Усвіжбукскія торфараспрацоўкі сталі справаю жыцця ўжо для некалькіх пакаленняў мясцовых жыхароў

30 августа 2019 14:05

Гарачая пара цяпер не толькі ў хлебаробаў. Пакуль стаіць добрае надвор’е, неабходна паспець выканаць планы па нарыхтоўцы торфу, на якім працуюць многія кацельні, у прыватнасці, цэнтральныя талачынская і коханаўская.

Працэс гэты не такі просты, як можа здацца на першы погляд, — капай, насыпай ды вязі. Плошчы балоцістай мясцовасці спачатку вызваляюцца ад расліннасці, далей здымаецца ўрадлівы слой глебы, пасля торф фрэзеруецца (узрыхліваецца шыпаванымі барабанамі), пасля сушыцца (на гэтым этапе яго неабходна варушыць). Толькі калі лабараторны аналіз пакажа, што вільготнасць і іншыя параметры адпавядаюць норме, торф можна сабраць і скласці спачатку ў валы, а пасля ў штабелі (высокія горы, падобныя на егіпецкія піраміды).

НАДВОР’Е ПАДВЯЛО, АЛЕ КАЛЕКТЫЎ СВАЮ СПРАВУ ЗРОБІЦЬ

— У маі і чэрвені нарыхтоўка ішла эфектыўна, а пазней з-за дажджоў замарудзілася, — расказвае начальнік цэха па здабычы і вывазцы торфу “Усвіж-Бук” філіяла “Беларуская ДРЭС” РУП “Віцебскэнерга” Аляксандр Васільевіч Булыгін. — Цяпер наганяем страчанае. На шчасце, рабіць гэта ёсць каму, калектыў у нас дружны і працавіты, усе людзі цудоўна ведаюць сваю справу і робяць яе з задавальненнем. Таму напярэдадні нашага прафесійнага свята, Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, які мы адзначым у нядзелю, 1 верасня, я з радасцю і ўдзячнасцю віншую ўсіх калег, жадаю ім дабрабыту, цудоўнага настрою, моцнага здароўя, спрыяльнага надвор’я і новых працоўных дасягненняў.

ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ СЮДЫ ЖАДАНАЕ ДЛЯ МНОГІХ

У штаце на дзень нашай гутаркі налічвалася 63 чалавекі, прычым вакансій не было.

— Прадпрыемства наша рэнтабельнае, заробкі высокія, асабліва ў перыяд здабычы торфу. Тэхнічная аснашчанасць добрая (машынна-трактарны парк у належным стане), людзі забяспечаныя спецадзеннем. Галаўное прадпрыемства арганізоўвае ўсялякія паездкі, спартыўныя мерапрыемствы, дае пуцёўкі ў летнія лагеры для дзяцей. Таму і нядзіўна, што ўладкоўваюцца да нас людзі вельмі ахвотна, — дзеліцца Аляксандр Васільевіч сваімі меркаваннямі наконт сітуацыі з кадрамі.

Асноўная колькасць работнікаў — жыхары Усвіж-Бука, Саколіна, Серкавіц, Анеліна і іншых навакольных вёсак. Можна нават гаварыць пра фарміраванне дынастый: працуюць мужы і жонкі, бацькі і дзеці, браты. Прыгадваючы дынастыі, Аляксандр Васільевіч назваў такія прозвішчы, як Іванюта, Сазановіч, Хадневіч, Бярэзін, Лісоўскі, Шыдлоўскі, Працэўнікаў.

ЁСЦЬ СТЫМУЛ — ЁСЦЬ І АХВОТА ПРАЦАВАЦЬ

Адзін з перадавікоў прадпрыемства — механізатар Мікалай Леанідавіч Іванюта. Пры дзённай норме фрэзеравання торфу 28 гектараў ён праходзіць часам аж па 60.

— Я ў гэтым зацікаўлены, гэта мой заробак, — тлумачыць перадавік, як яму ўдаецца дасягаць такіх паказчыкаў. — Не шкадую сіл і часу, летам у полі ад цёмнага да цёмнага, яшчэ і пры фарах працую. Сплю мала, на абедзе не заседжваюся, перахапіў чаго-небудзь і зноў за справу.

Брат Мікалая Барыс таксама ў ліку перадавікоў. Паспяхова выконваюць свае ролі ў вытворчым працэсе механізатары Сяргей Уладзіміравіч Міхалінскі, Анатоль Пятровіч Валодчанка, Васіль Віктаравіч Хадневіч (на здымку злева направа). Іх задача — збор высушанага торфу ў бункеры і выгрузка ў валы.

НЕ ТОЛЬКІ ТОРФ І НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ КАЦЕЛЬНЯЎ

Акрамя Талачынскага раёна, цэх забяспечвае торфам яшчэ і міні-ЦЭЦ “Барань”. Могуць набываць яго таксама юрыдычныя і фізічныя асобы для сельскагаспадарчых патрэб, 1 тона разам з падаткам на дабаўленую вартасць каштуе ўсяго 15 рублёў. А яшчэ прадпрыемства аказвае паслугі бензавоза і, маючы пад паўтара дзясятка трактароў, дапамагае сельгасарганізацыям у палявых работах.

ЯКАСЦЬ ПРАДУКЦЫІ ГАРАНТАВАНАЯ

— Наша дзелавая рэпутацыя, інтарэсы нашых кліентаў, строгае выкананне тэхналагічных патрабаванняў — гэта арыенціры, ад якіх мы стараемся не адступаць ні на крок, — гаворыць Аляксандр Васільевіч пра палітыку прадпрыемства ў галіне  якасці прадукцыі. — Торф пастаўляем толькі поўнасцю прыдатны да выкарыстання па прызначэнні, у адпаведнасці з усімі прынятымі ў нашай краіне стандартамі.

— Калі пры спальванні торфу ўзнікае нейкая тэхнічная праблема ў кацельні, то прычыну трэба шукаць у рабоце яе персаналу або ў збоях ці няспраўнасцях апаратуры, — дадае майстар Мікалай Іванавіч Працэўнікаў. — Чаму, напрыклад, торф з адной і той жа партыі спачатку добра гарыць, а пасля прыходу іншай змены качагараў перастае? Яўна таму, што гэтая змена штосьці зрабіла не так. Калі, напрыклад, насыпаць торфу празмерна, то ён на некаторы час патушыць агонь, тэмпература ў катле знізіцца, але ў рэшце рэшт полымя ўсё ж разгарыцца — і тады ўжо наадварот адбудзецца перагрэў.

КРЫХУ СТАТЫСТЫКІ

Доля торфу ў структуры відаў паліва ў Беларусі, паводле розных інтэрнет-крыніц, складае 2-3 %. Выдадзены ў мінулым годзе зборнік Белстата “Энергетычны баланс Рэспублікі Беларусь” паведамляе, што аб’ёмы спажывання паліўнага торфу з 2010 да 2017 года вагаліся ад 2,6 млн. тон (2011 год) да 1,4 млн. тон (2015 год). Віцебская вобласць за гэты перыяд спажывала ад 142 тыс. да 100 тыс. тон штогод (больш за ўсё — Мінская, ад 509 тыс. да 868 тыс. тон).

Першую прадукцыю цэх “Усвіж-Бук” (на той час — торфабрыкетны завод) даў у 1960 годзе, і да сённяшняга дня ім здабыта ўжо больш за 11 млн. тон торфу. Цяперашніх запасаў гэтага паліва на Талачыншчыне павінна хапіць яшчэ гадоў на дваццаць, а з улікам нераспрацаваных радовішчаў (некранутыя плошчы, пакрытыя дрэвамі і кустоўем) — на 30 і больш.

Сяргей АБРАМОВІЧ.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки:



.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Август 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июль   Сен »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене