Купалле ў Талачыне: верым у цуды і застаёмся сабою

9 июля 2019 14:29

Самы доўгі дзень і самая кароткая ноч года — чароўнае імгненне, калі ўсё жывое знаходзіцца ў росквіце сіл, прырода шчодра выпраменьвае жыватворную энергію, а значыць, трэба спяшацца гэтай энергіяй скарыстацца — акунуцца ў яе, напоўніць ёю сваё цела, каб цэлы год, да наступнага Купалля, быць здаровым, моцным і жыццярадасным. На ачышчэнне ад усяго кепскага, аздараўленне і ўмацаванне гармоніі з Сусветам накіраваныя звычаі і абрады купальскай ночы, якія сфарміраваліся ў нашых далёкіх продкаў.

Калі браць у разлік час ад узыходу да заходу Сонца, то Купалле прыпадае на перыяд дзесьці з 21 па 24 чэрвеня. Напрыклад, у суседнім з намі Крупскім раёне ў кемпінгу (лагер для аўтатурыстаў) на возеры Сялява яно звычайна адзначаецца менавіта ў гэтыя дні (арганізатарам выступае кемпінг, суб’ект гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці).

У сувязі з розніцай паміж старым і новым стылямі летазлічэння на большай частцы тэрыторыі Беларусі купальскія гулянні сёння прынята праводзіць 6 ліпеня. Сцэнарыі гэтых мерапрыемстваў, канечне, ужо ў значнай ступені проста забаўляльныя, павярхоўныя, адаптаваныя пад сучасную масавую культуру. Але, нягледзячы ні на што, духоўную сувязь са сваімі продкамі мы яшчэ не страцілі, і многія з нас бачаць і адчуваюць у старажытным містычным свяце глыбокі сэнс, а таму ідуць на яго не проста дзеля таго, каб паштурхацца ў натоўпе пад аглушальныя гукі ўсялякай папсы ды з’есці апетытнай стравы з азіяцкай назваю “шашлык”, запіваючы яе амерыканскай “кока-колай” ці “спрайтам”.

“Няхай у ім згарыць усё дрэннае, і жыццё пачнецца з чыстага ліста, і ўсе мы будзем шчаслівымі”, — такое выказванне мімаходам давялося мне пачуць сёлета сярод людзей, якія абступілі купальскае вогнішча ў “Юзэфполлі”. Чалавек гаварыў не напаказ, а сам для сябе і сваёй сям’і, шчыра верачы ў сілу пажадання, прамоўленага ў патрэбны час у патрэбным месцы.

На працягу вечара гледачоў добра пацешылі работнікі Цэнтра культуры жартоўнай пастаноўкаю з традыцыйнымі купальскімі вобразамі і атрыбутамі (нячысцік, русалкі, закаханая пара, папараць-кветка і інш.). Райспажыўтаварыства смачна і шчодра карміла і паіла ўсіх, прапанаваўшы добры асартымент харчовых тавараў па даступных коштах. Падлеткі і моладзь “адрываліся” пад эстрадныя і дыскатэчныя рытмы, здымаючы свае забавы на смартфоны. Але калі ў цемры бліснулі першыя языкі полымя, запрашаць нікога не спатрэбілася, усе, як і летась, і пазалетась, самі дружна накіраваліся да галоўнага відовішча. Хтосьці ішоў проста пагрэцца і пасэлфіцца, а хтосьці, як відаць з вышэйзгаданага эпізоду з загадваннем жадання, — каб дакрануцца да нейкіх таемных сіл, засведчыць сваю павагу да іх і заслужыць іх прыхільнасць. Так рабілі з незапамятных часоў людзі на нашай роднай зямлі, так робяць і сёння многія з нас, верачы ў цуды або знаходзячы для іх навуковыя тлумачэнні, але і ў тым, і ў другім выпадку — працягваючы традыцыі продкаў, застаючыся самімі сабою.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Прямые линии

Конкурс туристических фильмов

Ритуальные услуги

Земельные участки

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Июль 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июнь   Авг »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей