Стуканы: мінулае і сённяшняя прыгажосць гэтае зямлі

19 сентября 2019 14:39

Раскінутая сярод лесу, гэтая вёска заставалася найбольш наведваемай для грыбнікоў і ягаднікаў у раёне. Гаспадары трымалі кароў, якіх выпасалі на пералесках, і прама на сцяжынах, каля дарог пасля цёплага дожджыку з зямлі, як па нейкім цудзе, дзясяткамі выторкваліся белыя грыбы, падасінавікі. Хадзіць за імі далёка не прыходзілася, дастаткова было прайсці паўкруг вёскі. Частку, і значнаю, грыбоў і ягад жыхары Стуканоў адносілі ў Талачын на продаж.

Дарогі ў далёкія часы праставалі праз лес, імі карысталіся, каб справіцца абыдзённа ды зноў яшчэ збегаць у лес. Ён у даваенны час даваў асноўны занятак вяскоўцам. Ва ўрочашчы Пасмуркі дзейнічаў шкляны завод. Для выплаўлення шкла патрэбны быў драўляны вугаль. Яго мясцовыя майстры абпальвалі па вядомай тэхналогіі, сыравінай служылі бярозавыя дровы. Гналі і смалу. Смалакурня знаходзілася паблізу вёскі, дыміла дзень і ноч. Назва ўрочышча, дзе яна размяшчалася, засталася да цяперашняга часу. Толькі мясцовыя людзі вымаўляюць яе на свой манер — Смалярня.

— З дзяцінства засталося ў памяці, — згадвае мясцовы жыхар Леанід Сакалоўскі, — што ў Смалярні стаяла шмат старых разгалістых дубоў. У іх часта біла маланка, магутныя ствалы былі выпаленыя знізу. У такіх сховішчах можна было размясціцца адначасова двум, а то і траім хлопцам. Балюча было бачыць, як яны курэлі дымам, а сучча іх было чорнае, як галавешкі…

Гісторыю свайго краю тут найперш суадносяць з рукатворным Літоўскім валам, які вызначаў у мінулым граніцы першага раздзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе.

На грэбене Літоўскага вала.

Краязнаўца Мікалай Петрушэнка, які дэталёва вывучае прычыны яго з’яўлення і ўмовы размежавання тэрыторый паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй лічыць, што можа быць датай узнікнення вала 1773 год. Узвядзеннем унікальнага аб’екта займалася спецыяльнае вайсковае падраздзяленне, якое, як сведчаць тагачасныя тапаграфічныя карты, мела тут свой стан, умацаванні, уключаючы рэдуты. На выкананне работ з рыццём рова і насыпу вала прыцягвалася ў вялікай колькасці мясцовае насельніцтва. Але, па адной з яго версій, якая вынікае са знойдзеных дакументаў, якія захоўваюцца ў Польшчы, граніца магла праходзіць “по сделанному и проведенному рву”. А абазначэнне на карце трохвугольнікам стану можа сведчыць аб тым, што тут прыходзілі або манеўры, або лагерныя зборы, што перыядычна адбывалася падчас праўлення Кацярыны Вялікай.

Вал застаецца сваеасаблівым помнікам тых падзей, якія як факт адбываліся ў гісторыіі, але знаходзілі свой водгук у тым ліку на нашай тэрыторыі. Прайшло амаль 250 год, як вал сваім раўнюткім вастрыём правёў гранічную мяжу па нашай зямлі ад вярхоўя Друці калі вёскі Козкі і да возера Свержань у Чашніцкім раёне. Але ўжо іншыя рэаліі ў свеце, а ён нам напімінам і перасцярогай, што адбывалася ў нашым краі, які імкнуліся падпарадкаваць і падзяліць паміж сабой і суседзі, і далёкія ад нас краіны.

Колькі на нашай зямлі пракацілася войнаў, колькі па ёй прайшло чужых людзей… Цяжка залечвала яна раны і апошняй з войнаў. Стуканы захоўваюць у памяці імёны кожнага, чыё жыццё забрала страшнае ліхалецце. З фронту не вярнуліся Сямён Паўлавіч Косцеж, Іосіф Сцяпанавіч і Павел Сцяпанавіч Нарчукі, Яўген Гаўрылавіч Памачкоў, браты Васіль і Іван Антонавіч Чаплянкі. У маі 1944 года, перад самым вызваленнем раёна, у сутычцы з немцамі загінуў партызан брыгады “Граза” Мікалай Пракопавіч Цыганкоў.

Самааддана адбудоўвалі людзі сваю вёску. Ставілі на вякі, як думалася, шырокія, прасторныя дамы-пяцісценкі, гаспадарчыя пабудовы. У 1948-1949 гадах з’явіліся на ўзвышаным, бачным  здалёк месцы асобныя вуліцы, ліповыя алеі, багатыя сады.

Ліпавая алея.

Прайшло больш за дзесяць год, як вёску пакінуў апошні яе жыхар, а дзедаўскія сады частуюць прахожага чалавека яблыкам, слівай, вішняй. Захаваліся сажалкі, якія сілкуюцца крыніцамі.

У 90-я гады, калі была аб’яўлена кампанія па перасяленні неперспектыўных вёсак, сталі пакідаць абжытыя родныя мясціны і жыхары Стуканоў. Пераязджалі да цэнтраў калгасаў, бліжэй да дарог, да грамадскага транспарту, але падрэзаным карэннем цяжка прырасталі да, як здавалася, большых зручнасцей, палепшаных умоў.

— Усё добра ў Рафалове, — не раз кранаў тэму пераезду са Стуканоў ляснік Станіслаў Самуйлавіч Гайкоў, — і хату амаль новую паставіў, лазню, хлявы, пчальнік сюды перавёз, а пра Стуканы не магу забыцца. Разумныя, дальнабачныя былі нашы дзяды, калі выбіралі для жыцця зямлю, дзе ўсё было пад рукамі, — лес, поле, крыніцы, птушка, звер і рыба… Не трэба было гэтае рабіць — перасяляць малыя вёскі, пераязджаць за паўтара-два кіламетры ў Рафалова ці Валосава. Але хто нас слухаў. Пагналіся за лёгкім жыццём, апамяталіся — было ўжо позна

Амаль пра кожнага, хто жыў у Стуканах у пасляваенны час, яшчэ і на пачатку 90-х год, нам расказалі іх дзеці і ўнукі. У горадзе Салігорску ў дачкі пражывае Ганна Аляксандраўна Нарчук. Шмат год працавала ў магазіне леспрамгаса. Дабіралася ва ўрочышча Мацвейкі са Стуканоў праз лес і ў восеньскую, і ў вясновую бездараж, і ў зімовыя завеі. Была чулай да людзей, сапраўдным настаўнікам для сваіх дзяцей і дзяцей у вёсцы. З мужам Аляксандрам Дзмітрыевічам вырасцілі добрых двух сыноў і дачку. Віктар закончыў ваеннае авіяцыйнае вучылішча ў г. Балашова. Служыў у г. Кача ў марской дальняй авіяцыі. Вызначаўся як летчык транспартнай авіяцыі ў паказальных палётах. Падпалкоўнік, камандзір эскадрыллі. У росквіце сіл, набытага вопыту пайшоў з жыцця. У 39 год прыпы-нілася раптоўна сэрца. Яго прафесію прадаўжае сын. Тут жа, на могілках у Стуканах, разам з ім пахаваныя лётчык падпалкоўнік Васілій Мікалаевіч Нарчук, які прайшоў праз Афганістан, і авіяцыйны тэхнік-механік падпалкоўнік Эдуард Мікалаевіч Нарчук.

Прайшоў вайну, атрымаў сваё трэцяе раненне пад Кенігсбергам Уладзімір Селівеевіч Кубарскі. Меў ордэн Чырвонай Зоркі, шматлікія медалі. Страціўшы здароўе, будучы інва-лідам, працаваў увесь час брыгадзірам паляводчай брыгады. У іх з Марыяй Дзмітрыяўнай сям’і было выхавана сямёра дзяцей.

Наогул, у Стуканах была большасць шматдзетчых сем’яў — у Баярскіх, Дзя-дзечкіных, Сіняўскіх, Шыбекаў, Салаўёвых, Нарчукоў…

У вёсцы была свая пачатковая школа. У 1960 годзе яе перавялі ў Рафалова, але яна так і называлася “Стуканоўская пачатковая школа”. З мясцовых жыхароў у ёй выкладала Ганна Якаўлеўна Галабурда.

Не ў кожнага з маладых яе сяльчан лёс складваўся лёгка ці бязвоблачна. Мікалай Іванавіч Сіняўскі які зараз пражывае ў райцэнтры, закончыў мараходнае вучылішча, служыў у грамадзянскім флоце. Жыццё павярнула ў іншы бок. Вярнуўся дадому, працаваў механізатарам, загадчыкам складу. Міхаіл Данілавіч Сіняўскі ўсё сваё жыццё пасля службы ў арміі рабіў краўцом, шыў мужчынскае адзенне ў Талачынскім райбыткамбінаце, прадоўжыў жыццёвую справу свайго бацькі.

Працягам на Талачыншчыне іх дзеці і ўнукі. Сваёй малой радзімай яны лічаць належачую іх сэрцу вёску Стуканы. Захоплівае дух, калі праходзіш па яе яшчэ прадаўжаючых жыццё сцяжынах, алеях, бачыш волаты дубы, казачныя вязы. Жыццё не прыпынае свой круг, утрымліваючы ў памяці мінулае і сённяшнюю прыгажосць гэтае зямлі пад бязмежным блакітам нябёсаў.

Віктар БІРУКОЎ.
Міхаіл РАДЗЬКО.

Все новости

Другие статьи рубрики

VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.22_1171]
Rating: 0 (from 0 votes)

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники


.

ПОИСК ПО САЙТУ

Выборы-2024

Год качества

К 80-летию освобождения Беларуси

«Лица Победы»

Наш календарь

Сентябрь 2019
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Авг   Окт »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Архив новостей

Ритуальные услуги

Есть проблемы? Вам сюда!

Мы в Facebook

Наши видео

Мы в Telegram

Мы на Яндекс-Дзене