Ад Тыдня лесу — да Дня Зямлі: талачынцы навялі парадак і ажыццявілі пасадку дрэў на лясных тэрыторыях
Прадпрыемствы і арганізацыі раёна актыўна ўключыліся ў рэспубліканскую акцыю “Тыдзень лесу-2019″ і, пачынаючы з суботы, 13 красавіка, пад кіраўніцтвам Талачынскага лясгаса навялі парадак і ажыццявілі пасадку дрэў на шматлікіх лясных тэрыторыях.
У першы дзень акцыі работнікі райвыканкама і ўстаноў культуры займаліся падсадкаю елак і бяроз уздоўж Экалагічнай сцяжыны ў Загараддзі. Вялася ў гэты дзень пасадка лясных культур на тэрыторыі Коханаўскага лясніцтва. Вучні і настаўнікі Славенскай СШ працавалі ў Слаўнаўскім лясніцтве, СШ №1 — у Валосаўскім. Уборкаю смецця на тэрыторыі Азерацкага лясніцтва займалася СШ № 2. На працягу тыдня ўключыліся ў работу на розных аб’ектах раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў і Следчага камітэта, СШ №3, Кастрычніцкая базавая школа і іншыя арганізацыі.
Лес — адно з галоўных багаццяў нашай краіны, і таму выглядае сімвалічна, што ўслед за акцыяй “Тыдзень лесу-2019″ мы адзначым Міжнародны дзень Зямлі (22 красавіка), мэта якога — звярнуць увагу на праблемы захавання прыродных рэсурсаў і чысціні навакольнага асяроддзя.
Уладзімір МІХАЙЛАЎ.