грамадства. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Народная спадчына” падрыхтавалі фальклорныя святы “Каляды”, “Вялікдзень”, дапамаглі ў правядзенні мерапрыемстваў (“Калі ласка, у хату!”, “Легенды сівой мінуўшчыны”, “Дзяды”), якія праходзілі ў ДУА “Талачынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”.

Я лічу, што традыцыйная народная культура, родная мова, мелодыя роднай зямлі — гэта тая непарыўная сувязь, якая існуе паміж сучаснікамі і іх продкамі.

Кожны ўрок я звязваю з жыццём, далучаю вучняў да моўнай культуры, духоўных каштоўнасцей народа. Менавіта праз канкрэтнае слова раскрываецца пазнанне свету асобным народам. Так, назва кожнага месяца ў беларусаў гаворыць сама за сябе: “Лістапад — залаты лістапад, снежань — першы густы снегапад, сакавік — з сакатаннем і сокам непаўторных вясновых бяроз”… Гэта радкі з верша Пімена Панчанкі “Родная мова.” Для мяне ж асабіста мова маёй зямлі, як і для паэта, “вечна жывая, як раса, як сляза, як зара…”.

Уладзімір МІХАЙЛАЎ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 10.0/10 (1 vote cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 2 votes)
Для талачынскай настаўніцы Галіны Мікульчык родная мова вечна жывая, 10.0 out of 10 based on 1 rating

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Февраль 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Янв   Март »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене