Для зваршчыка Сяргея Гурына любоў да сваёй справы — гарачэйшая за расплаўленае жалеза

16 июля 2019 15:02

Што значыць здабываць хлеб надзённы ў поце твару свайго, пастар талачынскай евангельскай абшчыны Сяргей Гурын ведае не толькі з біблейскага вучэння. Кожны дзень перад яго вачамі бліскаюць маланкі і ўспыхвае полымя, абдаючы пякельнай гарачынёй, таму што працуе Сяргей Антонавіч электрагазазваршчыкам у ДП “Коханава-ЖКГ”.

— Ад полымя газавай гарэлкі і ад іскраў электразваркі (а гэта фактычна пырскі расплаўленага жалеза) не ратуе ніякае спецадзенне, — расказвае Сяргей Антонавіч. — Дзе-небудзь у абмежаванай прасторы прыпякае так, што не ведаеш, куды дзецца (ды калі б і ведаў, то выбару няма, пакуль не давядзеш справу да канца). Так што пра любоў да прафесіі можаце не пытацца: калі б не любіў, то даўно ўцёк бы.

Прыйшоў ён у зваршчыкі з-за цікаўнасці і рамантычнага жадання быць далучаным да чагосьці загадкавага, даступнага не кожнаму:

— Пасля заканчэння школы паступіў у будаўнічае вучылішча ў Баранавічах (родам я з Баранавіцкага раёна), дзе і атрымаў гэтую спецыяльнасць. У той час мне хацелася абавязкова стаць прадстаўніком нейкай непублічнай прафесійнай сферы, авалодаць нейкімі спецыфічнымі ведамі і ўменнямі і мець доступ на такія аб’екты, пра ўнутранае жыццё якіх іншыя людзі могуць толькі здагадвацца. Работу, напрыклад, прадаўца бачаць усе, і тэарэтычна пры жаданні кожны з нас мог бы паспрабаваць выконваць яго ролю (размясціўшыся за прылаўкам, пачаць хоць як-небудзь, больш ці менш паспяхова, абменьваць тавар на грошы), а вось у кацельні або ў цеплапункце выпадковы чалавек з вуліцы проста бездапаможна паглядаў бы на ўсё няўцямным позіркам. Акрамя таго, у тыя далёкія дзіцячыя гады маю цікаўнасць абуджалі ўсялякія абрэвіятуры і лічбы на трансфарматарных падстанцыях, цягніках, прамысловых аб’ектах. Што яны значаць? Якую ролю адыгрываюць? Каму адрасаваныя? Адказы на гэтыя пытанні таксама хацелася атрымаць.

У Талачынскім раёне Сяргей Антонавіч з 2008 года, прыехаў сюды як пастар курыраваць абшчыну (дом малітвы, які знаходзіцца на вуліцы Валадарскага ў Талачыне), пасяліўся ў Коханаве і ўладкаваўся па спецыяльнасці ў жыллёва-камунальнае прадпрыемства. Нягледзячы на значны стаж і шматлікія ўзнагароды (граматы, дыпломы), сваё прафесійнае майстэрства ўдасканальвае пастаянна, кожны дзень робячы новыя адкрыцці, узбагачаючы вопыт:

— Праца зваршчыка поўная сюрпрызаў. Нават самы, на першы погляд, просты і прадказальны аб’ект можа нечакана чаму-небудзь навучыць. Ніколі не маеш упэўненасці ў тым, як адрэагуюць на тваё ўмяшальніцтва трубы ці нейкія канструкцыі, і часам даводзіцца прымаць рашэнне імгненна, не чакаючы нічыіх указанняў, беручы ўсю адказнасць на сябе, — хочаш не хочаш, сам сабе інжынер і праектант. Уявіце, напрыклад, такую сітуацыю: жалезная труба кацельні, вышыня 25 метраў, трэба абрэзаць вярхушку для ўстаноўкі іскрагасільніка, і паўтараметровы абрэзак павінен упасці на свабодны лапік зямлі з дакладнасцю плюс-мінус паўметра, каб нічога не пашкодзіць. На маім рахунку ўжо тры такія працэдуры.

Вольнага ад працы часу Сяргей Антонавіч практычна не мае — прысвячае ўсяго сябе царкве і сям’і (дзяцей у іх з жонкаю трое), але бачыць у гэтым сваё зямное прызначэнне і таму застаецца добразычлівым і ўраўнаважаным чалавекам, аптымістам з пачуццём гумару.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: +1 (from 1 vote)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы 2019

Год малой родины

75-летие освобождения Беларуси

Прямые линии

Компьютеры, телефоны

Ритуальные услуги

Мисс Беларусь 2020

Дар бесценный

В мире денег

Поможем церкви!

На благое дело

Наш календарь

Июль 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июнь   Авг »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Архив новостей