У арсенале талачынскіх садаводаў багаты вопыт і найлепшыя сарты айчыннай селекцыі

19 августа 2019 10:28

За 14 гадоў існавання саду Талачынскага кансервавага завода падраздзяленнем “Прамысловае садаводства” здабыты багаты і каштоўны вопыт па вырошчванні разнастайных садовых культур і па забеспячэнні захоўвання ўраджаю. З нагоды Яблычнага Спаса, які адзначаецца сёння, мы папрасілі начальніка падраздзялення Віктара Аркадзевіча Булыгіна расказаць пра спецыфіку догляду яблынь і пра асаблівасці сартоў, з якімі працуе кансервавы завод.

Наш субяседнік прыгадаў, што ў першыя гады пасля закладкі саду на яго плошчах апрабоўвалася аж 43 сарты яблыкаў, з якіх на сённяшні дзень ва ўжытку засталіся толькі самыя лепшыя — найбольш прадукцыйныя, прыстасаваныя да нашага клімату, прывабныя знешнім выглядам і прыемныя на смак. Адметна, што гэта пераважна сарты айчыннай селекцыі, некаторыя з іх нават названыя ў гонар беларускіх селекцыянераў.

ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ І ДАРОСЛЫХ, ДЛЯ СЯБЕ І НА ЭКСПАРТ, НА ЛЮБЫ СМАК І ГУСТ

— Звычайна пасля Спаса пачынаем здымаць летні сорт Каваленкаўскае, названы па прозвішчы айчыннага вучонага, — расказаў Віктар Аркадзевіч. — Паспявае крыху раней, сёння ўжо гатовы да ўжывання, сорт Мечта (тут і далей некаторыя сарты маюць назву на рускай мове — заўв. рэд.). У першай палове верасня паспяваюць яблыкі сорту Лучезарное. Вырошчваем і сорт ра-сійскай селекцыі Імрус (назва складаецца з часцінак двух слоў — “імунны”, г. зн. устойлівы супраць  хвароб, і “рускі”). Ён вельмі прадукцыйны, дае ўраджай амаль кожны год. Імрусу ўласцівы збалансаваны па кіслаце і слодычы смак, з яго атрымліваецца добры сок, да таго ж гэтыя яблыкі маюць зялёны колер, а менавіта зялёныя яблыкі вучоныя называюць найменш алергеннымі і менавіта іх рэкамендуюць уводзіць у рацыён маленькіх дзяцей. Ранні зімні сорт Беларускае салодкае можна захоўваць да студзеня, але дзякуючы папулярнасці сярод спажыўцоў гэтыя яблыкі паспяхова рэалізоўваюцца ўжо да канца лістапада. У прыватнасці, кожны год адгружаем Беларускае салодкае ў Расію. Таксама карыстаецца попытам на расійскім рынку кісла-салодкая Сябрына (мы выпрабоўвалі гэты сорт яшчэ ў той час, калі ён не меў назвы). Сярод папулярных на айчынным і замежным рынках можна назваць таксама яблыкі Заслаўскае, Алеся, Весяліна, Імант (сорт Антэй з дадаткам “імунны”), Вербнае, Памяць Сюбаравай (у мінулым стагоддзі працавалі такія беларускія селекцыянеры, муж і жонка Сюбаравы).

Яблыні Сябрына сёлета абяцаюць парадаваць ураджаем.

Адметнасць вышэйпералічаных сартоў яшчэ і ў тым, што яны ўстойлівыя да асноўнага захворвання яблынь — паршы. Дзе-небудзь на прысядзібным участку, дзе канцэнтрацыя дрэў невялікая і інфекцыйны фон нізкі, некаторыя з іх можна нават не апрацоўваць хімікатамі. У прамысловым садзе, канечне, сітуацыя іншая, дрэў шмат, паветра больш насычанае спорамі паршы, таму праводзіць апрацоўку абавязкова. Але для параўнання варта адзначыць, што, напрыклад, польскія калегі Віктара Аркадзевіча, з якімі ён часта абменьваецца вопытам, праводзяць апрацоўку сваіх дрэў да 30-ці разоў за сезон, у той час як на Талачынскім кансервавым заводзе — да 12-ці.

ПАМЕР — НЕ КРЫТЭРЫЙ ЯКАСЦІ

Калі параўноўваць беларускія і замежныя яблыкі на паліцах гандлёвых аб’ектаў, то прывазны прадукт можа здацца больш прывабным, бо гэтыя плады буйнейшыя, ды яшчэ і блішчаць, апрацаваныя сродкам для павелічэння працягласці захоўвання. Але нельга меркаваць пра якасць толькі па знешнасці.

Акрамя таго, што нашы яблыкі чысцейшыя за некаторыя замежныя дзякуючы ўдвая меншай колькасці вылітых на іх хімікатаў, яны больш карысныя для нас яшчэ і паводле іншых параметраў:

— У цяплейшых рэгіёнах яблыкі вырастаюць большымі і набіраюць больш цукру, затое ў нас, бліжэй да поўначы, яны багацейшыя на вітамін С, — тлумачыць Віктар Аркадзевіч. — Да таго ж усім, напэўна, вядома рэкамендацыя вучоных спажываць садавіну і агародніну, вырашчаную ў зоне пражывання. Доля імпартнай прадукцыі ў рацыёне не павінна перавышаць дваццаці працэнтаў. Бананамі, апельсінамі, замежнымі яблыкамі можна паласавацца, атрымаць асалоду ад ня-звыклага смаку, але добра засвояцца арганізмам толькі вітаміны і мікраэлементы з пладоў, вырашчаных на той зямлі, на якой чалавек нарадзіўся і жыве.

Паводле назіранняў Віктара Аркадзевіча, да нядаўняга часу нашым людзям была ўласціва своеасаблівая гігантаманія — пакупнікі аддавалі перавагу яблыкам (ды і іншым пладам — грушам, ягадам) вялікіх памераў: чым большы плод, тым больш ахвотна яго куплялі. У сувязі з гэтым палякі збывалі свае буйныя яблыкі галоўным чынам у Беларусь і Расію, бо, напрыклад, немцы такіх не ўзялі б, таму што яны лічаць аптымальным памер плода, пры якім яго можна з’есці за адзін раз (акрамя таго, вялікія яблыкі і ягады выклікаюць у іх падазрэнне, што прадукт гэты не экалагічна чысты, насычаны хімікатамі). Але апошнім часам і наш густ змяняецца ў бок рацыяналізму. Напрыклад, у мінулым годзе кансерваваму заводу паступіў заказ на 20 тон яблыкаў дыяметрам 55 — 65 міліметраў для дашкольных устаноў. Каб задаволіць патрэбы кліента, на заводзе перасартавалі вялікі аб’ём прадукцыі, але 20 тон “дзіцячых” яблыкаў не набралася, давялося дамаўляцца на ўступку — прасіць пад’ёму верхняй мяжы дыяметра да 70 міліметраў.

СУПРАЦЬ ВЫКЛІКАЎ ПРЫРОДЫ — ТЭХНАЛОГІІ

Апошнім часам на функцыянаванне садаводчай галіны значны ўплыў аказвае адзін новы і, на жаль, неспрыяльны фактар — змена клімату. З кожным годам умовы надвор’я становяцца ўсё больш непрадказальнымі і капрызнымі, з-за чаго нават змясціліся, сталі больш раннімі тэрміны выспявання некаторых сартоў, што ў сваю чаргу выклікала змену тэрмінаў захоўвання і рэалізацыі прадукцыі.

Вельмі няпростым аказаўся сёлетні сезон. Адсутнасць ападкаў у маі (перыяд цвіцення) і ў пачатку чэрвеня (перыяд закладкі пладовых пупышак пад ураджай наступнага года) пагражае справакаваць зніжэнне ўраджайнасці сёлета і праз год. У дадатак да гэтага з-за недахопу вільгаці скура пладоў сфарміравалася грубаю, неэластычнаю — і можа палопацца. Напрыклад, цяпер, калі пайшлі дажджы, сталі імкліва налівацца і трэскацца грушы, а такую прадукцыю не пусціш у продаж і не пакладзеш на захоўванне, застаецца толькі перапрацоўка.

— Негатыўны ўплыў кліматычных змен неабходна мінімізаваць сучаснымі тэхналогіямі, у прыватнасці, абсталяваўшы сістэму паліву, праз якую можна заадно праводзіць і падкормліванне ўдабрэннямі, — тлумачыць Віктар Аркадзевіч. — У гэтым сэнсе мы адстаём ад сваіх замежных калег, але на месцы не стаім і робім усё магчымае ў напрамку павышэння эфектыўнасці вытворчасці. Дрэвы высаджваюцца на такой адлегласці адно ад аднаго, каб усім ім хапала святла. Бакавыя галіны абразаюцца раз у чатыры гады, каб, стаўшы занадта тоўстымі і раскідзістымі, не перацягвалі на сябе ўсе спажыўныя рэчывы, а таксама каб забяспечыць свабодны доступ да ствала з мэтаю збору ўраджаю і хімічнай апрацоўкі. Для падтрымкі дрэў  усталёўваюцца шпалеры (тросы, нацягнутыя на слупы ўздоўж радоў) і індывідуальныя апоры для кожнай яблыні ў выглядзе бамбукавых палак (гэты кітайскі матэрыял абыходзіцца танней за айчынную драўніну).

НЯСПЫННАЕ РАЗВІЦЦЁ І РУХ НАПЕРАД

Акрамя тых сартоў яблынь, пра якія мы пагутарылі з Віктарам Аркадзевічам больш падрабязна, падраздзяленне “Прамысловае садаводства” Талачынскага кансервавага завода пад куратарствам Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагароднінаводстве вядзе работу і з некаторымі іншымі — выпрабоўвае іх, даследуе іх якасці, эксперыментуе. Тыя, што зарэкамендуюць сябе найлепшым чынам, у перспектыве могуць папоўніць лік культур, якія сёння вырошчваюцца масава і прыносяць прадпрыемству даход, а спажыўца радуюць добрым смакам і карыснымі ўласцівасцямі.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Август 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июль   Сен »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене