Святло высокіх ідэй і цеплыня сямейнага гнязда

27 мая 2019 15:19

У суботу Яўгену Ісакавічу Лавіцкаму з вёскі Замошша споўнілася 80 гадоў. У сваім шаноўным узросце ён застаецца энергічным, жыццярадасным, цікаўным і актыўным чалавекам. Уласнымі сіламі, адзін, даглядае падсобную гаспадарку (трымае ў тым ліку і каня), з’яўляецца старэйшынай свайго населенага пункта, шмат чытае (кнігі і прэсу) і з нецярплівасцю чакае традыцыйнага штогадовага свята вёскі, калі паўпустое Замошша напоўніцца гасцямі і ажыве так, што музыку будзе чутна аж у суседнім Мікуліне (ва ўсялякім разе, так было летась, і цяпер хочацца паўтарэння забавы).

Жыццялюбства, працавітасць, аптымізм, матэрыяльны дабрабыт і сямейны лад — усе гэтыя з’явы і чалавечыя якасці цесна ўзаемазвязаныя, цяжка сказаць, што з чаго выцякае, што чым абумоўлена, але галоўнае тое, што імі, гэтымі з’явамі і якасцямі, было напоўнена ўсё жыццё Яўгена Ісакавіча. Пераехаўшы ў Замошша ў 1962 годзе з Сенненскага раёна і ўзяўшы жонку з мясцовых дзяўчат, усю сваю далейшую працоўную біяграфію прысвяціў тагачаснаму калгасу імя Дзяржынскага. Займаўся тут адкормам быкоў. У часы прымітыўных тэхналогій і ручной працы гэта было справай вельмі нялёгкай, але цяжкасці не палохалі, хапала сілы яшчэ і на тое, каб самім трымаць дзве каровы.

Грамат і дыпломаў, атрыманых Яўгенам Ісакавічам на працягу 41-гадовага працоўнага стажу, не злічыць. Двойчы станавіўся пераможцам сацспаборніцтва (узнагароджваўся адпаведным знакам), двойчы — ударнікам пяцігодкі, ушанаваны таксама званнем “Ударник коммунистического труда” і медалём “За трудовое отличие”. У 1988 годзе ў ліку 34 лепшых сельгасработнікаў вобласці заахвочаны 10-дзённай паездкай у Чэхію.

Стаж быў бы яшчэ большым, калі б у свой час Яўген Ісакавіч паклапаціўся пра некаторыя фармальнасці:

— Працаваць я пачаў з 15-ці гадоў. Пенсію калгаснікам тады не прызначалі, а працоўныя кніжкі нам выдавалі на адзін год, і мы іх не захоўвалі, у печ кідалі. Ведалі б, што калісьці будуць пенсіі, дык не выкідвалі б.

Падобная непрадбачлівасць у абыходжанні з дакументамі выглядае заканамернаю: працаўніка ўсё фармальнае і паказное заўсёды прыгнятае, бянтэжыць і раздражняе, да ўсялякай папяровай цяганіны ён ставіцца як мінімум з іроніяй. Характэрна, што нават сфатаграфавацца са сваімі ўзнагародамі Яўген Ісакавіч адмовіўся (“Не хачу, а то скажуць — фарсіць дзед медалямі”). А вось у тым, што прапалі заробленыя шматгадовай сумленнай працай зберажэнні, самога сябе ўжо ніяк не папракнеш:

— Усё жыццё ў дзіравых штанах хадзіў і на кніжку адкладваў, трыццаць тысяч назбіраў, а атрымаў за іх у рэшце рэшт 10 кілаграмаў цукру! — гаворыць Яўген Ісакавіч з крыўдаю і расчараваннем. — І навошта мне ўсё тое было? Дзеля чаго рваўся?

У тыя гады, канечне, такога пытання не ўзнікала. Была ўпэўненасць у заўтрашнім дні, вера ў прыгожыя савецкія ідэалы, былі энтузіязм і заўзятасць, працоўны запал, і ў імкненні да новых вытворчых вяршынь бачыўся сэнс жыцця. Яўген Ісакавіч нават сумуе, што не паспеў дарасці да Героя Сацыялістычнай Працы, хоць, упэўнены, перспектывы такія былі, “зорачка” яму свяціла, толькі перашкодзілі абставіны, звязаныя са зменай кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.

З цеплынёй і любоўю расказвае юбіляр пра сваіх дзяцей і ўнукаў, з удзячнасцю і гонарам успамінае жонку Ніну Макараўну:

— Вельмі добрая яна ў мяне была, такіх мала, ва ўсім раёне не знойдзеш. Калі дзе-небудзь загуляю, падвып’ю, дык спаць не ляжа, пакуль мяне не знойдзе.

У гэтых словах, відаць, і трэба шукаць адказ на пытанне, дзеля чаго стараўся ўсё жыццё, не шкадуючы сябе. Ідэі ідэямі, камунізм камунізмам, а галоўны рухавік — клопат пра дабрабыт блізкіх людзей, якіх любіш сам і якія любяць цябе.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Всебелорусское народное собрание

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Май 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене