Герой самых цяжкіх і самых светлых старонак гісторыі Аболецкай СШ

28 мая 2019 16:24

Сельская школа ва ўсе часы, ці як мінімум на працягу савецкага перыяду нашай гісторыі, была важным фактарам перспектыўнасці навакольных вёсак, таму што спрыяла падтрыманню дэмаграфічнай стабільнасці (замацаванне сем’яў у вёсцы) і давала дадатковую працоўную сілу мясцоваму калгасу ў перыяд разнастайных масавых сезонных работ. Кіраваць такой установай зможа толькі чалавек, здольны выконваць безліч самых разнародных функцый, ад творчай да гаспадарчай работы, аператыўна пераключацца з адной задачы на іншую ці працаваць адразу над некалькімі.

Адзін з такіх працаздольных і нястомных людзей — былы дырэктар Аболецкай сярэдняй (цяпер ужо базавай) школы Леанід Рыгоравіч Ігнаценка. І не толькі дырэктар, а стваральнік. Дзякуючы яго настойлівасці і мэтанакіраванасці школа была пабудавана і забяспечана ўсім неабходным абсталяваннем, а пасля дзесяцігоддзямі паспяхова выконвала свае функцыі, даючы пуцёўку ў жыццё тысячам маладых людзей і разам з тым назапашваючы карысны вопыт для сённяшніх пакаленняў педагогаў і вучняў.

Нарадзіўся Леанід у Калінкавіцкім раёне, а пасля заканчэння ў 1959 годзе фізмата Віцебскага педінстытута разам з жонкай-аднагрупніцай Святланай яны прыехалі па накіраванні ў Талачынскі раён. Трапілі ў Рыдамльскую сярэднюю школу, а летам 62-га Леаніду Рыгоравічу, на той момант ужо завучу, прапанавалі ўзначаліць Аболецкую.

— Размяшчалася яна ў будынку колішняга дома ксяндза, уся на падпорках, праз шчыліны неба відаць, — успамінае ён пачатак свайго дырэктарскага стажу. — Мы іх канапацілі, тынкавалі, але ўсё роўна зімою чарніла замярзала. Асвятляліся газоўкамі, быў яшчэ і матор з тарпеднага катара, які круціў генератар. Я адразу пачаў будзіраваць пытанне наконт будаўніцтва, на ўсіх нарадах настойваў: трэба будаваць школу! І ў раёне дабіваўся, і ў аблана, і ў міністрэстве…

Перайсці ад слоў да справы ўдалося толькі праз 7 гадоў: летам 69-га ў Абольцы прыехаў атрад віцебскіх студэнтак-медыкаў (менавіта студэнтак, усе — толькі дзяўчаты) і пачаў капаць уручную траншэі пад фундамент. І, нібыта наганяючы страчаны час, улады схапіліся адразу за ўсё: пакуль студэнткі арудавалі рыдлёўкамі, у будучую школу паступіла мэбля і разнастайнае абсталяванне. Давялося шукаць па ўсёй вёсцы, дзе што размясціць на захоўванне.

Усе этапы будаўніцтва школы дырэктар павінен быў трымаць на кантролі, кожны панядзелак дакладваў па тэлефоне ў вобласць, што зроблена. Вырашаў з будаўнікамі шматлікія тэхнічныя і арганізацыйныя пытанні. Напрыклад, ведаючы, што ўласнага ўрача школе ўсё роўна ніхто не дасць, дамовіўся, каб перамясцілі сцяну прадугледжанага праектам медыцынскага пакоя, — і такім чынам атрымаўся дадатковы вучэбны кабінет. Ужо калі ішлі аддзелачныя работы, папрасіў, каб будаўнікі дазволілі насвідраваць дзірак і пазабіваць пробкі для навешвання дошак і толькі пасля гэтага пачалі фарбаваць сцены.

