З поспехам, паэты-талачынцы!
XII абласное свята паэзіі і музыкі “Песні сунічных бароў-2019″ прайшло ў Ліёзне. У ім прынялі ўдзел больш за 100 самадзейных паэтаў і музыкантаў з рэгіёнаў Віцебскай вобласці, Расійскай Федэрацыі, Латвіі і Украіны.
Фестываль адкрыўся з ускладання кветак у гонар 75-годдзя вызвалення Бедарусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля адбылося тэатралізаванае ўрачыстае шэсце гасцей і ўдзельнікаў да цэнтральнай гарадской плошчы, дзе прайшло адкрыццё сімвалічнай скульптуры ў гонар фестывалю, які ў гэтым годзе набыў статус міжнароднага.
Паэты прадстаўлялі свае творы ў пяці намінацыях — “Вершы”, “Байкі”, “Гумарэскі”, “Паэмы”. Самадзейныя музыканты спаборнічалі ў намінацыі “Песня або музыкальны твор”. Па горадзе масава разгарнуліся творчыя пляцоўкі — літаратурная, гульнёвая, спартыўная, музычная, вырабы Дома рамёстваў. Працавала рэтра-выстава “Сунічны летапіс”.
У аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел творцы народнай паэтычнай гасцёўні “Друць” Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам Наталлі Таберкі, рэдактарам з’яўляецца Наталля Пятрушына. На даны момант гасцёўню наведваюць 15 паэтаў рознага ўзросту.
Актыўная ўдзельніца гасцёўні Клаўдзія Кастрыца прачытала на конкурсе два сваіх вершы — “Пяць сыночкаў” і “За Беларусь”. Яна была адзначана дыпломам у намінацыі “За творчыя поспехі ў вобласці аўтарскай паэзіі”. Верш другой паэтэсы з Талачыншчыны Галіны Хацкевіч “Край родной” і ўрывак з яе паэмы “Мая вёска” прачытала кіраўнік гасцёўні Наталля Таберка. За гэтыя творы аўтар была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Папулярызацыя самадзейнай музычнай творчасці”. Да сваіх выступленняў талачынцы ўмела падабралі музычны фон, што зрабіла іх выступленні больш лірычнымі і непаўторнымі.
Па ўмовах конкурсу ўдзельнікамі гуртка “Натхненне” Цэнтра культуры пад кіраніцтвам Тамары Гарнак была зроблена арыгінальная “бандэроль”, якая была ўручана гаспадарам свята.
Хочацца павіншаваць нашых землякоў-творцаў з перамогай і пажадаць гасцёўні далейшых творчых поспехаў і яркіх перамог.
Алена СЕРАДА.