Іван Анташкевіч, зведаўшы выпрабаванні і страты, захаваў бязмежную любоў і дабрыню
“Вельмі пазітыўны, далікатны і набожны чалавек. Без малітвы не сядзе за стол, усім за ўсё дзякуе, усміхаецца, усіх называе на “вы”, ні ад каго нічога не патрабуе. Літаральна выпраменьвае дабрыню і ўдзячнасць”, — так характарызуе Івана Фёдаравіча Анташкевіча загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян Аляксандр Якаўлевіч Кажадуб.
Жыццё было не вельмі ласкавым да Івана Фёдаравіча. У 1943 годзе яго, 18-гадовага юнака, вывезлі ў Германію на прымусовую працу. Падзеі мінулага ўжо вельмі невыразныя ў памяці гэтага пажылога чалавека, але ўрыўкі ўспамінаў, якімі ён яшчэ можа падзяліцца, дазваляюць скласці агульную карціну.
Нарадзіўся ў вёсцы Станаўка тагачаснага Коханаўскага раёна, пазней жыў у Шэпетаве, адкуль родам Васіль Стаброўскі (юны партызан, загінуў у 1944 годзе, сёння яго імем названа вуліца ў Талачыне).
— З Васілём мы сябравалі, — успамінае Іван Анташкевіч слаўнага земляка. — Ён жыццярадасны быў, спяваць любіў.
Неяк Іван адправіўся па заданні партызанаў у адну з вёсак, каб даведацца, ці ёсць там немцы. Аказалася, што ёсць, давялося ўцякаць назад у лес пад кулямі. А пазней былі аблава на моладзь, дарога ў Бон, прымусовая сельскагаспадарчая праца. Калі хто-небудзь не слухаўся, рабіў штосьці не так, ці проста калі гаспадар быў чым-небудзь незадаволены, вязня вялі ў падвал і білі.
— Да крыві. Наб’юць так, што сам сябе не пазнаеш, хто ты такі ёсць, — расказвае Іван Фёдаравіч пра адносіны да нявольнікаў. — Так што якую працу дадуць, такую і робіш, не скажаш, што не хачу. Як прададзеныя мы там былі, як тавар.
Пасля вяртання з чужыны прызваны на тэрміновую службу, трапіў на Далёкі Усход. Жыў разам з саслужыўцамі ў палатках і, маючы цудоўныя цяслярскія навыкі, займаўся будаўніцтвам казармаў. Апынуўшыся зноў на Талачыншчыне, працаваў на будоўлях.
Распавядаючы пра надзвычайную дабрыню і ветлівасць Івана Фёдаравіча, загадчык аддзялення Аляксандр Кажадуб упрыгожыў партрэт свайго падапечнага яшчэ і адным рамантычным штрыхом:
— Са слоў яго родных і з успамінаў самога Івана Фёдаравіча ведаю, што ён цудоўна жыў са сваёй жонкай. Але, на жаль, яна заўчасна памерла, і ён ужо ніколі не жаніўся, захаваў вернасць сваёй адзінай абранніцы назаўсёды.
Сяргей АБРАМОВІЧ.