Працаваць рэчкаўцы ўмеюць і любяць

25 марта 2019 13:29

Уласная падсобная ці фермерская гаспадарка — надзейная крыніца існавання: працуючы на зямлі, галодным не застанешся. Але наколькі заможна будзе жыць селянін, на што будзе хапаць яму заробку, залежыць ужо не толькі ад яго працавітасці, а яшчэ і ад шматлікіх знешніх фактараў. У прыватнасці, ад рынку збыту прадукцыі. Здаць куды-небудзь оптам агародніну ў наш час няпроста з-за вялікай канкурэнцыі, а стаяць у сезон кожны дзень на базары атрымаецца не заўсёды, на сумяшчэнне функцый земляроба і гандляра не хопіць часу. Нямала пытанняў узнікае і з рэалізацыяй збожжа, малака і мяса.

Тым не менш сёння ёсць даволі шмат людзей, якія жывуць з зямлі, працуючы выключна самі на сябе, або з’яўляюцца работнікамі нейкіх прадпрыемстваў, але пры гэтым асноўную частку іх сямейнага бюджэту фарміруе менавіта падсобная гаспадарка. Некалькі такіх сямей жывуць у Рэчках.

У ПАШПАРЦЕ — 50, А Ў ДУШЫ — 18

— Сваёй гаспадаркі не меўшы, з зарплаты нічога не купіш, — такую жыццёвую мудрасць здабыла шматгадовай працай Жанна Міхайлаўна Любецкая. — Зарплата — гэта толькі на харчаванне і камуналку, і то гарантыі няма, бо ў сельгаспрадпрыемстве не заўсёды можна спадзявацца на своечасовую выплату. Толькі са сваёй гаспадаркі можна дазволіць сабе і хату абставіць, і рамонты парабіць, і ў панчоху пакласці на чорны дзень, і дзецям дапамагчы.

Усё жыццё Жанны Міхайлаўны звязана з жывёлагадоўляй. Яшчэ васьмігадовай дзяўчынкаю (дзяцінства прайшло ў вёсцы Гваздова Глыбоцкага раёна) даіла дзве каровы. Акрамя таго, бацькі трымалі цялушку, 16 авечак, гусей, качак.

— Апраналіся ва ўсё сваё, — прыгадвае жанчына рэаліі той эпохі. — Кажухі, рукавіцы, валёнкі — усё з уласнага матэрыялу. І не галадавалі ніколі, стол заўсёды быў поўны. Але дзеля гэтага трэба было папрацаваць, і нас, дзяцей, ніхто не прымушаў, гэта цяперашніх прымушаць трэба, а мы самі разумелі, што, пакуль мама на ферме, мы павінны і травы мяшок назбіраць, і карову падаіць, і загнаць ды навязаць (у нас так было заведзена: гоніш карову ў статак і там яшчэ прывязваеш).

Пасля атрымання агранамічнай спецыяльнасці Жанна Міхайлаўна трапіла ў Талачынскі раён. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам, Валерыем Раманавічам, ён таксама быў размеркаваны сюды, заатэхнікам, цяпер узначальвае зоатэхнічную службу ААТ “Жукнева”. 9 гадоў таму Жанна Міхайлаўна ўладкавалася малаказборшчыкам талачынскага філіяла Лепельскага МКК (сёння — філіял “Талачынскія сыры” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”) і з таго часу, збіраючы малако ў насельніцтва і ад сваіх дзвюх кароў, застаецца лідарам сярод калег па аб’ёмах здадзенай прадпрыемству прадукцыі. У гэтым годзе Жанна Міхайлаўна і Валерый Раманавіч адзначаць аж тры юбілеі: жамчужнае вяселле (30 гадоў сумеснага жыцця), 50-годдзе гаспадыні і 55-годдзе гаспадара.

— Дзеці ўжо свае сем’і маюць, сын у Жодзіне жыве, дачка ў Гродне (па размеркаванні трапілі). Старасць насоўваецца, але ў душы, здаецца, усё яшчэ васямнаццаць, — прызнаецца Жанна Міхайлаўна. — Сумаваць няма калі. Кароў трэба тры разы на дзень з’ездзіць з месца на месца перавязаць, а яшчэ падаіць, і свіней накарміць, а раніцай людзі сваё малако нясуць, так што іншым разам, бывае, не ведаеш, за што хапацца. Муж казаў: “Напэўна, трэба ўжо нам разгружацца”, і дзеці не разумеюць: “Мама, навошта яно вам?”, і людзі гавораць: “Хопіць ужо вам кідацца!” Але скажыце, калі не кідацца, дык што тады рабіць? Чым займацца? Муж на працы, а я адна, пайду жывёлу даглядаць, размаўляю з ёй, і яна адгукаецца, адказвае мне штосьці. Калі чалавек варушыцца, імкнецца да чагосьці, значыць, яму яшчэ ёсць куды ісці, цікавасць да жыцця ў яго застаецца. А здай усіх гэтых кароў — і што тады? Паверце, праца ўпрыгожвае чалавека, гэта сапраўды так, не проста словы. Разляніўся цяпер свет, жывёлу ніхто трымаць не хоча, калісьці ў Рэчках 27 кароў было, а яшчэ даўней — ці не 87, два статкі! Сёння ж толькі 4, і 2 з іх — нашы. Як паглядзіш на некаторых людзей, дык не дай бог! Украсці, напіцца і на працу не выйсці — вось для іх увесь сэнс жыцця. Я разумею, і выпіць трэба, толькі культурна, стол накрыўшы, каб усяго на ім было, вось тады, як кажуць, “и жить хорошо, и жизнь хороша”.

Нягледзячы на тое, што догляд жывёлы, паводле слоў Жанны Міхайлаўны, важны для яе ўжо ў першую чаргу не як крыніца заробку, а як магчымасць займацца любімай справай, атрымліваць асалоду ад працы, без якой яна не ўяўляе свайго жыцця, усё ж фінансавыя вынікі гэтай дзейнасці таксама шмат што значаць. Трывалы грунт пад нагамі дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні і дазваляе адчуваць сябе значным, шмат на што здольным чалавекам:

— Свіней мы трымаем добрай пароды, рэжам не па 100 кілаграмаў, а такіх, што заваліш дык заваліш! І сабе каўбас ды тушонак наробіш, і на продаж застанецца. Усё, што маем, і ў доме, і ў двары, і вяселлі дзецям паспраўлялі — усё з гаспадаркі, са сваёй працы. Мне здаецца, і ў савецкія часы так было, і сёння так: хто хоча жыць, той жыве. Не ляніся, працуй — і будзеш моцным серадняком, ні на што не будзеш скардзіцца, ні ад каго не будзеш залежаць.

Але жыццё паспяховага вясковага гаспадара складаецца не толькі з бясконцых працоўных клопатаў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне матэрыяльнага дабрабыту. Знаходзіцца час і на адпачынак, на розныя захапленні, на творчасць. Нібыта пацвярджаючы справаю свае словы пра душэўную маладосць, вольныя хвіліны Жанна Міхайлаўна прысвячае стварэнню прыгажосці вакол сябе — прыдумляе што-небудзь для аздаблення сваёй сядзібы і ажыццяўляе гэтыя ідэі.

На фасадзе дома намаляваны лебедзі блакітнага колеру.

— Спачатку накідвала эскізы крэйдай, пасля наносіла фарбу, — падзялілася гаспадыня вопытам. — Задумалася неяк: не падабаецца мне, калі голыя цагляныя сцены, захацелася чагосьці вясёлага, маляўнічага, і вырашыла чамусьці менавіта лебедзямі іх упрыгожыць. Напэўна, таму, што гэтыя птушкі сімвалізуюць нешта рамантычнае, сямейную вернасць, прыгажосць прыроды, вось і ўзнік іх вобраз у маім уяўленні.

Лебедзі дапоўнены азёрнымі раслінамі — рагозам і гарлачыкамі. На розных элементах двара (сцены гаспадарчых пабудоў, слупы) намаляваны таксама божыя кароўкі, кошкі, матылькі. Летам дом акружаюць кветкі, як на клумбах, так і ў падвясных гаршках. Гонар гаспадыні — ружы, якія ў яе нават бяруць суседзі для дзяцей на першавераснёўскую лінейку. З вялікай любоўю распавядае Жанна Міхайлаўна пра свае туі, не ўсе з іх выжылі, а тыя, што засталіся, таксама хварэлі, але ў рэшце рэшт пры дапамозе інтэрнэта ўдалося знайсці прычыну праблемы і прыняць меры.