У 1971 годзе школу ўвялі ў строй, 4 кастрычніка вучні з настаўнікамі пад гукі духавога аркестра з камсамольскім сцягам калонай прайшлі ад старажытнай ксяндзовай хаты да новага двухпавярховага цаглянага будынка. Але на гэтым развіццё ўстановы не спынілася. Пазней былі пабудаваныя трактарны клас і інтэрнат. Паралельна з асваеннем асноўнай школьнай праграмы вучні праходзілі падрыхтоўку на механізатараў і ў выніку многія заставаліся ў роднай вёсцы, не шукалі сваёй долі ў далёкім ці блізкім свеце. Маючы ўласны парк аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі з прычапным абсталяваннем, школа дабілася ад райвыканкама выдзялення 11-ці гектараў зямлі і стала зарабляць грошы на ўласныя патрэбы. Вырошчвалі лён, кукурузу, агародніну ў цяпліцах.

Як маладому кіраўніку ўдавалася сумяшчаць творчую педагагічную работу і ўсялякія адміністрацыйныя, арганізатарскія функцыі?

— А што ж рабіць? — адказвае Леанід Рыгоравіч на такое пытанне. — Трэба было варушыцца. Хіба, калі будзеш сядзець, за цябе хтосьці ўсё зробіць? Кожны год мы што-небудзь будавалі, удасканальвалі, словам, не сядзелі без справы.

І з настальгіяй дадае:

— У тыя часы працаваць было значна прасцей, чым цяпер, забяспечваць школу лягчэй было. Селі на сваю машыну, узялі даверанасць, паехалі ў Віцебск і нагрузілі ўсяго, што трэба: бочку фарбы, усялякіх наглядных матэрыялаў — карацей, што на вочы трапіць і здасца патрэбным, тое і бралі.

Вялікую ролю адыграў Леанід Рыгоравіч і ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, у фарміраванні добрых традыцый, спрыяльнай, добразычлівай і творчай атмасферы. У прыватнасці, паводле яго ўспамінаў, калі толькі заступіў на пасаду, у настаўніцкім калектыве назіралася напружаная канфліктная сітуацыя, якая нават выплыла на старонкі рэспубліканскай прэсы ў выглядзе артыкула пад загалоўкам “У цянётах паклёпу”, але паступова жыццё ўвайшло ў пазітыўнае рэчышча, калектыў абнавіўся, і аднойчы другі сакратар райкама партыі ахарактарызавала яго як “адзін з найбольш інтэлігентных калектываў раёна”. Школа заўсёды выдатна рыхтавалася да жнівеньскага прыёму камісіяй, паспяхова вытрымлівала ўсялякія праверкі, а многія яе выпускнікі ахвотна вярталіся сюды ўжо настаўнікамі. Напрыклад, цяперашні дырэктар Горбікава І. В. — вучаніца Леаніда Рыгоравіча.

Заслугі яго адзначаныя, акрамя шматлікіх узнагарод раённага і абласнога ўзроўняў, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета і Міністэрства асветы БССР, знакам “Выдатнік народнай асветы”, медалём “За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина”. Нядаўна, 9 мая, скарбонка ўзнагарод папоўнілася Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама за актыўны ўдзел у ветэранскім руху (Леанід Рыгоравіч узначальвае ветэранскую арганізацыю ААТ “Абольцы”), значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На заслужаны адпачынак Леанід Рыгоравіч пайшоў у 2012 годзе, і на сённяшні дзень ён, напэўна, адзін з нямногіх людзей, якія памятаюць і самыя цяжкія старонкі жыцця аболецкай школы, і часы яе росквіту.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 5.5/10 (2 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: -1 (from 1 vote)
Герой самых цяжкіх і самых светлых старонак гісторыі Аболецкай СШ, 5.5 out of 10 based on 2 ratings

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Конкурс туристических фильмов

Ритуальные услуги

Земельные участки

ТехИнноПром 2019

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Май 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Апр   Июнь »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Архив новостей