У Талачыне адпрацавалі дзеянні па ліквідацыі надзвычайных сітуацый на аб’ектах электрасетак
У Талачыне ў рамках акцыі “Адзіны дзень бяспекі” прайшлі вучэнні па ліквідацыі надзвычайных сітуацый на аб’ектах электрычных сетак. Адпрацоўваліся дзеянні на выпадак абрыву ліній электраперадачы паваленымі дрэвамі і на выпадак пажару на трансфарматарнай падстанцыі.
Вучэнні па першай з вышэйзгаданых сітуацый удалося сумясціць з планавымі работамі раёна электрасетак, які збіраўся ажыццявіць замену паветранага кабелю вулічных ліхтароў уздоўж дарогі Р19 у раёне аўтастанцыі. Акрамя таго, якраз на гэтым адрэзку дарогі знаходзіліся тры аварыйныя дрэвы, і работнікі ДП “Коханава-ЖКГ” пры дапамозе бензапіл зымітавалі іх падзенне нібыта з-за разгулу стыхіі. Зразумела, папярэдне была перакрыта дарога, абясточаны і зняты стары кабель. Сумеснымі намаганнямі камунгаса, лясгаса, РАНС і РЭС умоўная надзвычайная сітуацыя была паспяхова і без затрымак ліквідавана. А на працягу бліжэйшых дзесяці-пятнаццаці хвілін лясгасам было звалена, парэзана і вывезена яшчэ адно аварыйнае дрэва з вуліцы Меліяратараў.
Дарэчы, раённы ўчастак электрасувязі арганізаваў функцыянаванне на месцы здарэння гарадскога тэлефона (з падключэннем да сеткі праз радыёсувязь, без правадоў) і забяспечыў выхад у інтэрнет (напрыклад, на выпадак неабходнасці перадачы фотаздымкаў).
Тушэнне пажару на трансфарматарнай падстанцыі патрабуе ўзгаднення дзеянняў паміж раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і раёнам электрасетак. У прыватнасці, пажарная каманда павінна атрымаць допуск на аб’ект, аўтацыстэрну неабходна зазямліць. Гэтыя і іншыя працэдуры адпрацоўваліся двума ведамствамі з выездам на падстанцыю на ўскраіне райцэнтра.
Сяргей АБРАМОВІЧ.