Грандыёзных планаў накшталт будаўніцтва ці маштабнага рамонту ў гаспадароў няма, бо няма і такой патрэбы, жыллё і гаспадарка даўно абуладкаваныя, а вось штосьці ўдасканальваць, пастаянна ўпрыгожваць свой падворак, наладжваць у доме і вакол яго ўтульнасць — гэта ўжо звычка, лад жыцця.

ЗЯМЛЯ ЗАЎСЁДЫ ПРАКОРМІЦЬ

Напэўна, пад словамі Жанны Любецкай наконт моцнага серадняка маглі б распісацца яе аднавяскоўцы Вячаслаў Віктаравіч Лазарэнка і Леанід Анатольевіч Жарскі. Толькі яны спецыялізуюцца на раслінаводстве, ужо не адно дзесяцігоддзе займаюцца вырошчваннем збожжавых і агародніны. Маюць трактары, камбайн, устаноўку для пераборкі бульбы. Уся тэхніка сабрана ўласнымі рукамі ледзь не з металалому, затое яна свая, а таму клапатліва дагледжаная і служыць верна. Праўда, апошнім часам давялося паменшыць размах дзейнасці: дзеці выраслі і раз’ехаліся, і ў выніку, з аднаго боку, стала менш працоўных рук, няма каго ўзяць на дапамогу, а з другога — няма дзеля каго старацца, свае патрэбы можна задаволіць меншымі намаганнямі, чым раней, калі былі вялікія сем’і.

— У свой час мы забяспечвалі агуркамі і Талачын, і Оршу, і Сянно, — прыгадалі Вячаслаў і Леанід адзін з колішніх сваіх напрамкаў дзейнасці (цяпер агуркамі ўжо не займаюцца). — Па 15 тон за год прадавалі. Пачалося ўсё з таго, што ў нас тут працавалі столінскія будаўнікі і падкінулі нам такую ідэю, у іх на радзіме гэтая дзейнасць вельмі распаўсюджаная, вось і мы, на іх гледзячы, нарабілі парнікоў. Цяжка было, у 4 гадзіны раніцы падымаешся, дзяцей будзіш — і за справу. Але прадавалася ўсё імгненна, колькі б ні вырасціў, усё рэалізуеш, хоць оптам каму-небудзь, хоць у розніцу сам гандлюй, нічога не прападала. У любы горад, бывала, прыязджаеш, становішся, дзе хочаш, і прадаеш. Трактарам капусту вазілі ў Віцебск: у 12 ночы адпраўляешся, раніцай ты ўжо ў на месцы, здаеш груз — і назад.

Сёння ў любым месцы тавар на продаж не раскладзеш: дзесьці стаянка забаронена, дзесьці гандляваць нельга. На базары ж ты не адзін, а значыць, даводзіцца зніжаць цану. У райспажыўтаварыствах, паводле назіранняў Вячаслава і Леаніда, хапае сваіх, пастаянных, пастаўшчыкоў, або дзе-небудзь могуць выставіць табе невыканальную ўмову — напрыклад, згаджаюцца прыняць прадукцыю, толькі адразу пэўны пералік найменняў (бульба, буракі, морква, цыбуля і г. д.), у той час як ты спецыялізуешся на больш вузкім наборы культур. Акрамя таго, сучасны рынак насычаны таннымі прывазнымі таварамі, і асноўная маса людзей аддае перавагу ім. Няважна, што гэта недаспелы, цвёрды памідор, ці ватны навобмацак агурок без смаку і паху, няважна, што вырошчвалі іх пры дапамозе невядома якой хіміі, — пакупніка звычайна цікавіць у першую чаргу цэннік, а не звесткі пра вытворцу.

Тым не менш Вячаслаў і Леанід пакуль што знаходзяць сваю нішу на рынку. Прыстасоўваюцца да зменлівых абставін, садзяць то адну, то другую культуру, бяруцца за розныя напрамкі дзейнасці. Кажуць, што нядрэнна можна зарабіць на збожжы, займаюцца бульбаю, сенам. Падкрэсліваюць:

— На вялікія маштабы мы ўжо не замахваемся, а сабе на жыццё хапае, уласнымі сіламі сябе забяспечваем.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Март 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Фев   Апр »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене